АБЗАЦ
У Мінску за адны суткі зарэгістравана 12 холадавых траўмаў. Па дапамогу да медыкаў звярнулася 6 чалавек з пераахаладжэннямі і столькі ж — з абмаражэннямі. 90% пацярпелых былі ў нецвярозым стане.
Унутраныя войскі МУС Беларусі сумесна з іншымі праваахоўнікамі вядуць пошукі ваеннаслужачага тэрміновай службы, які самавольна пакінуў часць, што адносіцца да брыгады спецназу. Вайсковец не меў пры сабе зброі. Матывы ўчынку пакуль не ўстаноўленыя. Вядома, што хлопец — не мінчук, ён праслужыў амаль год і з боку камандзіраў характарызуецца станоўча.
Пракуратура праводзіць праверку па факце смерці мужчыны, чыё цела знойдзена на тэрыторыі непрацуючага прафілакторыя ў раёне Партызанскага праспекта ў Мінску. Па папярэдняй інфармацыі, прычынай смерці стала пераахаладжэнне. Мужчына быў апрануты не па сезоне, на выгляд яму 30-35 гадоў.
ПОЎНЫ АБЗАЦ
Фан Тайшань, майстар кунг-фу з кітайскага манастыра Паўднёвы Шаалінь, упершыню ажаніўся ва ўзросце 98 гадоў. Яго выбранніца — 43-гадовая ўраджэнка правінцыі Гуйчжоу па прозвішчы Ян, якая вучыцца ў Фана баявым мастацтвам. Яна заявіла, што сама прапанавала руку і сэрца свайму настаўніку. Згодна з традыцыяй, манах можа жаніцца, але пасля гэтага яму даводзіцца пакідаць манастыр. Фан Тайшань пачаў спасцігаць майстэрства адзінаборстваў ў 9 гадоў, а ў 11 трапіў у манастыр. Ён удзельнічаў ва ўзброеных фарміраваннях Кампартыі Кітая, што ваявалі супраць гаміньданаўцаў, быў целаахоўнікам знакамітых палкаводцаў — ветэранаў кітайскай рэвалюцыі. Сакрэтам кун-фу ён навучыў больш за 3 тыс. чалавек.