Хлеб ды соль
Песня "Хлеб ды соль" стваралася ў калектыве і для калектыву. Ансамблю народнай музыкі "Бяседа" патрабаваўся ўрачыста-святочны твор, якім добра пачынаць выступленне. У беларускай сямейна-абрадавай і каляндарна-абрадавай музычнай культуры маецца безліч падобных твораў. На кожную святочную дзею, на кожны выпадак заўсёды знаходзілася адпаведная песня, балада ці проста прыпеўка. Але ж цягам часу жыццёвыя рэаліі паступова змяніліся. І ўжо з сучаснымі абставінамі павінен суадносіцца новы песенны тэкст і адпаведнае яго музычнае ўвасабленне.
Мастацкі кіраўнік "Бяседы" Леанід Захлеўны і паэт Леанід Пранчак напісалі такую песню. Мастацка-вобразнай сімволікай яна перадае суладнасць нябесна-зямной прасторы, дзе разгортваецца наша існаванне. У выкананні ансамбля "Бяседа" песня "Хлеб ды соль" гучыць і як жніўная, і як велічальная, і як запрашальная. Такая адметнасць новага твора спрыяе яго пашырэнню сярод люду і асабліва сярод самадзейных артыстаў. А для самога ансамбля "Бяседа" — гэта ўрачыстая візітоўка. Яна прадстаўляе калектыў і яго творчы неўтаймоўны дух на пачатку канцэртных выступленняў.
Верш Леаніда Пранчака. Музыка Леаніда Захлеўнага
Сонца ўсходзіць — дорыць радасць дню,
Птушкам — голас, небу — цішыню.
Зорны жнівень — шчодрае жніво,
Ніва залатая — лета хараство.
Выйду ў поле, звоняць каласы —
Родных ніў жывыя галасы.
І плывуць высока дзіўнаю красой
Песні велічальнай над маёй зямлёй!
Прыпеў:
Хлеб ды соль, хлеб ды соль, вышыты абрус.
Хлеб ды соль, хлеб ды соль, маці — Беларусь.
Хлеб ды соль, хлеб ды соль мы падносім вам.
Хлеб ды соль і наш паклон — дарагім гасцям!
Хлеб ды соль і наш паклон — дарагім гасцям!
Кружыцца жыцця вадаварот,
Дні бягуць — бясконцы іх палёт.
А над пожняй скошаных палёў
Развітальным клінам — вырай жураўлёў.
Бохан хлеба — сонца на руках,
Шчасце ў сэрцы, радасць у вачах.
Спеўны зорны жнівень — шчодрае жніво,
Ніва залатая — лета хараство.
Прыпеў.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН.