За выйгрыш футбаліст нацыянальнай зборнай зарабляе 3 тысячы еўра

Источник материала:  

Генадзь Нявыглас падвёў вынікі сезона і расказаў, чаму звычайна гулец атрымлівае толькі палову гэтай сумы

Сёлетні футбольны сезон амаль завершаны: у чэмпіянаце вызначыліся прызёры і аўтсайдары, нацыянальная зборная пасля нядаўняга таварыскага матча з Аманам знаходзіцца на зімовых канікулах. І толькі ў БАТЭ засталося два матчы ў Лізе Еўропы — з кіеўскім "Дынама" і галандскім АЗ. Старшыня федэрацыі футбола Генадзь Нявыглас падвёў вынікі сезона на сустрэчы з журналістамі, яму дапамагаў галоўны трэнер нацыянальнай каманды Бернд Штанге.

<І>— У мяне часта пытаюць, як я ацаню самы паспяховы сезон? Але я веру, што гэта не адзінкавы поспех, а станоўчыя тэндэнцыі развіцця нашага футбола. У нас кожны сезон атрымліваецца крыху лепшым, чым папярэдні. Паспяховыя выступленні каманд дазваляюць мне меркаваць, што мы на правільным шляху. Наша зборная па міні-футболе сёлета ўпершыню ўдзельнічала ў чэмпіянаце Еўропы — прыемна, што гэтая вяршыня скарылася. Паспяховым можна лічыць і выступленне нашай жаночай каманды — мы там зрабілі стаўку на спецыяліста, запрошанага з БАТЭ, і не памыліліся. Нельга не адзначыць паспяховае выступленне клубных каманд на еўратурнірах — адразу тры з іх дасягнулі стадыі плэй-оф, чаго раней ніколі не было. Ёсць такое паняцце, "як індэкс развіцця клубнага футбола". Сёлета мы займаем па ім першае месца ў Еўропе. Поспех, які стаіць асобна, — выступленне моладзевай зборнай. Трэці раз наша каманда прабіваецца ў фінальную частку, і нават нядобразычліўцы не змогуць пярэчыць, што гэта тэндэнцыя. І, напрыканцы, выступленне нацыянальнай зборнай. Яна нарэшце набыла баяздольны выгляд, гэтая каманда, якая гуляе. Асобна стаіць перамога над зборнай Францыі. Каманда выканала заданне на сезон упершыню за тыя восем гадоў, якія я ў футболе, у яе актыве 8 ачкоў, — рэзюмаваў Генадзь Нявыглас.

Калі задача выкананая, можна і ўзнагародзіць гульцоў. Кіраўнік федэрацыі агучыў прэміяльныя, якія атрымліваюць футбалісты зборных.

— Сістэма прэміравання на працягу сезона не карэктуецца, яна выконваецца, калі каманда дасягае пастаўленай мэты. Гульцы атрымліваюць прэміяльныя за выклік у каманду, а таксама за выйгрыш і за нічыю. Стаўка ў нас фіксаваная, і такая практыка існуе з 2002 года. Калі ж задача на год не выкананая, гульцы атрымліваюць толькі 50 працэнтаў прэмій. Сёлета ў абедзвюх зборных выплаты былі ў поўным аб'ёме. Гэта па сто тысяч еўра на моладзевую і нацыянальную каманды. За выйгрыш гулец нацыянальнай каманды атрымлівае 3 тысячы еўра. Праўда спачатку мы выплачваем 1,5 тысячы, а пры выкананні задачы камандай — яшчэ столькі ж. Сёлета рашэнне бюро федэрацыі скарэктавала лічбу для моладзевай каманды. Яны атрымалі не 100, а 120 тысяч еўра — асобным бонусам быў заключны матч з Італіяй.

Разам з развіццём футбола развіваюцца і балельшчыцкія рухі. Праўда, сёлетні сезон адзначаны некалькімі інцыдэнтамі з фанатамі. Банер з "фашыстам №3" Рудольфам Гесам быў вывешаны ў дынамаўскім сектары на хатнім матчы з "Віцебскам", за што клуб быў пакараны беспрэцэдэнтным штрафам у 7000 базавых велічынь (82 тысячы долараў) — праўда, пасля сума была зменшаная. Мінская міліцыя пасля гэтага настолькі ўзмацніла ахову стадыёнаў падчас спаборніцтваў (ахова фактычна ператварылася ў барацьбу з фанатамі), што балельшчыкі заклікалі байкатаваць матчы. Пасля гэтага федэрацыя правяла нараду з міліцыяй і лідарамі фан-рухаў, і працэдура праходу на стадыён стала больш простай. Якой яна будзе ў наступным сезоне, расказаў Генадзь Нявыглас:

— Найбольш нараканняў ад балельшчыкаў мы атрымалі пасля матча зборнай з Румыніяй. Пасля гэтага мы правялі нараду з міліцыяй грамадскай бяспекі, дзе прынялі шэраг рашэнняў, у прыватнасці, каб на сектарах не было АМАПа. Праваахоўнікі свае абяцанні выканалі, і пасля наступнага матча з Албаніяй ніякіх нараканняў мы не атрымалі. Прыменены нестандартныя падыходы, агляд ажыццяўляла шмат дзяўчат у форме. Але самае галоўнае, пра што мы дамовіліся з міліцыяй, — не бачыць у кожным балельшчыку патэнцыяльнага правапарушальніка. Шчыра прызнаюся, што нам не ўдалося дасягнуць мэты, каб клубы максімальна працавалі са сваімі балельшчыкамі. Але казаць, што стадыёны пусцеюць толькі з-за дзеянняў міліцыі, — не зусім правільна. Наступная пяцігодка будзе скіравана на працу па паляпшэнні ўмоў для балельшчыкаў. У хуткім часе мы прапануем ураду пакет дакументаў для паляпшэння ўмоў на стадыёнах.

Старшыня Федэрацыі футбола паведаміў таксама, што для матчаў нацыянальнай каманды плануецца пабудаваць новы стадыён у сталічным мікрараёне Шчомысліца. Праўда, пакуль гэты праект не зацверджаны. Але там удасца ўвасобіць усе сучасныя патрабаванні да матчаў самага высокага ўзроўню. Прынята рашэнне і аб рэканструкцыі стадыёна "Дынама", і падчас яе, калі новы стадыён у Мінску яшчэ не пабудуюць, цалкам верагодна, што матчы зборнай будуць праходзіць на новым стадыёне ў Барысаве. Наступны ж сезон зборнай пройдзе на "Дынама". І пачнецца ён для сталічнай арэны яшчэ ў лютым — БАТЭ распачне там вясновую стадыю Лігі Еўропы. Генадзь Нявыглас паабяцаў, што стадыён будзе гатовы:

— Да лютага яшчэ ёсць час. Больш турбуе матч, які мы павінны правесці ў чацвер з кіеўскім "Дынама". І павінен сказаць, што па стане на нядзелю на "Дынама" добры газон, там працуе падагрэў, тэмпература глебы — плюс 18 градусаў. Спадзяюся, не падвядзе і надвор'е. Матчы не рэкамендуецца праводзіць пры тэмпературы паветра ніжэй за -15 градусаў. Праўда, сіноптыкі абяцаюць менавіта мінус 15... У лютым мы таксама ў баку не застанёмся. У гісторыі быў выпадак, калі газон на "Дынама" сушылі верталётам. Але зараз ёсць шмат сучасных спосабаў падрыхтоўкі. Калі будзе патрэбна, параіліся з УЕФА.

Бернд Штанге расказаў пра перспектывы нашых лідараў у галоўнай камандзе:

— У мяне няма настрою абмяркоўваць Аляксандра Глеба. Нацыянальная зборная ў парадку, і, калі Глеб выйдзе на свой узровень, мы будзем рады яго бачыць. Сяргей Карніленка — адзін з нешматлікіх нашых нападаючых, грэбаваць якім я не магу. Аднак я не выклікаў яго ў апошніх матчах у выхаваўчых мэтах. Ён не забівае за зборную, але атрымлівае карткі. У Люксембургу яго чырвоная картка мне ўвогуле незразумелая. Аляксандр Кульчы — вельмі важны для нас гулец. Летась ён стаў лепшым футбалістам года. Але яму 37, і з ім у нас існуе дамова, што ўсё будзе залежаць ад яго гульні. Колькі ён будзе ў форме, столькі і будзе гуляць. Мы шукаем яму альтэрнатыву, але пакуль безвынікова.

Самым важным для нацыянальнай каманды ў гэтым сезоне Бернд Штанге назваў, безумоўна, матч з Францыяй, у якім беларусы перамаглі трохкаляровых на іх полі:

— Гэта іх першы матч пасля няўдалага чэмпіянату свету. Яны вельмі хацелі рэабілітавацца, і, на мой погляд, гэты матч яны яшчэ доўга будуць памятаць. А самае вялікае маё расчараванне, большае нават, чым пасля паражэння ад Люксембурга, — нічыя з Румыніяй. Гэта быў наш хатні матч, мы павінны былі перамагаць.

Генадзь Нявыглас паведаміў, што да 2013 года наша нацыянальнае першынство пяройдзе на сістэму "восень—вясна" — менавіта да гэтага часу ўсе абласныя цэнтры будуць мець футбольныя манежы. Бернд Штанге сістэму з 12 камандамі назваў удалай:

— Гэта добрая сістэма, і з ёй беларускія клубы дасягаюць поспехаў на міжнароднай арэне. Ёсць, безумоўна, праблемы, бо БАТЭ праводзіць каля 60 матчаў за сезон, што параўнальна з чэмпіянатам Германіі, Англіі. Але там гэтыя гульні расцягнутыя на 10 месяцаў, а ў нас праходзяць за восем. Але мы павінны ўлічваць інтарэсы не толькі БАТЭ, але і астатніх клубаў.

Генадзь Нявыглас паведаміў, што ў Кубку Садружнасці сёлета хутчэй за ўсё выступіць салігорскі "Шахцёр", нягледзячы на тое, што статус турніру з году ў год падае. А Суперкубак кіраўнік федэрацыі аддаў бы БАТЭ, які з'яўляецца ўладальнікам і Кубка Беларусі, і чэмпіёнам — праўда, пакуль канчатковае рашэнне не прынята. Што датычыцца бліжэйшых планаў нацыянальнай зборнай, то таварыскі матч 9 лютага яна правядзе ў турэцкай Антальі супраць каманды Казахстана. За дзень да гэтага наша моладзевая дружына сустрэнецца са зборнай Расіі.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Разведчик всегда разведчик

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика