Трохмерная выява

Источник материала:  

Мінская дэлегацыя ІV Усебеларускага народнага сходу праектуе будучыню сталіцы ў каардынатах — інавацыі, інвестыцыі, экспарт

Выбітным дзеячам сталічнай вытворчасці, навукі, культуры, аховы здароўя ды камерцыі ёсць на чым грунтаваць напалеонаўскія планы. Галоўныя задачы папярэдняй пяцігодкі, пагаджаюцца дэлегаты са стажам, выкананыя. Сталіца задае тон у жыллёвым будаўніцтве, развіцці транспартнай інфраструктуры, папаўненні бюджэту прыбыткамі ад прадпрымальніцтва. Адсюль і сярэднямесячны заробак мінчаніна ў 550 долараў, і ўведзеныя 5,5 млн квадратных метраў жылля, і забяспечанасць асабістым транспартам у 300 аўто на тысячу гараджан. Карацей, якасць жыцця ў сталіцы за мінулыя паўдзясятка гадоў істотна павысілася. Але хто сказаў, што гэта мяжа? Асноватворная роля ў імкненні да новых вышынь адводзіцца інавацыям, інвестыцыям і экспарту.

Эканоміка Мінска па сваёй структуры, маштабах вытворчасці з'яўляецца экспартаарыентаванай. Таму так востра паўстае нявырашаная праблема адмоўнага сальда ў знешнім гандлі. Сталічны граданачальнік Мікалай ЛАДУЦЬКА акцэнтуе негатыўны ўплыў двух фактараў — леташняга падзення беларускага экспарту і росту цэн на энерганосьбіты, якія імпартуюцца.

— Мы не ўвайшлі ў той калідор, які быў абазначаны Мінску ўрадам. Гэта наша сур'ёзная недапрацоўка, якая абвастрылася ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу, — прызнае мэр.

Тым большае імкненне выправіць сітуацыю ў перспектыве. Распрацаваная праграма прадугледжвае да 2015 года павелічэнне экспарту тавараў утрая, паслуг — у пяць разоў (да ўзроўню 2010 года).

— Праграма адбылася з двух бакоў — улады і прадпрыемстваў, — падкрэслівае старшыня Мінгарвыканкама. — Яна адкрытая для выканання і закрытая для невыканання. Гэта варта зразумець і выконваць.

Нарошчванню экспарту, на думку мэра, спрыяе выгаднае геаграфічнае становішча горада. Вырашыць праблему знешнегандлёвага сальда дапаможа таксама і павышэнне рэнтабельнасці экспартных паставак, забеспячэнне належнага ўзроўню сэрвісу пасля продажу. Натуральна, варта і скарачаць імпарт. У цэлым рэалізацыя праграмы развіцця знешнеэканамічнай дзейнасці сталічных арганізацый "закліканая забяспечыць станоўчае знешнегандлёвае сальда ў памеры 500 млн долараў ЗША па выніках будучай пяцігодкі, рэзюмуе М. Ладуцька.

Пераход эканомікі на інавацыйныя рэйкі ўяўляецца магчымым праз фарміраванне новай свядомасці, у аснове якой — тэхналагічны прагрэс, якім, на думку мэра, павінен прасякнуцца кожны жыхар горада. Менавіта тут сканцэнтраваная айчынная навука, і яна павінна мець, як падкрэслівае кіраўнік сталіцы, максімальна прыкладны характар. У горадзе разгортваецца рэалізацыя 196 інавацыйных праектаў, большасць з якіх уяўляюць сабой абсалютна новыя вытворчасці.

Сталічнае кіраўніцтва мае найжывейшую зацікаўленасць у паляпшэнні ўмоў для вядзення бізнэсу. Унёсак прыватнікаў у фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту мае быць павялічаны з 17 адсоткаў сёлета да 30 адсоткаў у канцы наступнай пяцігодкі. Сталіца ўжо цяпер налічвае каля 30 структур падтрымкі прадпрымальніцтва накшталт бізнэс-інкубатараў. А цяпер спецыялісты гарвыканкама занятыя стварэннем рэгіянальнага тэхнапарку, які, натуральна, стане месцам канцэнтрацыі самых высокатэхналагічных, інавацыйных вытворчасцяў. Чакаецца, што ён прыме першых рэзідэнтаў ужо да канца 2012 года. А яго адкрыццё забяспечыць, паводле папярэдніх разлікаў, больш як дзве тысячы новых працоўных месцаў. Кіраўніцтва Мінска надае вялікую ўвагу працы з мікраарганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі — мікракрэдытаванню па спрошчанай схеме. Гэты інструмент, перакананыя ў гарвыканкаме, павінен павялічваць сваю гібкасць і эфектыўнасць. Выдаткі на такія мэты налета плануецца павялічыць амаль удвая — да 40 млрд рублёў.

Асаблівая ўвага — жыллёваму будаўніцтву. За наступныя пяць гадоў для мінчан плануецца ўвесці больш як 7 млн квадратных метраў жылля. З поўным наборам сацыяльна гарантаваных аб'ектаў, неабходных для камфортнага пражывання, акцэнтуе старшыня Мінгарвыканкама. Істотную лепту ў вырашэнне кватэрнага пытання зробяць гарады-спадарожнікі: Дзяржынск, Заслаўе, Лагойск і Смалявічы. Так што, жыллёвае будаўніцтва зробіць прыкметны крок за МКАД.

Пранікнуцца пяцігадовымі планамі рэспубліканскага маштабу 400 сотням дэлегатаў ад Мінска дапамог міністр эканомікі Мікалай СНАПКОЎ. Ён назваў Усебеларускі народны сход адной з найважнейшых формаў народаўладдзя, якая арганічна ўпісалася ў айчынную палітычную сістэму. Форум прадугледжвае прынцыповы ўлік народнага меркавання і мэтанакіраваную работу па рэалізацыі пажаданняў людзей. Вынікі папярэдніх трох, на яго думку, вызначылі асноўныя кірункі і мэты сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. 1996—2000 гады ён ахарактарызаваў як час стабілізацыі і аднаўленчага росту, другі перыяд — пераход да ўстойлівага росту, наступны — інтэграцыі ў сусветную эканамічную прастору, інавацыйнага развіцця і павышэння дабрабыту.

— Сёння Беларусь — стабільная ва ўсіх адносінах маладая дзяржава, якая дынамічна развіваецца, — перакананы міністр эканомікі.

Айчынная палітыка ў галіне забеспячэння асноўных сацыяльна-эканамічных гарантый, паводле яго слоў, адпавядае самым высокім міжнародным стандартам. Удзельная вага сацыяльных выдаткаў у структуры ВУП — на лідзіруючых пазіцыях у свеце. Кіраўнік ведамства адзначыў пастаянную работу дзяржавы над паляпшэннем дзелавога клімату. Нездарма міжнародныя эксперты прылічаюць Беларусь да адных з самых актыўных краін-рэфарматараў у галіне ўмоў для вядзення бізнэсу. Усё больш спрыяльным становіцца інвестыцыйны клімат у Беларусі. Толькі за 10 месяцаў гэтага года ўтворана 518 арганізацый з замежнымі інвестыцыямі.

— У новую пяцігодку мы ўваходзім з дастатковым эканамічным задзелам, — робіць лагічную выснову міністр.

Аднак гэта не дае падстаў меркаваць пра ўласную ідэальнасць. Некаторыя заганы ўсё яшчэ адчувальныя. Сярод іх М.Снапкоў назваў недастатковую эфектыўнасць інвестыцый, нізкую інавацыйнасць, высокую імпарта- і матэрыялаёмістасць, а таксама энергазалежнасць. Ён паспяшаўся супакоіць удзельнікаў Мінскага гарадскога сходу, што ўсе гэтыя нюансы носяць структурны характар, і ёсць не толькі шляхі для іх вырашэння, але і неабходныя рэзервы.

Як адзначыў міністр, у аснову праграмы, што стане прадметам абмеркавання на ІV Усебеларускім народным сходзе, леглі прыярытэты, агучаныя кіраўніком дзяржавы ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Зарыентаваныя яны ў першую чаргу на рост дабрабыту і паляпшэнне ўмоў жыццядзейнасці грамадзян. Лагічная пабудова разлікаў (а кожная лічба ў праграме, запэўніў міністр, мае эканамічнае і матэматычнае абгрунтаванне) прадугледжвае ўзаемаўзгадненне трох асноўных прыярытэтаў.

Па-першае, развіццё чалавека і яго патэнцыялу. Як фактар матывацыі — давядзенне заробкаў беларусаў да ўзроўню не менш 80 адсоткаў сярэдняга заробку ў еўрапейскіх дзяржавах. Па-другое, разняволенне прадпрымальніцкай ініцыятывы як асноўнага каталізатара эканомікі. Добрай падмогай стануць Дырэктыва №4 і закон аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве. У дзяржсектары, як акцэнтаваў кіраўнік ведамства, варта адмовіцца ад колькасных мэтавых паказчыкаў і засяродзіцца на забеспячэнні якаснага росту. Па-трэцяе, інавацыйнае развіццё і структурная перабудова эканомікі, поруч з эфектыўнай інвестыцыйнай палітыкай. Сярод ключавых кірункаў таксама рост экспарту тавараў і паслуг, устойлівае развіццё рэгіёнаў, якаснае і даступнае жыллё, эфектыўны АПК.

Глабальныя арыенціры могуць быць дасягнутыя толькі пры выкананні лакальнага —павышэння адказнасці кожнага на сваім працоўным месцы. Толькі так мы разам зможам дасягнуць запланаванага эканамічнага росту. А ўдзельнікі ўсенароднага форуму, што непасрэдна ўдзельнічаюць у кіраванні дзяржавай, адказныя удвая. Як складальнікі планаў і як выканаўцы — мандат іх дзейнічае на працягу ўсіх пяці гадоў рэалізацыі пастаўленых задач. І мінскім дэлегатам, несумненна, ёсць што прапанаваць суайчыннікам з іншых рэгіёнаў.

Зоя ВАРАНЦОВА.

←Разведчик всегда разведчик

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика