ТБМ звярнулася да дэлегатаў Усебеларускага хуралу

Источник материала:  
29.11.2010 09:35 — Новости Общества
Рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны заклікала ўдзельнікаў IV Усебеларускага народнага сходу спрыяць тэрміноваму прыняццю закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы і аб`явіць наступны год Годам беларускай мовы.

Як падкрэсліваецца ў звароце, прынятым 28 лістапада ў Мінску на пасяджэнні рады ТБМ, нягледзячы на тое што фармат сходу не прапісаны Канстытуцыяй Беларусі, яму фактычна нададзена вызначальная роля ў вырашэнні далейшага шляху развіцця краіны. «Але ні на адным з гэтых сходаў практычна не было выступоўцаў, якія прамаўлялі на дзяржаўнай беларускай мове. Не ўздымаліся на іх і пытанні сучаснага стану беларускай мовы як галоўнай каштоўнасці, што вызначае еднасць беларусаў як народа», — гаворыцца ў звароце.

Яго аўтары адзначаюць, што ў выніку дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца на працягу апошніх 16 год, беларуская мова выцеснена з афіцыйнай сферы ўжытку, яна так і не з`явілася ў сістэме вышэйшай адукацыі, крытычна зменшылася колькасць беларускіх школаў, колькасць актыўных носьбітаў мовы ў Беларусі, згодна са звесткамі перапісу насельніцтва 2009 года, зменшылася на 1 млн. чалавек.

«Усё гэта ставіць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны. Наш усходні сусед працягвае актыўна дэманстраваць свой намер далучыць Беларусь шасцю губернямі да сваёй велізарнай краіны.

Таму пытанне захавання і развіцця беларускай мовы — гэта пытанне захавання беларускай дзяржаўнасці»,

 — гаворыцца ў звароце.

Рада ТБМ прапануе удзельнікам сходу «аб`ектыўна і сур`ёзна прааналізаваць нацыянальную палітыку краіны і неадкладна прыняць практычныя захады па забеспячэнні беларускай мове яе статусу дзяржаўнай мовы тытульнай нацыі».

У інтэрв`ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што зварот будзе накіраваны сустаршыням аргкамітэта сходу — прэм`ер-міністру Сяргею Сідорскаму і кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміру Макею. Паводле слоў Трусава, раней ТБМ не прымала зваротаў такога кшталту да удзельнікаў сходаў. «Але ў гэтым годзе мы вырашылі інакш, бо ідзе прэзідэнцкая выбарчая кампанія і сярод удзельнікаў сходу з`явіліся свядомыя беларусы», — сказаў старшыня ТБМ.

Ён выказаў спадзяванне, што ў праграме на наступную пяцігодку з`явіцца «нейкі запіс наконт падтрымкі беларускай мовы».

Падзяліцца навіной: 
Марат Гаравы, БелаПАН

←Мартынов: понятия «признание выборов» не существует

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика