Застаўся жыць у дзецях. Так можна сказаць пра самага незвычайнага на Беларусі бацьку

Источник материала:  
Застаўся жыць у дзецях.
Так можна сказаць пра самага незвычайнага на Беларусі бацьку

Яго завуць, правільней ужо, звалі Аляксандр Віктаравіч Артамонаў. Бо, на жаль, скончылася зямное жыццё гэтага цудоўнага чалавека. Вельмі рана, на ўзлёце духоўных і творчых сіл, пайшоў ён у Царства Нябеснае.Што паспеў зрабіць за свае 52 гады Аляксандр Артамонаў?Мужна пераадолеў ранняе сіроцтва. Вывучыўся і стаў настаўнікам. Ён цярпліва і натхнёна нёс сваім выхаванцам высокае пачуццё душы, даваў надзею ў заўтрашні дзень.І вось аднойчы яму, расіяніну, трапіла ў рукі беларуская газета, у якой я пісаў пра віцебскага дзетдомаўца Германа. Артыкул называўся “Падкідыш”. Газета змясціла здымак прыгожага хлопчыка, якога знайшлі на полацкім вакзале.Гісторыя жыццёвага лёсу Германа ўсхвалявала людзей з добрымі сэрцамі. Яны засыпалі мяне пісьмамі-просьбамі дапамагчы ўсынавіць Германа. Тады яго прозвішча было — Акцябрскі, бо знайшлі менавіта ў аднайменным месяцы года.Але найбольш мяне ўсхвалявала пісьмо Аляксандра Віктаравіча Артамонава:“Усё лепшае, што мне перадалі бацькі, я імкнуся перадаць дзецям, з якімі працую ў школе, піянерскім лагеры. Аднойчы я зайшоў у дзіцячы дом. Сэрца маё сцялася ад крыўды і болю. Падумаў: вайна даўно закончылася, а чаму ж дзеці застаюцца без бацькоў? Чаму дзеці растуць без бацькоўскай пяшчоты?Вось чаму мяне вельмі ўсхваляваў лёс хлопчыка Германа. Мне зрабілася крыўдна за падкідыша. Вырашыў для сябе: трэба канчаць уздыхаць, трэба — дзейнічаць. Кожны чалавек на справе павінен даказаць: усё лепшае — дзецям! А не толькі заўсёды ківаць на дзяржаву. Вось і пачаў шукаць жывы мосцік да Германа. Захацелася стаць яму сябрам і бацькам адначасова. Хацелася вярнуць яму шчаслівае дзяцінства. Яно — пачатак жыцця. Бацькоўскі дом для кожнага з нас — гэта прыстань, адкуль пачынае сваё плаванне ў акіян кожны жыццёвы караблік”.Мы ў Беларускім дзіцячым фондзе паверылі ў шчырасць душы Аляксандра Віктаравіча Артамонава і зрабілі ўсё, каб ён усынавіў сірату. Так утварылася незвычайная сям’я ў Салігорску. Пра яе ў хуткім часе ведала ўся Беларусь. І не таму толькі, што адзінокі настаўнік усынавіў падкідыша, а яшчэ і таму, што ў іх сям’і з’явіліся паўнапраўнымі членамі яшчэ трое сірот — Сяргей, Юра, Віталік.Сёння Герман Артамонаў — кандыдат педагагічных навук, жыве і працуе ў Мінску. Сяргей і Юрый Артамонавы жывуць і працуюць у Салігорску, а малодшы Віталік вучыцца ў шостым класе.Педагагічны подзвіг Аляксандра Віктаравіча Артамонава адзначаны дзяржаўнай узнагародай — медалём Францыска Скарыны. Яму ўручана рэспубліканская прэмія “Добрае сэрца”. Ён з’яўляецца лаўрэатам прэміі Беларускага дзіцячага фонду “Сябар дзяцей”.Нечаканая цяжкая вестка з Салігорска балюча кранула маё сэрца. Не магу змірыцца, што Аляксандр Віктаравіч так рана адышоў у вечнасць, не магу паверыць, што яго сыны ў другі раз сталі сіротамі. Толькі жыве вера ў тое, што памяць пра неардынарнага, чуллівага і мужнага педагога, дабрэйшай душы чалавека будзе вечнай.Бывай, дарагі Аляксандр Віктаравіч, нізкі паклон табе ад усіх людзей, хто ведаў цябе, хто спачуваў і дапамагаў табе, хто падтрымліваў цябе ўсе гэтыя гады! У смутку і жалобе па табе тысячы людзей Беларусі.

Уладзімір ЛІПСКІ, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, лаўрэат Дзяржаўнай літаратурнай прэміі Беларусі

←Из Лапландии — со снежным приветом. У финского Санта-Клауса просят “роллс-ройс”, а у белорусского Деда Мороза — хорошего мужа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика