Вострыя адчуванні

Источник материала:  

Толькі без панікі! Супакойся. Запаволь хаду, распрастай плечы, выпрамі спіну. Дзе твая ўсмешка, якая абяззбройвае любага? Не хавай яе! Вось так, цудоўна... Свет клінам на ім не сышоўся.

Я іду па вячэрнім горадзе — лёгкае дэмісезоннае паліто расшпіленае на ўсе гузікі, яркі шаўковы шалік развіваецца па ветры, як сцяг маленькай, але няскоранай дзяржавы... У сумачцы, закінутай за плячо, разрываецца мабільны... Але мне ўсё роўна. Я амаль лунаю над асфальтам, ледзь дакранаючыся да яго абцасамі сваіх мадэльных туфлікаў. Я ведаю, што мяне ўжо шукаюць, і здагадваюся хто. Нічога, няхай пабегае, няхай панервуецца, як гадзіну таму нервавалася я. Няхай пабудзе ў маёй скуры...

На гадзінніку — амаль дзесяць вечара. Цікава, што́ ён усё ж будзе рабіць? Выкліча таксі і паедзе шукаць мяне па горадзе? Ці пачне тэлефанаваць усім маім сяброўкам запар? Ды якая розніца... На гэтую ноч я — вольная птушка, якой хочацца вострых адчуванняў, нягледзячы на штампік у пашпарце (на якім, заўважу, я абсалютна не настойвала). Мне ўсяго трыццаць з невялікім "хвосцікам". Я — прыгожая, разумная і адукаваная. І калі ён думае, што можна вось так, беспакарана, пратанцаваць увесь вечар з нейкай пігаліцай, быццам жонкі побач і няма, дык вельмі памыляецца. Я, безумоўна, не помслівая, але памяць у мяне добрая.

...Калі падняцца па гэтай вуліцы ўверх, потым звярнуць налева і прайсці яшчэ метраў дзвесце, мінаючы будынак пасольства (здаецца, чэшскага), можна патрапіць у цудоўную маленькую кавярню, яшчэ не цалкам узурпаваную малалеткамі. Я не старая буркліўка, але ўсе гэтыя дзяўчынкі-хлопчыкі з аднолькавым пірсінгам на аголеных пупках і ў вушах мяне раздражняюць.

Вострыя адчуванніВось і кавярня — над уваходнымі дзвярыма павольна раскачваецца матавы ліхтар, абвіты металічным ланцужком. Адна лесвіца вядзе ўверх, другая — уніз... Ну што ж, пачнём з верхняга ўзроўню...

Мілая дзяўчына-адміністратар выходзіць з-за стойкі і праводзіць да свабоднага століка. На хаду скідваю паліто, папраўляю шалік — ледзь заў- важна, непрыкметным рухам, але так, каб крыху адкрылася дэкальтэ... Адначасова, гэткім жа непрыкметным рухам, абцягваю прыталеную (вельмі прыталеную) цёмна-сінюю сукенку, якая ледзь прыкрывае калені... Але зараз жа пачынаю злавацца сама на сябе: я што, выбралася на форум манашак?.. Сцягваю шалік і хаваю ў сумку. Прымаю нязмушаную позу...

У невялічкай зале душнавата, кандыцыянераў не назіраецца. Бяру са стала папяровую сурвэтку, злёгку прамакваю ёю лоб і ямачку ў тым месцы, дзе пачынаецца шыя... А вось і першы "аб'ект"...

— Дазвольце?

Ён садзіцца за мой столік раней, чым я з гэтым пагаджаюся. За лічаныя секунды паспяваю ацаніць свайго візаві і прыйсці да несуцяшальнай высновы: не, не Ален Дэлон і нават не Фернанда Торэс. Акуратна адпрасаваная кашуля і галодная туга ў вачах выдаюць у ім чалавека, даўно і безнадзейна жанатага, але схільнага да авантур (недарэмна ж я скончыла факультэт псіхалогіі!). Магу паспрачацца на што заўгодна: праз дзесяць хвілін ён пачне жаліцца на сямейнае жыццё і поўнае неразуменне з боку жонкі . Ну давай, пачынай ужо — паслухаем, паспачуваем.

Ён робіць заказ — дзвесце грамаў гарэлкі і дзве шклянкі апельсінавага соку. (Адна, трэба думаць, для мяне?) Не рэагую ніяк. Мне ўсё роўна — хоць адбіўную з мяса кракадзіла. Мне — абы хутчэй прайшоў час, бо вяртацца дадому раней, чым надыдзе раніца, я не збіраюся. Няхай пабегае, памітусіцца, пахвалюецца (гэта я пра мужа), няхай успомніць, як тры гады таму, стоячы на каленях, кляўся ў вечных пачуццях і абяцаў паводзіць сябе так, каб ніколі ў жыцці ніводная слязінка не ўпала з маіх вачэй.

— Міхаіл, — прадстаўляецца тым часам мой візаві. — Георгіевіч, — дадае ён праз некалькі секунд. Напэўна, для саліднасці.

— А я — Маша, — ілгу не міргаючы, проста гэта імя мне заўсёды падабалася.

— У мяне, Маша, складаная жыццёвая сітуацыя, — пачынае ён "з месца ў кар'ер". У гэты момант прыносяць графінчык з гарэлкай, дзве пустыя чаркі і дзве шклянкі з сокам. Адну ён адразу выпівае і следам напалову спусташае графін. Я ўся — увага і з нецярпеннем чакаю працягу.

— Справа ў тым, што я вельмі няшчасны чалавек, — ён нахіляецца так блізка, што я магу разгледзець ярлычок з памерам на каўняры яго кашулі. — У мяне безвыходная сітуацыя.

Ён зноў цягнецца за графінам, але ў працэсе перадумвае, ставіць яго назад і залпам выпівае другую шклянку соку...

— Я, Маша, заблытаўся ў дзвюх соснах, ці як там кажуць... Карацей, кахаю адразу дзвюх жанчын — жонку і... не жонку. Ці не, з жонкай я проста жыву, а без Мар'яны жыць не магу. Што рабіць?

Падумаеш, праблема... Большасць мужчын так жывуць і не замарочваюцца. А ў гэтага сумленне прачнулася...

— Выйсце толькі адно, — кажу яму на поўным "сур'ёзе". — Знайсці каго-небудзь трэцяга...

— Вы сапраўды так лічыце? — ажыўляецца ён, кліча афіцыянтку і паўтарае заказ.

Краем вока бачу, як адчыняюцца ўваходныя дзверы і ў залу ўпырхвае эльф на танюткіх ножках і ў такой кароценькай спаднічцы, што, у прынцыпе, можна было б спакойна абысціся і без яе. Акінуўшы хуткім позіркам невялікую залу (усяго сем столікаў па перыметры), эльф упэўненым крокам рушыць у наш бок, падыходзіць, абвівае Міхаіла празрыстымі ручкамі, паказальна цмокае ў шчаку і ўпэўнена апускаецца ў крэсла.

— Гэта Мар'яначка! — спяшаецца прадставіць яе Міхаіл, быццам і так не зразумела. Ну і дзякуй Богу, думаю я, утраіх усё ж весялей час бавіць. Ёй прыносяць меню, яна заказвае самую дарагую піцу і кактэйль. Сядзім, размаўляем пра надвор'е. У Міхаіла перыядычна звоніць мабільны, ён выходзіць з ім за дзверы. За гэты час Мар'яна паспявае мне расказаць, што ў шлюбе ў яго двое дзяцей, што яна таксама цяжарная, і цяпер ён наўрад ці "адкруціцца". Пры гэтым яна з апетытам, кавалак за кавалкам, паглынае піцу, заядае яе дэсертам, запівае ўсё гэта кактэйлем, і на яе тварыку не адбіваецца ніякіх эмоцый... На гадзінніку — далёка за поўнач. На імгненне ўяўляю сабе, як носіцца па пакоях (іх у нас два) мой муж, як набірае знаёмыя тэлефоны маіх сябровак... Як, падумаўшы, што я магла схавацца ў шафе ці пад ложкам, заглядвае туды і, не знайшоўшы нікога, пачынае ў шаленстве выкідаць з шафы маё адзенне... Потым садзіцца на канапу і плача, бо ўпэўнены, што я не магла проста так знікнуць, што са мной нешта здарылася...

Так табе і трэба, нягоднік...

Міша і Мар'яна ўжо высвятляюць адносіны. Яна наязджае — ён маўчыць, яна зноў наязджае — ён зноў маўчыць. Я, вядома ж, не ўмешваюся. Нарэшце ён не вытрымлівае, ускоквае з месца і, перакульваючы крэслы, выбягае за дзверы. Яна — за ім... Абодва знікаюць назаўсёды — з кавярні і з майго жыцця. Праз дзесяць хвілін афіцыянтка прыносіць рахунак. "Гэта з вас і з вашых сяброў", — тлумачыць, заўважыўшы маё аслупяненне. Спрачацца з ёю ў дзве гадзіны ночы ўжо няма ні сіл, ні жадання, ні сэнсу. Разлічыўшыся па поўнай праграме (два "графінчыкі", чатыры шклянкі апельсінавага соку, піца з морапрадуктамі, два дэсерты, два кактэйлі і мая салата), без усялякай надзеі пакідаю адміністратару нумар свайго тэлефона (а раптам людзі ўспомняць, што не разлічыліся, і вернуцца?) і выклікаю таксі.

Бліжэй да трох гадзін ночы ціхенька адчыняю дзверы сваім ключом. У прыхожай цемра — хоць вока выкалі. Уключаю святло, абыходжу кватэру — нікога, заглядваю ў ванны пакой, у шафу для адзення, пад ложак — вынік той жа... Вяртаюся ў прыхожую, раздумваючы, што рабіць далей... І тут адчыняюцца ўваходныя дзверы, і на парозе вымалёўваецца мая "палова" — узрушаная, з вясёлым тварам. Заходзіць у кватэру і раптам бачыць, што я стаю ў паліто і туфлях.

— Куды гэта ты сабралася? — пытаецца здзіўлена. — Вяселле ўжо звярнулася, госці разышліся, я быў апошнім.

Здымае плашч і акуратна вешае яго ў шафу.

— А чаму ты збегла, галава забалела ці што? Я ўжо вырашыў не надакучваць табе званкамі, падумаў: даедзеш дадому — адразу спаць ляжаш... Але калі ты ўсё роўна не спіш... Ідзі, лапуля, на кухню, пастаў чайнік. Нешта мяне сушыць пасля гэтага вяселля. Напэўна, востранькага пераеў...

Наталля УЛАДЗІМІРАВА.

←Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі будуць стварацца зручныя ўмовы работы рэзідэнтаў СЭЗ"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика