Паслугі з умовамі рэнты

Источник материала:  

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны будзе аказваць разнастайную дапамогу айчынным і замежным інвестарам, якія пажадаюць укласці грошы ў стварэнне дамоў-інтэрнатаў павышанай камфортнасці — з пражываннем у іх пенсіянераў і інвалідаў на платнай аснове. Пра гэта заявіла міністр Марыяна Шчоткіна падчас "круглага стала" на тэму "Інавацыйныя тэхналогіі ў сацыяльным абслугоўванні. Сацыяльная адказнасць сучаснага бізнэсу".

Сядзелка стане больш даступнай?

Паводле звестак міністэрства, сёння сацыяльныя паслугі на даму атрымлівае 83,6 тыс. пенсіянераў і інвалідаў, і гэтая лічба працягвае павялічвацца з кожным годам. Як расце і папулярнасць іншых відаў падтрымкі — тых жа аднаразовых платных бытавых паслуг ці аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў, дзякуючы якім людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць не заставацца адны і паступова павялічваць свае здольнасці.

Дарэчы, паводле слоў начальніка аддзела развіцця і каардынацыі сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання міністэрства Таццяны Фёдаравай, ужо да канца гэтага года аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў будуць працаваць ва ўсіх раёнах Беларусі. Адначасова ёсць намер набываць легкавыя аўтамабілі з пад'ёмнікамі — для арганізацыі падвозу інвалідаў у тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У наступныя пяць гадоў плануецца прапаноўваць яшчэ некалькі цікавых напрамкаў. У прыватнасці — аказанне паслуг за кошт рэнты. Сутнасць тут простая: на падставе дагавору пенсіянер ці інвалід зможа атрымліваць бясплатна разнастайную сацыяльную падтрымку на ўмовах далейшага адчужэння прыватызаванай кватэры ў камунальную ўласнасць. Ці прыжывецца гэта схема ў нашай краіне, павінна паказаць "выпрабаванне" падчас спецыяльнага пілотнага праекта — ён пройдзе ў Мінску.

— Неабходна вырашыць і пытанне з сядзелкамі, — адзначае Таццяна Фёдарава. — Попыт на іх паслугі вялікі. Аднак сёлета такімі паслугамі скарыстаўся толькі 131 чалавек. Сапраўды, у параўнанні з прыватнымі структурамі кошт аплаты тут невысокі. І ўсё ж для значнай часткі нашых грамадзян ён не па кішэні. Таму трэба разглядаць пытанне аб магчымасці прапановы паслуг сядзелак для тых жа адзінокіх грамадзян, якія цалкам страцілі магчымасць самаабслугоўвання і перамяшчэння, па больш нізкіх цэнах.

"Інтэрнат" у межах адной вёскі

У планах на наступныя пяць гадоў — і павелічэнне колькасці аддзяленняў кругласутачнага знаходжання ў тэрытарыяльных цэнтрах. Такія "міні-інтэрнаты" прызначаны для часовага пражывання пенсіянераў і інвалідаў — напрыклад, у традыцыйна складаны асенне-зімовы перыяд.

Ужо сёння аддзяленні кругласутачнага знаходжання працуюць у 50-ці раёнах. І карыстаюцца значным попытам перш-наперш сярод жыхароў вёскі. Пры гэтым тым жа вяскоўцам будуць прапанаваныя і іншыя варыянты.

— У Вілейскім раёне распачаўся даволі цікавы эксперымент — у адной з вёсак за кошт выканкама зроблены бягучы рамонт аднаго з пустых дамоў, а пасля ў гэты дом на зіму засялілася некалькі састарэлых чалавек, да якіх прыходзіць сацыяльны работнік, — кажа старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук. — Яны засталіся жыць у сваёй роднай вёсцы, са сваімі суседзямі. І мы лічым, што гэты варыянт павінен атрымаць працяг. Бо з аднаго боку, так зручна для людзей. А з другога — дзяржава не нясе вялікіх выдаткаў — за харчаванне і камунальныя паслугі плацяць самі ж жыхары дома.

Падказкі для прыватніка

Сацыяльнае абслугоўванне дома і аддзяленні кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў дазволілі вырашыць адну з праблем — з чэргамі ў звычайныя інтэрнаты для пенсіянераў і інвалідаў. Фактычна за непатрэбнасцю зачыніліся чатыры падобныя ўстановы. Разам з тым становіцца ўсё больш актуальным пытанне з месцамі ў інтэрнатах для псіханеўралагічных хворых.

— Дзякуючы рэканструкцыі і перапрафіляванню плошчаў, якія не выкарыстоўваліся, агульная чарга ў дамы-інтэрнаты скарацілася з 1370 да 764 чалавек, да таго ж апошняя лічба стане меншай ужо сёлета — да канца года на 50 месцаў павялічыцца ўмяшчальнасць Дамачаўскага інтэрната, — адзначае начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва міністэрства Марыя Гарбацэвіч. — Аднак цалкам праблема будзе вырашана да 2013 года, прычым на гэтыя мэты ўжо вылучана фінансаванне.

Адначасова ёсць намер зніжаць чаргу не зусім "стандартным" шляхам — дзякуючы адаптацыі дзяцей з абмежаваннямі псіхафізічнага развіцця да звычайнага жыцця. У 2008 годзе ў Веснаўскім дзіцячым інтэрнаце на Магілёўшчыне створаны дом кватэрнага тыпу, дзе падлеткі ва ўзросце ад 18 гадоў з дапамогай выхавацеляў вучацца жыць самастойна. Такім чынам, з'яўляецца альтэрнатыва пераезду ў "дарослы" інтэрнат. Неўзабаве падобны праект распачынаецца і ў іншым месцы — у Багушэўску.

Не менш цікавы намер на бліжэйшы час — стварэнне дамоў-інтэрнатаў павышанай камфортнасці. Пражыванне тут будзе платным. Аднак умовы — лепшымі.

— Тое, што існуюць двухзоркавыя ці пяцізоркавыя гасцініцы, ведае ці не кожны, — заў- важае міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна. — Штосьці падобнае трэба мець і ў сацыяльным абслугоўванні, тым больш што звароты паказваюць — попыт на новыя ўстановы будзе. І неабходна, каб былі адпаведныя прапановы, прычым тут быў бы дарэчы прыватны, у тым ліку замежны, інвестар. Аднак, на жаль, пакуль цікавасці да падобнай прапановы няма. Таму мы заклікаем дзелавыя колы звярнуць увагу на гэты і іншыя сацыяльныя праекты.

Між тым адметныя прыклады тут ёсць. Незвычайную акцыю "Свет праз інтэрнэт" распачынае аператар мабільнай сувязі lіfе:). Ён і вырашыў наладзіць выдачу sіm-картак з трафікам на паўгода людзям, якія не могуць устаць з ложка.

— Мы віталі і будзем вітаць усе падобныя ініцыятывы, — падкрэслівае міністр. — Бо кожнаму зразумела: чалавек, які прыкаваны да ложка, дзякуючы інтэрнэту ўжо не будзе адчуваць сябе адзінокім.

Сяргей ГРЫБ.

Мінск—Чэрвень.

←Аляксандр Лукашэнка: "У Беларусі будуць стварацца зручныя ўмовы работы рэзідэнтаў СЭЗ"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика