Іншага не дадзена

Источник материала:  

Таму... Горад. Гастраном. Вечар, і як заўсёды ў гэты час, чарга каля касы — спераду натоўп і ззаду, але там хоць вясёлы: гамоняць мужыкі (сябры, сваякі?) пра тое, пра гэта; у некага, пытаюць, як будзе адзначаць юбілей.

"Адказчык" па слова ў кішэнь не лезе, кажа, што гэта ж не яго — жончын, то хай яна, маўляў, і вырашае: ён сваю справу зрабіў — грошай ёй даў, спансіраваў... А вось на свой...

— Мужики, ну ей-богу, если доживу, куплю водочки, сварю картошки, нажарю сала с прослоечкой...

— И с лучком, — дадае нехта з кампаніі...

— Поставлю на стол квашеной капусты...

— Холодца, — устаўляе ўсё той жа "голас".

— Открою банку огурцов, и посидим. Нафиг нам рестораны? Оно же лучше — в своей хате, своей сем'ёй... Правда, мужики?

...Не толькі яны, уся чарга, здаецца, дружна пасвятлеўшы тварамі, пагадзілася і цяжка заўздыхала — ад настальгіі...

Ад тугі. Па радзіме.

Ульяна

У вядомых Аўцюках жанчын завуць калінкамі, мужчын каласкамі.

Дык вось — расказвалі — адзін з іх апоўначы прыехаў з нейкай вандроўкі, рэчы на ганку паставіў, а сам па хлявах: праверыў — скацінка ў парадку. У хату пайшоў. І там, паглядзеў — усё, як заўсёды: чысценька, акуратненька, дзеткі дагледжаныя, спяць без задніх ног, жонка ў суседнім пакоі таксама, але... з нейкім другім. Злякаўся мужык, тармосіць яе за плячо:

— Каліначка, х-хто гэта?!

Яна (ледзь вочы прадраўшы):

— Каласок... А хіба не ты?!.. Я такая загнаная, такая загнаная...

Баюся, як большасць калінак увечары.

А вось зранку яны ўжо іншыя, бо на нагах і подбегам — у кухню, у хлеў, у склеп, у гарод, на працу, дамоў... Мімаходзь (для шалёнага сабакі пяць вёрст не круг) — па крамах: у прадуктовую (адну, другую), у прамтаварную...

Вось тут прыпыніцца б — хоць крыху разгледзецца! Не: трэба мігам нешта ўхапіць (з патрэбнага), прабіць у касе ды панесціся далей.

І толькі назаўтра, дома, убачыць, што пакупкі... чамусьці няма, што яна (не сказаць, каб дарагая, але ж сапраўды патрэбная) засталася на прылаўку, у краме.

Збегаць туды яшчэ раз, спытаць, ці не бачылі, у той дзень не выпала, назаўтра таксама. Толькі праз тыдзень, без ніякіх надзей, збочыла з прывычнага маршрута, скіравала да знаёмай касы.

— Ну, нарэшце! — як даўно знаёмай, усміхнулася мне прадавачка. — Я ўжо думала, вы не прыйдзеце... Вось ваша пакупка, вазьміце.

...Мілая дзяўчына. З рэдкім імем — Ульяна.

Ці ўсё ж рэдкая дзяўчына?

З мілым іменем.

Як жанчына жанчыне

Раніца. На прыпынку натоўп: хвалюецца — нервова чакае тралейбуса (відаць, недзе затор), потым зрываецца з месца — "уліваецца" ў дзверы, як трэску, гоніць у салон і нават садзіць. Хоць яно і ненадоўга.

— Вы выходзіце? — загадзя пытаю ў жанчыны, што прыткнулася побач.

— Але, — ківае яна. І тут жа дадае, — тут метро, тут шмат хто выходзіць, так што паспеем, не хвалюйцеся... Пасядзіце яшчэ — вы ж таксама, мусіць, стаміліся?

...На гадзінніку палова дзявятай.

Свята

Як там у Пушкіна: "Ее душа ждала кого-то...".

"Ждала", зразумела ж, маладога, прыгожага, разумнага, добрага, багатага, смелага... Прынца на белым кані альбо "мерседэсе"!

"Мерседэс" у абранніка быў, хоць і моцна патрыманы. А вось больш, здаецца, нічога: на 15 гадоў старэйшы, несвабодны, непрыгожы, неразумны, нерашучы, бо затлуміўшы галаву маладзенькай, прыгожай, як лялька, студэнтцы, з жонкай (якую — па словах — зусім не любіў) так і не развёўся. А каханка зацяжарала і (звар'яцела, не іначай!) "паламала сабе жыццё" — нарадзіла.

Сына гадавала сама (бацька існаваў хіба віртуальна). Замуж так і не выйшла...

Радасць нядаўна мела: дзіця яе зарабіла першыя грошы! І купіла ёй (сабе — анічога!) кветкі, мабільнік і каробку цукерак. Свята...

Якога жанчына магла б не мець, каб не тое вар'яцтва.

Чарга

Старасць залежыць ад таго, на што патрачана маладосць.

Рацыя ў гэтых словах, безумоўна, ёсць, але не заўсёды, бо вось Аляксеевіча ніхто не папракне — чалавекам жыў (прычым змоладу), а дажывае...

Адзін, як палец (жонка памерла, сын за мяжой), а ўжо хворы...

Даўно... І, на жаль, невылечна. Але ж да дактароў ходзіць.

Вось і трэцяга дня, расказваў, у лякарню падаўся, ля патрэбнага кабінета чаргу заняў — за, мякка кажучы, вельмі пажылой заклапочанай жанчынай: перажывала яна, бедная, што картку не нясуць — пайшла па яе сама.

Ён таксама без той карткі стаяў. І таксама нерваваўся, таму, пачуўшы за спінаю: "Хто апошні?", тут жа сказаў, што дакладна ведаў: "Я... Але спераду яшчэ бабулька... Яна адышла. А зараз і я адыду... Вы першай будзеце".

...Жанчына (якая пыталася) была так рада, казаў.

І ён смяяўся.

Хоць, відаць, і праз слёзы.

Кантрасты

Горад. Двор. У дзевяць раніцы ён амаль пусты, бо людзі больш-менш маладыя ўжо разышліся, раз'ехаліся на працу ці ў вучэльні, а малыя ды старыя яшчэ па дамах. Таму на вуліцы ціха, пакуль...

З дзікім грукатам не адчыняюцца дзверы пад'езда, у які іду, пакуль адтуль куляй не вылятае прыбіральшчыца.

— Сволачы! Свінні! — (мацюкі прапускаю — Аўт.) крычыць яна немаведама каму. — Каб жа вас паразрывала! Каб жа вам... Цьфу!..

Чаго яна так, здагадацца няцяжка: нехта зноў напаскудзіў.

Асцярожна (каб не ўляпацца) заходжу ў пад'езд, асцярожна іду — па шчарбатай плітцы, па дзіравым лінолеуме, выклікаю ліфт. Дзверцы яго паслухмяна адчыняюцца і...

Відовішча — не для гідлівых!

А камусь прыбіраць...

З думкай пра тое, колькі ж за гэта трэба плаціць, пехам падымаюся на патрэбны паверх, пехам праз гадзіну спускаюся. Ліфт выклікаю толькі ўвечары. Там, як і варта было чакаць, ужо чыста (дакладней — прывычна брудна, бо столь і сцены "распісаныя", папаленыя, у рэштках жуйкі, рэклам)... Больш за тое — нейкая з жанчын пакінула ў кабінцы пах такой шыкоўнай парфумы...

Паміж Мінскам, што бачаць турысты, і Мінскам, у якім жыве абсалютная большасць мінчан, агульнага, мусіць, столькі ж, колькі паміж... пахамі (ранішнім і вячэрнім) — у знаёмым ліфце.

Лекі

Жыццё, як свечка на ветры — Пятровіч пасля інсульту... Дзякаваць Богу, жывы... Нават на нагах. Хоць, дакладней сказаць, — на леках...

Апроч іншага, яму фезам прапісалі. Пад рукою ляжыць, на століку, ажно тры ўпакоўкі, бо старая ўжо канчаецца, а новыя — яшчэ не пачатыя. Што, магчыма, цікава: кошт першай, купленай з месяц назад, 13080 рублёў, кошт другой — 16900...

Таму сцвярджаць, што кошты на лекі ў нас не растуць, могуць хіба тыя, хто не мае прывычкі лічыць грошы, хто ніколі ні на што не хварэе. Альбо лечыцца задарма.

...Да слова: на той жа тумбачцы — нітрагліцэрына. Так і напісана — з аднаго боку па-руску, з другога — па-беларуску.

Што цікава, напісана не нашымі, не тутэйшымі вытворцамі, а ўкраінскімі. Яны (з горада Умань), трэба зразумець, знайшлі чалавека, які хай кароткі, але ж тэкст, падаў па-беларуску.

А нашы, выходзіць, не могуць знайсці?

Ці не хочуць? Не лічаць патрэбным?

І тым самым (мяне асабіста...) не лечаць, а наадварот — дадаюць болю. Сардэчнага.

Спадчына

У так званым дэкрэтным (адпачынку па доглядзе малога) жанчыны тады "сядзелі" да года. Дакладней — мелі права "сядзець", маючы грошы...

Волька іх не мела, бо мужавай зарплаты ледзь хапала на здымнае жыллё ды хлеб. Бацькі маглі "падкінуць" да яго нейкай бульбы, масла, смятаны, нават мяса — зрэдчас... Браць там яшчэ і грошы маладым не давала сумленне.

Таму — як ні страшна было — малое, чатырохмесячнае дзіця яны завезлі ў маленькую (20 хат) глухую вёску да свекрыві і... пакінулі.

Бабуля, на шчасце, не супраць, нават рада была, бо ў малечы той душы не чула!

Дзіця ў ёй — потым — таксама, гэта значыць, што мама з татам маглі прыязджаць, а маглі і не: галоўнае, каб побач былі бабуля і дзед, каб кот з сабачкам, каб парасяты ля хлеўчыка, каб кветкі ў гародчыку і матылькі, каб арэлі пад яблыняй, каб рэчка...

Ні дня малая не хадзіла ў садок і, каб яе воля, ад бабулі пайшла б у школу, але бацькі на той час крыху абжыліся — атрымалі хай падменнае, цеснае, але ж сваё жыллё і слухаць не хацелі пра вясковую школу.

Дзяўчынка — дарослым не дакажаш — вучылася ў гарадской — ад канікулаў да канікулаў, падчас якіх па-ранейшаму жыла там, дзе лепей, там, дзе хацелася, гэта значыць, у вёсцы — у бабулі з дзедам ...

Цяпер іх ужо няма. Любімай унучцы ў спадчыну дастаўся дом — з усімі пабудовамі, з састарэлым садам... І яна, ужо замужняя, чаго толькі там ні зрабіла: з мужам (добрага чалавека Бог даў) паставілі новыя платы, памянялі вокны і дах, пафарбавалі франтоны і сцены, пасадзілі сад, даглядаюць зямлю... Але гэта знешне, а варта націснуць клямку і адчыніць дзверы ў дом...

Там усё, лічы, як раней, як некалі: тыя ж плеценыя дыванкі-палавікі на старой падлозе, тыя ж драўляныя ложкі, засланыя падузорнікамі і саматканымі посцілкамі, тыя ж абразы на покуці ў прыгожых набожніках, тыя ж бабуліны вышыванкі ў рамках, дзедаў вялікі стол, высокія табурэткі, гадзіннік з зязюляй, буфецік (з мікрахвалёўкай), чыгункі і ўсё начынне ля печы... Спрадвечны сялянскі дух...

Адкуль... цалкам магчыма, што нашы вялікія вёскі адродзяцца, захаваюцца праз аграгарадкі. Малыя (іншага не дадзена) выжывуць (калі выжывуць...) дзякуючы ўнукам.

Жаба

Гэта — як "Ойча наш" (прынамсі, цяпер): хочаш зрабіць камплімент жанчыне — скажы, што яна пахудзела.

Але Рыце мы гэтак не кажам, бо "пахудзелая" яна заўсёды. Прычым (хай прабачыцца) — да стану "кіля касцей і літр крыві".

Прычына таму адна і добра вядомая — жаба. Гэта значыць, зайздрасць, незадаволенасць... Здаецца, усім. Само сабою — мужам, бо ён дурны, мала зарабляе і п'е (хоць замуж сілай яе ніхто не гнаў, "Бачылі вочы, што куплялі"...), само сабою, дочкамі (у іншых яны выдатніцы, музыкай займаюцца, а гэтыя... Дзяўчаткі як дзяўчаткі), само сабою, кватэрай — "паўтарачка" ў іх на чацвярых, і ў бліжэйшай перспектыве нічога не прадбачыцца, само сабою, яе начыннем — мэбляй, тэхнікай, інтэр'ерам; само сабою, працай, бо "за тры капейкі важдацца з хворымі" яна, можна сказаць, не пачаўшы, кінула — пайшла гандляваць на рынак, там зарабляе больш, але ўсё роўна мала, адкуль незадаволенасць абсалютна ўсім астатнім: сваім гардэробам (у іншых ён лепшы), сваёй знешнасцю, сваім адпачынкам...

Некалі даўно, пачуўшы Рыціны скаргі, мы, яе прыяцелькі, браліся дапамагаць (хто чым мог), потым (і безумоўна ж, далікатна) раіць: напрыклад, хоць часова ды раз'ехацца з мужам (калі ўжо разам так невыносна), памяняцца з бацькамі — яны ж не ворагі — кватэрамі (у іх трохпакаёўка на дваіх), пашукаць сабе іншую працу, зарплату... У крайнім выпадку, не паліць сабе нервы — змірыцца і жыць...

Цяпер, зразумеўшы, што Рыта ніколі не адважыцца нешта змяніць (бо баіцца, што стане горай), яе ж, звычайныя скаргі слухаем з... усмешкай, якую так хораша "агучыў" (светлай памяці!) Аляксандр Дракахруст:

О, как ты костеришь судьбу

за бесполезную борьбу

и за нужду, и за нуду,

и за всеобщую беду,

и за нелепую страну,

и за неверную жену...

Молчу.

Но честно говоря,

ты на судьбу, ей-Богу, зря.

Валянціна Доўнар

←Большая разница. Разумное ограничение потребительского импорта сохранится, но главную ставку будут делать на рост экспорта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика