Каля Чырвонага касцёла. У цэнтры горада з’явіцца бюст Вайніловіча
Мінская мэрыя дала дабро на ўвекавечанне памяці шляхціца, дзякуючы якому сто гадоў назад быў пабудаваны сучасны сімвал сталіцы — Чырвоны касцёл. Помнік Эдварду Вайніловічу будзе ўсталяваны ў скверы ля святыні.
Спачатку прапаноўвалася даць імя вядомага грамадска-палітычнага дзеяча самому скверу, а таксама перайменаваць вуліцу Берсана ў вуліцу імя Эдварда Вайніловіча. Упраўленне культуры Мінгарвыканкама гэту прапанову не падтрымала, спасылаючыся на тое, што тапонім не адпавядае стылістыцы сквера і тэме скульптурнага аздаблення фантана, які там знаходзіцца. Эдвард Вайніловіч і яго жонка Алімпія ахвяравалі сродкі на будаўніцтва касцёла ў памяць аб сваіх дзецях — Сымоне і Алене, якія рана памерлі. Сябра Кастуся Каліноўскага і фундатар паўстання 1863—1864 гадоў, Эдвард падтрымліваў нацыянальную беларускую культуру і ідэю незалежнай Беларусі, актыўна займаўся дабрачыннасцю, дапамагаў сіротам і бедным. Вайніловіч памёр у Польшчы, але яго рэшткі былі перазахаваны ў Чырвоным касцёле ў 2006 годзе. Як нам паведамілі ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама, ажыццяўленне праекта будзе справай не горада, а непасрэдна Міністэрства культуры. Як будзе выглядаць помнік, з чаго ён будзе зроблены — пакуль невядома. Хутчэй за ўсё, за права стварыць бюст скульптары паспрачаюцца ў рамках конкурсу.