Доўгая дарога дадому

Источник материала:  

Хакейны клуб "Дынама-Мінск" пасля пяці тыдняў вандровак па расійскіх ды бабруйскіх землях нарэшце вяртаецца дахаты. Апошняй кропкай вялікага падарожжа былі падмаскоўныя Мыцішчы, дзе "зубраў" чакаў у госці мясцовы "Атлант".

Гэты супернік для дынамаўцаў — звышпрынцыпіяльны і не вельмі зручны. За тры гады ў КХЛ каманды правялі ўжо 8 сустрэч, і 7 перамог у іх засталіся за расіянамі. Супрацьстаянні каманд заўсёды праходзяць не так, як гэтага чакаюць заўзятары. Яшчэ большай цікавасць да гульні "Дынама"—"Атлант" у гэтым годзе дабавілі два факты. Па-першае, у пачатку сезона галкіпер мінчан і беларускай нацыянальнай зборнай Віталь Коваль, незадаволены фінансавым бокам свайго кантракту з "Дынама", перайшоў менавіта ў "Атлант". Па-другое, галоўныя трэнеры абодвух клубаў, Марэк Сікора і Мілаш Ржыга, — чэхі, і, тым больш, добрыя сябры.

Падсумоўваючы ўражанні ад гульнявога вечара, смела можна сказаць: "Як мага хутчэй хочацца забыцца пра ўбачанае". Магчыма, на "Дынама" адбілася гасцявая серыя, якая зацягнулася, і нялёгкі маршрут Мінск—Чалябінск—Уфа—Магнітагорск—Мыцішчы (гэта амаль 5 тысяч кіламетраў). Ужо на другой хвіліне "зубры" атрымалі колькасную перавагу, але нясмелыя спробы розыгрышу лішняга паказалі, што працы ў гэтым накірунку яшчэ безліч. А вось першае ж выдаленне ў беларускай камандзе скончылася ўзяццем варот: мітусня на дынамаўскім "пятачку" скончылася пасам вольнаму Гарохаву, якога ніхто не прыкрываў, і той без праблем расстраляў неабаронены кут варот— 1:0. Прапушчаны гол прымусіў актывізавацца гасцей. Мінчане перахапілі ініцыятыву (чаму ў немалой ступені паспрыялі і тры выдаленні запар у "Атланта"), аднак так і не змаглі закінуць. Найбліжэй да закінутай шайбы быў Андрэй Стась, але Коваль выйграў у яго абедзве дуэлі. У канцы перыяду "Дынама" засталося ў меншасці: Падградскі трапіў клюшкай у нос суперніку, а той жа Стась атакаваў суперніка, які знаходзіўся без шайбы. Беларуская дружына гуляла ўтрох, і за дзясятак секунд да сірэны "Атлант" мог падвоіць перавагу, але выратаваў Роберт Эш.

Наогул, уся гульня разбілася на невялікія эпізоды з-за шматлікіх выдаленняў, якія часам вельмі здзіўлялі. Суддзі ў гэты вечар часта спынялі гульню, што было не зусім зразумела. Узяць, напрыклад, дысцыплінарныя 10 хвілін Андрэю Міхалёву, выпісаныя за тое, што гулец закінуў шайбу ў вароты пасля свістка. Ці шматлікія атакі на хакеістаў без шайбы, ці затрымкі ў сярэдняй зоне. Усё гэта не толькі перашкаджала наладжванню каманднай гульні, але і зноў яскрава паказала, што над выступленнем у няроўных саставах, як у большасці, так і ў меншасці, — "зубрам" яшчэ шмат трэба працаваць. Адным запрашэннем Петра Сікоры сітуацыю не выправіш. Зараз па рэалізацыі большасці "Дынама" займае толькі 16-е месца ў лізе. Па надзейнасці ў меншасці "бела-блакітныя" наогул дваццатыя..

У выніку "зубры" прапусцілі яшчэ тры шайбы, а самі змаглі толькі раз засмуціць Коваля. Віталь выйшаў пераможцам у супрацьстаянні з былымі аднаклубнікамі, а дынамаўцы вяртаюцца на радзіму, у цэлым, з нядрэнным вынікам. Галоўны трэнер беларускай каманды Марэк Сікора пасля гульні пацвердзіў агульныя ўражанні: "У нашых рускіх калег ёсць такі выраз "вочы не гараць", гэта дакладна пра нас сёння. Пяць ачкоў, узятых намі раней у гэтым цяжкім падарожжы, мабыць, не далі гульцам настроіцца на апошні паядынак серыі. Такое адчуванне, што мы ўвесь матч правялі ў большасці. Але гулялі ў ім дрэнна".

Яўген ВАРАКСА.

←Усс: Лукашенко будет у меня премьером

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика