Дзіцячае пытанне

Источник материала:  

Улады Магілёўскай вобласці просяць паведаміць бацькам маленькіх дзяцей, што праблемы з забеспячэннем месцамі ў дзіцячых садках будуць вырашацца. Метады розныя: ад арганізацыі падвозу дзяцей да дашкольных устаноў да будаўніцтва новых.

Пытанне аб дзіцячых садках прагучала ў часе нядаўняга візіту Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёў. Жыхары Саломінкі, дзе ўрачыста адкрыўся Палац гімнастыкі, паскардзіліся на недахоп месцаў у дзіцячых садках мікрараёна.

Як паведаміў журналістам на прэс-канферэнцыі намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, праблему вывучала працоўная група. Увогуле колькасць месцаў для дашкольнікаў нават трохі перавышае патрэбу. Аднак гэты прафіцыт ілюструе толькі агульную сітуацыю: на- самрэч, дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках адчуваюць у шэрагу раёнаў Магілёва і Бабруйска, а таксама ў некаторых раённых цэнтрах — Горках, Мсціславе і Крычаве.

Сітуацыя з дзіцячымі садкамі залежыць ад дэмаграфіі. У апошняе дзесяцігоддзе новыя дашкольныя ўстановы не толькі не будавалі, але і перадавалі дзейныя пад іншыя патрэбы. Проста не было каму ў іх хадзіць.

Цяпер, у сувязі з некаторым павелічэннем нараджальнасці, даводзіцца мяняць палітыку.

Кардынальнае вырашэнне праблемы — гэта, зразумела, пабудова новых дзіцячых садкоў. Аднак справа дарагая: садок на 200-250 месцаў каштуе 25-30 мільярдаў рублёў. Дашкольныя ўстановы ўзводзяцца, але трэба дапамагчы бацькам і іх маленькім дзецям арганізацыйнымі мерамі.

— Тут не патрабуецца нешта надзвычайнае, — запэўніў кіраўнік упраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Леанід Сматрыцкі. — Размова ідзе пра тое, як упарадкаваць вольныя месцы ў дзіцячых садках і наблізіць іх да месцаў пражывання.

Бацькам малых прапануюць месцы ў дзіцячых садках суседніх мікрараёнаў, дзе павялічаць групы. Прыняць большую колькасць дзяцей садкам дазволіць вяртанне памяшканняў, якія ў ранейшай сітуацыі перарабілі ў зімовыя сады, кабінеты эстэтычнага выхавання і спартыўнай падрыхтоўкі. У Магілёве 31 першы клас пераедзе з дзіцячых садкоў у школы, што зноў-такі дазволіць вызваліць месца для дашкольнікаў у наступным сезоне.

Упраўленне адукацыі паведаміла, што вядзецца маніторынг па арганізацыі падвозу малых у дашкольныя ўстановы іншых мікрараёнаў. Гэта павінен быць камфартабельны транспарт са спецыяльным раскладам руху, а дзяцей будуць суправаджаць нянька альбо медыцынская сястра. Праўда, ці будзе такая паслуга платная — пакуль ніхто не кажа, бо яшчэ невядома, ці будзе ўвогуле запатрабаваны такі варыянт бацькамі.

У Магілёве вырашана актывізаваць будаўніцтва дзіцячых садкоў. Новая дашкольная ўстанова з'явіцца ў мікрараёне Саломінка і ў новабудоўлі "Спадарожнік", верагодна — хутчэй за раней вызначаныя тэрміны. У прыгарадным пасёлку Малая Бароўка групы для дашкольнікаў арганізуюць у мясцовай школе.

Рыхтуюцца вырашыць праблемы з вольнымі месцамі ў дзіцячых садках і ў бабруйскіх мікрараёнах. У Крычаве ўжо праектуюць дашкольную ўстанову ў мікрараёне "Сож", дзе будзе 200 дадатковых месцаў.

Увогуле да 2014 года ў Магілёўскай вобласці пабудуюць 14 дашкольных устаноў, у тым ліку 7 — у абласным цэнтры. За гэты час у Магілёве адкрыецца 2780 новых месцаў у дзіцячых садках. І хоць у бліжэйшыя гады вялікага павелічэння колькасці дзяцей не прагназуецца (паводле падлікаў, будуць запатрабаваныя 1000-1500 з новых месцаў), улада гатова зрабіць усё такім чынам, каб было зручна бацькам і ўтульна малым.

Ілона Іванова.

←Усс: Лукашенко будет у меня премьером

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика