Вежа чаканняў

Источник материала:  

Зваротная сувязь

Недабудаваны вышынны дом у Магілёве псуе выгляд цэнтра горада, а людзі, якія выкупілі там кватэры, звяртаюцца па дапамогу да ўладаў і ў Камітэт дзяржкантролю.

У час апошняй "прамой лініі" да старшыні КДК Зянона Ломаця звярнулася жанчына. Маладая сям'я — жонка, муж і маленькае дзіця — здымаюць жыллё і чакаюць сваёй новай кватэры, за якую заплацілі год таму. Грошы вельмі значныя, але тэрміны засялення па-ранейшаму застаюцца няяснымі.

— Мы летась у лістападзе аддалі ўсю суму адразу, — расказала жанчына. — Спачатку абяцалі заканчэнне будоўлі сёлетняй вясной, потым — па заканчэнні года. Але тэрміны зноў адкладаюцца на няпэўны час.

Вежа чаканняўРазмова ідзе пра жылую вежу ў прэстыжным месцы, каля гасцініцы "Магілёў" і зоны адпачынку ля ракі Дубровенка. Гараджане называюць яе "бяльмом на воку", бо менавіта гэты вялікі недабуд бачаць магілёўцы і госці горада, якія ўязджаюць у Магілёў з мінскага напрамку.

Вежу ў 22 паверхі будуе ў абласным цэнтры прадпрыемства з замежным капіталам "Кравіра". Спачатку паведамлялася, што фірма ўзвядзе комплекс з трох жылых будынкаў, які ўпрыгожыць архітэктурны ландшафт магілёўскага цэнтра, аднак у добрую справу ўмяшаўся эканамічны крызіс. Грошай на заканчэнне будаўніцтва стала не хапаць.

Калі будоўля відавочна затармазілася, па горадзе нават папаўзлі чуткі, нібыта ў доме пайшлі расколіны і ён ледзь не спаўзае ў роў. Улады рашуча абверглі пагалоску і сталі весці перамовы з фірмай аб завяршэнні будаўніцтва.

Старшыня Камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Магілёўскага аблвыканкама Сямён Балоцін каментаваў для журналістаў сітуацыю вакол недабуда: паводле яго слоў, улады імкнуцца выкупіць у доме шэраг кватэр, каб будаўніцтва працягвалася.

Аднак і тут ёсць праблемы, пра якія паведамілі ўладальнікі пакуль яшчэ віртуальнай кватэры ў новым доме на "прамой лініі" ў Камітэце дзяржкантролю. Справа ў тым, што цана квадратнага метра ў гэтай маналітнай вежы перавышае вызначаныя нарматывы. Таму Магілёўскі гарвыканкам цяпер працуе з паспяховымі прамысловымі прадпрыемствамі, якія б маглі набыць жыллё ў такім доме для сваіх работнікаў і тым самым выратаваць будаўніцтва.

Наколькі вядома, на гэты момант не ідзе размова пра падманутых дольшчыкаў. У фірме-забудоўшчыку, паводле некаторай інфармацыі, гавораць пра аднаўленне будаўніцтва ў бліжэйшы час. Напэўна, і грошы можна было б вярнуць, але людзі хочуць атрымаць сваё новае жыллё, сучаснае і камфортнае. Калі наваселле? Вось гэта галоўнае пытанне.

Ілона Іванова.

←Усс: Лукашенко будет у меня премьером

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика