Прыз падпісчыку «Звязды» з... 1932-га года

Источник материала:  

Ведай нашых!

Учарашні дзень надвор'ем не цешыў: у Мінску з раніцы церушыў дождж і, як кажуць, абложны, таму нават самы галоўны сталічны праспект выглядаў пустым.

Што датычыцца паштамта, то тут якраз наадварот — было мнагалюдна, было ўтульна і цёпла: РУП "Белпошта" праводзіла чарговы дзень падпісчыка, да якога "Звязда", па традыцыі, прымеркавала ўручэнне прызоў. На гэты раз ён быў адзін, але ж досыць істотны — каляровы тэлевізар "Віцязь".

Хто выйграў яго? Як любяць паўтараць на адным з расійскіх тэлеканалаў — вы не паверыце: падпісчык "Звязды" з... 1932 года!

Прыз падпісчыку «Звязды» з... 1932-га годаЦімафей Сямёнавіч Паваротны нарадзіўся ў вёсцы Жораўка Пухавіцкага раёна ў шматдзетнай сям'і. У яго было тры сястры, 5 братоў. Што цікава, адзін з іх — старэйшы, Зміцер, у 30-я гады (зноў жа — вы не паверыце!) працаваў... у рэдакцыі нашай газеты, жыў у доме, які месціўся побач з цяперашняй Кастрычніцкай плошчай. У яго там асобны пакойчык быў, дзе, па ўспамінах брата (Цімафей Сямёнавіч адтуль у пяты клас хадзіў), гасцявалі Кандрат Крапіва, Максім Лужанін, іншыя вельмі прыгожыя інтэлігентныя людзі, прозвішчы якіх не захавала дзіцячая памяць. А вось тую ноч...

— Энкэусаўцы ўсіх нас паднялі, уваліліся ў хату, ператрэслі ўсе кніжкі, усе паперы — немаведама за што арыштавалі брата, павезлі з сабой. Мы баяліся, што ён ужо і не вернецца, — вестак вельмі доўга не было. Потым, праўда, ён азваўся — расказаў, колькі здзекаў вынес. Прычым ні за што... Рэабілітавалі ж яго. Але ў Беларусь ён так і не вярнуўся...

Сам жа Цімафей Сямёнавіч у 38-м быў прызваны ў армію. Дэмабілізавацца не паспеў — пачалася вайна. Адтрубіў там, як кажа, з першага да апошняга дня, вярнуўся ў разбураны Мінск, уладкаваўся на працу, сустрэў прыгожую дзяўчыну, ажаніўся, прычакаў нараджэння дзяцей, узяўся будаваць свой дом. Што, зразумела ж, цяжка было, але...

— Ведаеце, тады гэта не адчувалася, — на добрай беларускай мове кажа жонка Цімафея Сямёнавіча Алена Адамаўна (яна некалі ў беларускай школе на пяцёркі вучылася...). — Можа, таму што мы маладыя былі, дужыя, не баяліся ніякай работы... А можа, таму, што ўсе цяжкасці міжволі параўноўвалі з вайной, і яны адразу ж падаваліся смешнымі.

Гэта, мусіць, не дзіва, калі ведаць, што нарадзілася Алена Адамаўна ў Мінску, на вуліцы Рабкораўскай — побач з вакзалам, ад якіх мала што засталося пасля першых варожых налётаў.

— Людзі ўцякалі з горада хто куды, гінулі на вачах... Мы з мамай, калі пачыналася бамбёжка, падалі на зямлю побач — галава к галаве — каб калі загінуць, то ўжо разам, бо інакш... Я не перажыла б яе смерці, яна маёй...

Бог дараваў ім жыццё. Якое, на шчасце, знайшло працяг: з гонарам расказвалі сужэнцы пра сваіх дзяцей, унучак (іх чацвёра, усе з вышэйшай юрыдычнай і педагагічнай адукацыяй), пра сваіх праўнукаў.

Што да "Звязды", то...

— Ні грошай, ні часу на гэту газету нам не шкада, — прызнаюць, відаць, найстарэйшыя ў сталіцы нашы падпісчыкі. — У кожным нумары вельмі прыгожыя здымкі, шмат цікавай і патрэбнай інфармацыі, а галоўнае — на роднай мове. Нашы дзяды на ёй размаўлялі, нашы бацькі. Нельга і нам цурацца — ні мовы, ні газеты.

Заклікаюць да гэтага Цімафей Сямёнавіч Паваротны, якому пераваліла за 90, і Алена Адамаўна, якой ужо добра за 80. Выглядаюць абое проста цудоўна! Таму не маглі не спытаць, як жа ўдалося захаваць здароўе, цвярозы розум? Адказала за дваіх Алена Адамаўна:

— Саступалі ўсё жыццё адно аднаму, шкадавалі, клапаціліся... Я цяпер ці не кожную гадзіну пытаю ў яго: "Можа, табе што зварыць, што падаць?" Ён таксама да мяне ўважлівы. З дзецьмі ладзім, з унукамі. Яны нам дапамагаюць — мы ім, хоць яны і адмаўляюцца... Чытаем шмат, цікавімся ўсім, што адбываецца ў краіне, у свеце, маем пад вокнамі пяць сотак зямлі...

Аднак гэта — ужо да часу: дом, які так цяжка, цягам пяці гадоў, будавала сям'я Паваротных, у бліжэйшы час плануюць знесці. Сям'ю ветэранаў чакае пераезд. Але і тады, па ўжо новым адрасе, да іх, як абяцаюць, будзе прыходзіць найстарэйшая беларуская газета. Бо як без яе? Ды ніяк!

Падыходзілі да стэнда "Звязды" і іншыя нашы сябры — падпісчыкі, паштавікі. Мы рады былі пазнаёміцца, адказаць на іх пытанні, запісаць заўвагі, ад асобных пачуць, што ўжо аформілі падпіску — хто адразу на паўгода, а хто і на месяц... Для чаго, дарэчы, РУП "Белпошта" і ладзіць падобныя сустрэчы — кожны квартал, па ўсёй краіне...

У Мінску на сталічным паштамце адкрывала свята (і зноў жа на добрай беларускай мове) намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Ірына Ігнацьеўна Саксонава, якую мы і папрасілі ўручыць прыз нашым найшаноўнейшым падпісчыкам, мінчанам, ветэранам Вялікай Айчыннай.

Хочацца верыць, не апошнім з магікан?

Валянціна Доўнар, Таццяна Прус.

←Ошибочка вышла

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика