«Умовы для прыцягнення інвестыцый трэба яшчэ лепш адаптаваць да рэалій»

Источник материала:  

Напэўна, яны павінны быць больш ільготнымі, чым у нашых суседзяў, лічыць старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы, дэлегат ІV Усебеларускага народнага сходу Аляксандр АНТОНЕНКА

З якімі праблемамі людзі прыходзяць на прыём да былога старшыні Гродзенскага гарвыканкама, а цяпер дэпутата парламента Аляксандра Антоненкі? Паводле яго ацэнкі, апошнім часам зваротаў па сацыяльна-бытавой сферы стала менш, а пераважаюць па-ранейшаму жыллёва-камунальныя пытанні. У чым і пераканаўся карэспандэнт "Звязды" падчас апошняга прыёму грамадзян.

«Умовы для прыцягнення інвестыцый трэба яшчэ лепш адаптаваць да рэалій»

— Крыўдна за свой дом. Хочам жыць у добраўпарадкаваных кватэрах, робім адлічэнні на капрамонт, аднак... з жахам чакаем чарговага дажджу, чарговага стрэсу і страты здароўя. Ходзім, кленчым, камунальшчыкі адпісваюцца, што зроблены бягучы рамонт даху, а вынік нулявы, у кватэры пастаянна мокра, — не толькі ад свайго, але і ад імя суседзяў гаворыць жыхарка дома № 38 па праспекце Кляцкова Людміла Рудзяк, пацвярджаючы сказанае пісьмовай карэспандэнцыяй і фатаграфіямі.

Таксама праблема "з барадой" і ў жыльца дома дома № 11 па вуліцы 1 Мая Віталя Ярохіна, хіба што ў дачыненні не да даху, як у папярэднім звароце, а да падвала, каналізацыі і цеплатрасы. Нягледзячы на тое, што чалавек пражывае на тэрыторыі не яго, а іншай выбарчай акругі, Аляксандр Антоненка прымае і гэтую заяву.

— З падобнымі скаргамі да вас, пэўна, звярталіся, і як да мэра горада?

— У прынцыпе — так. Гэта тыя ж пытанні, але цяпер ужо людзі звяртаюцца да дэпутата быццам у апошнюю інстанцыю. Стараюся знаходзіць узаемаразуменне з мясцовай уладай, тым больш, што я і сам — выхадзец з гэтай улады.

Праўда, наступны падчас гэтага прыёму, калектыўны зварот (па пытанні працоўнага стажу) запатрабуе разгляду не мясцовымі органамі ўлады, а рэспубліканскімі структурамі.

— Ці адсочваеце, як вырашаюцца ўзнятыя ў зваротах да дэпутата праблемы?

— У абавязковым парадку, на сто працэнтаў. Усе звароты ставяцца на кантроль, і, калі бачым, што не да канца вывучана пытанне (а яго можна было вырашыць), тады мой памочнік ім асабіста займаецца.

Іншая справа, калі людзі прыходзяць са скаргамі на судовыя рашэнні.

— На жаль, па гэтых пытаннях дэпутаты наўрад ці чым могуць дапамагчы, паколькі гэта можа быць расцэнена як умяшанне ў ход следства, націск на суд, — тлумачыць Аляксандр Антоненка. — Аднак калі скарга ўсё ж паступае, то накіроўваем на рэагаванне ў органы пракуратуры альбо ўнутраных спраў.

— А ці звяртаюцца людзі па пытаннях не асабістага характару, а тых, што служаць падставай для нейкіх рашэнняў у маштабах горада?

— І не толькі горада, але і ўсёй краіны. У прыватнасці, мы ўжо доўгія гады не можам вырашыць на сучасным узроўні пытанні так званага безбар'ернага асяроддзя. Скажам, пандусы для інвалідаў-калясачнікаў будуем, але робіцца гэта ў адрыве ад іншых складовых дома ці ўстановы. Няма комплекснай сістэмы. Напрыклад, нават калі чалавек з дапамогай пандуса трапіць у краму, дык там яму далёка не заўсёды зручна рухацца паміж касамі, прылаўкамі. Гэта вельмі вялікая праблема, якая павінна вырашацца комплексна.

— А якія яшчэ праблемы вас хвалююць як дэпутата і дэлегата Усебеларускага народнага сходу?

— Лічу правільным, што ставяцца вялікія задачы па прыросце валавой прадукцыі. У нас выйсця іншага няма, каб не адстаць ад тэмпаў, якімі развіваюцца нашы суседзі. А для гэтага, зразумела, патрэбны інвестыцыі, якія залежаць перш за ўсё ад стабільнага заканадаўства, зразумелай, даступнай падатковай і фінансавай сістэмы, гарантый стабільнасці і ўласнасці. Умовы для прыцягнення інвестыцый трэба яшчэ лепш адаптаваць да рэалій, яны, мяркую, павінны быць больш ільготнымі, чым у нашых суседзяў.

Хвалююць і ўзаемаадносіны з нашымі бліжэйшымі суседзямі. Хацелася б, каб узнікала менш непаразуменняў, усё рэгулявалася доўгатэрміновымі дагаворамі, было дакладна, празрыста і зразумела.

Што датычыцца выканання бюджэту, то сумы гранічнага дэфіцыту, які закладваецца (тры працэнты ад валавога ўнутранага прадукту) баяцца не варта. Трэба не дапусціць іншага — збояў пры рэалізацыі планаў, якія прадугледжаны для выканання гэтага бюджэту. Калі ўсе мерапрыемствы па мадэрнізацыі эканомікі, новых вытворчасцях, інавацыях, інвестыцыях, пашырэнні рынкаў збыту нашай прадукцыі ажыццёвяцца, то, няма сумненняў, бюджэт будзе выкананы. Мяркую, краіна здольная справіцца з гэтымі задачамі.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

←Ошибочка вышла

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика