У Мінску праходзіць сумеснае пасяджэнне калегій МЗС Беларусі і Расіі
Адкрываючы пасяджэнне, кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Сяргей Мартынаў адзначыў: галоўнае пытанне парадку дня — аналіз ходу выканання сумеснай двухгадовай праграмы ўзгодненых дзеянняў у сферы знешняй палітыкі.
Мартынаў падкрэсліў, што ўсе пытанні сённяшняга пасяджэння «вельмі актуальныя» для абодвух бакоў.
«Абодва МЗС працуюць не толькі над двухбаковымі адносінамі, але і над тымі выклікамі, якія звязаны з наступствам сусветнага эканамічнага крызісу, мадэрнізацыямі нашых эканомік. Наяўнасць гэтых выклікаў толькі садзейнічае паспяховай актывізацыі нашага ўзаемадзеяння», — лічыць міністр.
Ён, у прыватнасці, выказаў падзяку расійскім калегам за падтрымку ў ААН ініцыятывы Беларусі па барацьбе з гандлем людзьмі.
Акрамя таго, заявіў Мартынаў, Беларусь зацікаўлена ў тым, каб Расія ўдзельнічала ў рэгіянальных праектах у межах Усходняга партнёрства.
«Важна папрацаваць і над тым, каб Еўрасаюз і Мытны саюз не ішлі па разыходных траекторыях, а ў нейкі момант пачалі ўзаемадзейнічаць на эканамічнай платформе», — сказаў кіраўнік беларускага МЗС.
Яго расійскі калега Сяргей Лаўроў, у сваю чаргу, адзначыў: і Расія, і Беларусь «адкрытыя для адносін з усімі краінамі на аснове ўзаемнай павагі і ўзаемавыгаднасці».
Паводле слоў Лаўрова, на сённяшнім пасяджэнні калегій будзе абмеркаваны комплекс пытанняў, звязаных з дзейнасцю інтэграцыйных структур на прасторы СНД.
«На Савеце кіраўнікоў дзяржаў СНД, які адбудзецца ў наступным месяцы ў Маскве, будуць падведзены вынікі старшынства там Расіі. Ёсць пра што пагаварыць і ў святле перадачы старшынства Беларусі ў АДКБ», — сказаў Лаўроў.
Асобная ўвага, адзначыў ён, будзе нададзена пытанню супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.
«Мы з павагай ставімся да тых інтарэсаў, які Еўрасаюз мае на прасторы СНД, — заявіў Лаўроў. — Мы падтрымліваем развіццё адносін паміж Беларуссю і іншымі еўрапейскімі арганізацыямі, уключаючы Савет Еўропы».
Кіраўнік расійскага МЗС, у прыватнасці, нагадаў, што Расія садзейнічала ўключэнню Беларусі ў якасці назіральніка ў праграму ЕС «Паўночнае вымярэнне».
Як паведамлялася раней, 2 лістапада на міністэрскай сустрэчы ўдзельнікаў гэтага праекта ў Осла Лаўроў заявіў: Расія разлічвае на прыняцце рашэння аб наданні Беларусі статуса назіральніка ў межах «Паўночнага вымярэння» (удзельнікамі гэтай праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва з’яўляюцца Германія, Данія, Ісландыя, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Фінляндыя, Швецыя, Эстонія і Расія).
БелаПАН