Сямён ШАПІРА, старшыня Гродзенскага аблвыканкама: “Ёсць шмат планаў наконт таго, каб зрабіць жыццё людзей на Гродзеншчыне лепшым”

Источник материала:  
Сямён ШАПІРА, старшыня Гродзенскага аблвыканкама: “Ёсць шмат планаў наконт таго, каб зрабіць жыццё людзей на Гродзеншчыне лепшым”

Сваю гутарку з уласнымі карэспандэнтамі “Народнай газеты” наконт сённяшняга і заўтрашняга дня Гродзеншчыны Сямён Шапіра пачаў на беларускай мове, заўважыўшы, што сорамна яе не ведаць, сорамна забыць. Сямён Барысавіч выказаў здзіўленне наконт ажыятажу, які з’явіўся ў некаторых апазіцыйных СМІ ў сувязі з тым, што ў Гродзенскім аблвыканкаме сталі больш размаўляць па-беларуску. Дайшло да таго, што некаторыя дзеячы апазіцыі, якіх ён асабіста не ведае, пачалі ставіць сабе ў заслугу, што менавіта яны падказалі гэтую ідэю гродзенскаму губернатару. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што беларуская мова — гэта мова ўсяго народа, а не апазіцыі ці асобнай групы людзей, і па меншай меры непрыстойна лічыць, што хтосьці мае манаполію гаварыць на ёй.

— Сямён Барысавіч, падчас працы ва ўрадзе вам даводзілася бываць ва ўсіх кутках краіны. Таму зараз можаце параўноўваць. Чым вылучаецца Гродзеншчына з іншых рэгіёнаў?

— Па-першае, лідзіруючым становішчам у многіх галінах народнай гаспадаркі. Землі нашы складаюць усяго 14,5 працэнта ад сельскагаспадарчых палеткаў краіны, а хлеба яны даюць амаль пятую частку ад агульнага намалоту. І гэта дзякуючы высокай ураджайнасці. Нават у гэтым неспрыяльным годзе асобныя лепшыя гаспадаркі Гродзенскага раёна намалацілі больш чым 80 цэнтнераў з гектара. Стабільны рытм і ў прамысловасці. Але ў аснове ўсіх гэтых дасягненняў — людская праца, менталітэт, характар, якія склаліся і гістарычна  сфарміраваліся за час дзяржаўнай беларускай самастойнасці. Гродзенцы беражліва ставяцца да захавання гістарычнай спадчыны краю, да традыцый і звычак сваіх продкаў. А яны тут адметныя.Тутэйшых людзей вызначаюць высокі ўзровень адукаванасці і бытавой культуры, працавітасць, вострае пачуццё годнасці. Увогуле, насельніцтва рэгіёна менш ужывае спіртнога, рупіцца пра ўласны дабрабыт. Таму і жыве больш заможна. Таму і працоўныя поспехі гродзенцаў адчувальныя.

— Наколькі спрыяе геаграфічнае становішча рэгіёна прытоку замежных інвестыцый? Як, на ваш погляд, актывізаваць інвестыцыйную палітыку на Гродзеншчыне?

— Адзін замежны інвестар хацеў у нас пабудаваць свой гіпермаркет, але ў выніку выбраў іншы рэгіён, бо там ён меў магчымасць набыць надзел зямлі за бясцэнак. Так што наша блізкасць да мяжы з Еўрасаюзам для інвестара не мае рашаючага значэння. Кошт пытання — вось што хвалюе бізнес. Калі ў райцэнтрах мала прыватнай ініцыятывы, там можна аддаваць зямлю пад бізнес-праект і бясплатна. Але ў абласным горадзе гэта рабіць не варта.Я мяркую, геаграфія рэгіёна сама па сабе не з’яўляецца выратавальнай для яе эканомікі. З мэтай прыцягнення інвестыцый у рэгіён мы плануем стварыць інфармацыйнае агенцтва, якое будзе не толькі валодаць інфармацыяй, але і займацца пошукам інвестараў, эканамічнымі разлікамі. А ўвогуле такія перамены ў рэгіён прыходзяць. Напрыклад, на шклозаводзе “Нёман” ставім лінію коштам амаль 20 мільёнаў еўра па выпуску шклаваты. Наша краіна штогод купляе яе для будоўлі на 30 мільёнаў еўра. Калі ўвядзём гэтую вытворчасць на “Нёмане”, аб’ём прамысловай прадукцыі там павялічыцца ўдвая. Урэшце мы павінны ўдвоіць інвестыцыі за пяць гадоў, каб павялічыць аб’ёмы вытворчасці. Кіраўнікі прадпрыемстваў не заўсёды бачаць, што робіцца за мяжой, чаго не хапае нашаму рынку. Трэба прааналізаваць, якая наша прадукцыя карыстаецца сапраўдным попытам на знешнім рынку. Мяркую, калі група бізнесоўцаў і аналітыкаў наладзіць сваю работу з мясцовымі ўладамі, гэта прынясе свой плён. Выкарыстоўваючы вопыт падыходаў да інвестыцыйнай палітыкі іншых рэгіёнаў краіны, мы шукаем свае новыя метады. Зазначу, што сэнс развіцця эканомікі не ў дзяржаўных сродках, а выгадных банкаўскіх крэдытах. Калі крэдыт танны, бяры і здзяйсняй свой план. У бюджэце ж няма столькі грошай для хуткага развіцця эканомікі.У развіцці сацыяльнай галіны мы можам разлічваць на бюджэтныя сродкі, у тым ліку і з рэспубліканскага бюджэту, асабліва калі будуем вялікія і вельмі важныя для нас аб’екты. Дзякуючы пад-трымцы кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ў апошнія гады на Гродзеншчыне з’явіліся Лядовы палац і буйны спарткомплекс у Лідзе, сучасная школа ў Гродне, праводзіцца рэканструкцыя кардыялагічнага дыспансера, будуецца хірургічны корпус абласной дзіцячай бальніцы.

— Гродзеншчына і Брэстчына маюць цудоўную агульную тэрыторыю — Белавежскую пушчу. На вашу думку, які імпульс развіццю прыпушчанскага рэгіёна надасць будаўніцтва аб’язной аўтатрасы вакол гэтага куточка некранутай прыроды? Прынамсі, у закінутых вёсках Камянецкага і Пружанскага раёнаў кошт сялянскіх хат сёння павялічыўся на парадак...

— Мяркую, з будаўніцтвам кальцавой дарогі, якая ў нас будзе праходзіць па тэрыторыі Свіслацкага раёна, найперш узрасце колькасць жадаючых адпачыць у гэтым маляўнічым куточку, бо зараз многія маюць неблагі ўласны транспарт. Мабыць, і кошт нерухомасці там павялічыцца.Прывяду такі прыклад. Лагойскі раён на Міншчыне ніколі не быў знакавым у гэтым сэнсе. А з будаўніцтвам гарналыжнага курорта кошт дамоў там стаў проста зашкальваць. Развіццё любога перспектыўнага напрамку дзейнасці цягне за сабою шлейф іншых галін. Будуць развівацца і гандаль, і грамадскае харчаванне, і гасцінічная справа, будуць стварацца новыя працоўныя месцы. Дарога каштуе нямала, але развіццё інфраструктуры дазволіць павялічыць аб’ём паслуг, бо тады, напэўна, больш людзей паедзе да нас і з Расіі, і з Еўрасаюза. Дый інвестараў гэтая акалічнасць, мяркую, прыцягне. Прынамсі, мне было прыемна глядзець па тэлебачанні сюжэт пра інвестара з Расіі, які стварыў на сваёй маленькай радзіме ў Пружанскім раёне проста казку, уклаўшы ў абуладкаванне роднай вёскі немалыя ўласныя грошы.Такіх людзей варта заахвочваць. Так і ў нас ёсць задумка адшукаць тых прадпрымальнікаў, чыя радзіма — Гарадзеншчына і якія працуюць у розных рэгіёнах, па-добраму націснуць на “мазоль” любові да малой радзімы і прапанаваць нешта адметнае зрабіць для сваіх землякоў.Пачуццё малой радзімы, безумоўна, трэба культываваць у кожным чалавеку. Мяркую, у бліжэйшы час мы звернемся да ўсіх беларусаў Гродзеншчыны, каб не згубілася ў іх увага да малой радзімы.

— А чаму б не наладзіць з’езд гродзенцаў свету?

— Нешта падобнае і мяркуем зрабіць у бліжэйшы час. Ведаеце, з узростам цягне пабыць каля той школы, дзе вучыўся, каля той хаты, дзе жыў... Многія добрыя справы мы пачынаем рабіць пры дапамозе фундатараў. На гродзенскай зямлі людзі ўвогуле з вялікай павагай да гісторыі ставяцца. Народнай рэканструкцыяй аб’явілі аднаўленне Каложскай царквы — каб кожны чалавек выказаў сваё меркаванне па гэтай справе, грамадою ўладкоўваем заапарк, адзін з найбольш старажытных на Беларусі.

— Гродзеншчыну называюць зямлёй замкаў і храмаў. Сапраўды, Прынёманскаму краю засталася найбагацейшая ў Беларусі гісторыка-культурная спадчына. І самабытны Гродна невыпадкова прэтэндуе на званне горада-музея. Як асабіста вы, Сямён Барысавіч, ставіцеся да рэканструкцыі яго гістарычнага цэнтра?

— Гістарычны цэнтр, ці, як кажуць гродзенцы, стары горад, патрабуе разумнай рэканструкцыі. Большасць дамoў тут была пабудавана ў ХIХ стагоддзі. Многія з гэтых будынкаў, якія засталіся нам у спадчыну, не маюць зручнасцей, якія неабходны для жыцця людзей. Гродзенцы ўвогуле цярпліва адносяцца да такога становішча, але ж прыйшоў час вырашыць і гэтую праблему. Вядома ж, размова не ідзе пра тое, каб разбураць будынкі, якія з’яўляюцца гістарычнай каштоўнасцю. Але жыхары названых дамоў будуць забяспечаны жыллём з сучаснымі ўмовамі, а многія з памяшканняў, якія нясуць подых мінулых часоў, будуць прыстасаваны пад кафэ, мастацкія майстэрні, музеі, гасцініцы і гэтак далей. Толькі ў гэтым выпадку, мяркую, Гродна можна будзе назваць горадам-музеем.Днямі я праехаў па горадзе. У вочы кінулася не толькі яго адметная прыгажосць, але і непрыглядны вонкавы выгляд многіх будынкаў. Прынята рашэнне штомесячна фасады дзясятка дамоў прыводзіць у парадак. Пры гэтым архітэктурны воблік будынка павінен заставацца арыгінальным.

— У скарбонцы Гродзеншчыны — яе замкі. Восем з 13, якія засталіся ў спадчыну Беларусі, знаходзяцца на Панямонні. Многія старадаўнія муры, на жаль, у паўразбураным стане і просяць дапамогі. Уласнымі сіламі рэгіёну іх адраджэнне, вядома ж, не асіліць. Сямён Барысавіч, як губернатар, якія дзеянні вы маеце намер ажыццявіць дзеля гэтай высакароднай справы — захавання спадчыны рэгіёна?

— Я нядаўна пабываў у Крэве. Вельмі шмат разбурэнняў мае яго замак — сведка гісторыі нашай. І я нават не ведаю, што будзе сёння больш правільным: толькі зберагчы яго ад далейшага разбурэння ці рэстаўраваць? Невялікія фрагменты, на жаль, засталіся ад знакамітага Навагрудскага замка. Стары замак у Гродне таксама патрабуе пільнай увагі... Такое, на жаль, становішча гэтай нашай спадчыны. Але ж зазначу, што справа яе захавання рухаецца. Два сярэдневяковыя замкі — у Міры і Лідзе — мы ўжо агульнымі намаганнямі прывялі ў парадак. Вялікія сродкі ўкладзены ў Мірскі замак, сёння ён па праву ўключаны ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА і прыносіць славу краіне. Замак у Лідзе ўжо даволі добраўпарадкаваны, і яго рэстаўрацыя будзе завершана. На яго прыкладзе зазначу, што рэканструкцыя замкаў справа не простая. Напрыклад, толькі ў Расіі знайшлі пасля доўгіх пошукаў неабходную гліну, каб вырабіць цэглу, падобную той, з якой нашы продкі яго будавалі. Вядома ж, для рэстаўрацыі замкаў патрэбны вялікія грошы, але, на мой погляд, гэта таго варта. Таму, параіўшыся з міністрам культуры Паўлам Латушкам падчас сустрэчы ў Мірскім замку, мы прыйшлі да высновы, што патрэбна Дзяржаўная праграма адраджэння замкаў Беларусі. З гэтай прапановай маем намер звярнуцца да кіраўніка дзяржавы. Безумоўна, патрэбна будзе немалыя сродкі і сілы ўкласці ў рэстаўрацыю гістарычных помнікаў, якія мы не маем права забываць. І Гродзеншчына, на тэрыторыі якой знаходзіцца большасць замкаў, з сябе адказнасць за гэтую справу таксама не здымае. Спадзяюся, што мы знойдзем падтрымку ў Прэзідэнта краіны. Безумоўна, сродкі сёння патрэбна ўкладваць у эканоміку і іншыя сферы, але мы павінны і адбудоўваць замкі, ведаючы, што як турыстычныя аб’екты яны прынясуць прыбытак не адразу. Але ад гэтага мы не збяднеем — станем багацей духоўна.

— Сямён Барысавіч, не сакрэт, што Міншчына абавязана вам такім прадпрыемствам, як агракамбінат “Дзяржынскі”. Ці ёсць на Гродзеншчыне падобныя прадпрыемствы, калі няма, то ці плануеце стварыць такія?

— Такіх прадпрыемстваў у вобласці пакуль што няма. Аднак у планах стварыць, магчыма, нават лепшыя. Прызнаюся, што з працай на агракамбінаце “Дзяржынскі” звязаны самыя лепшыя ўспаміны маёй працоўнай дзейнасці. Я бачыў вынік сваёй працы, працы калектыву, якім кіраваў, і адчуваў радасць ад здзейсненага. Я не забыў Міншчыну, дзе засталося шмат маіх сяброў, калег і аднадумцаў. Але паколькі дзяржава вырашыла, што я патрэбен на іншай працы, я за яе ўзяўся. Спадзяюся, што ў Гродзенскай вобласці мы здолеем зрабіць жыццё людзей лепшым. Ёсць шмат планаў наконт гэтага.

←Праздничные бытовые скидки. За стрижку ветераны заплатят половину стоимости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика