Чаргі не было...

Источник материала:  

Чаргі не было...На мінулым тыдні Баранавічы наведаў намеснік генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Стук. Чаму выбар прыпаў на Баранавічы?

— Штоквартальна кіраўніцтва пракуратуры Беларусі, а таксама начальнікі структурных падраздзяленняў выязджаюць на перыферыю, каб пазнаёміцца са станам спраў на месцы. Наша задача — умяшацца, калі скаргі грамадзян не разглядаюцца ці існуе валакіта, — заявіў Аляксей Стук.

— Баранавічы і раён у плане скаргаў выклікаюць непакой?

— Выбар прыпаў не толькі на Баранавічы, але яшчэ і на Ляхавіцкі раён. Хоць і ёсць некаторае павелічэнне скаргаў, але гэты рэгіён не з'яўляецца праблемным і не вылучаецца на фоне іншых. Акрамя гэтага я курырую Брэсцкую вобласць, і мой прыезд можна лічыць заканамерным.

На сустрэчах з прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю, Міністэрства юстыцыі людзі, як правіла, скардзяцца на розныя структуры мясцовай улады, суды, а да пракуратуры асаблівых прэтэнзій не даводзілася чуць. Між тым, пракуратура ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў, і ад яе дзеянняў таксама залежыць стабільнасць у грамадстве.

Складваецца ўражанне, што наш чалавек не ведае, як дзейнічаць у нейкіх канфліктных абставінах. У пераважнай большасці пакрыўджаныя пішуць у высокія інстанцыі па вертыкалі і забываюць, што можна было б па нейкім пытанні звярнуцца і ў пракуратуру.

— Аляксей Канстанцінавіч, з якімі скаргамі найчасцей даводзіцца сутыкацца пракуратуры?

— Гэта пытанні, якія падпадаюць пад агульны нагляд і знаходзяцца ў кампетэнцыі пракуратуры. І яны самыя балючыя. Найбольш даймаюць людзей жыллёвыя, працоўныя праблемы, а таксама звязаныя з ЖКГ... Напрыклад, шмат прэтэнзій да будаўнікоў, якасці будаўніцтва... Вось і даводзіцца высвятляць, чый брак — звязаны ён з якасцю матэрыялаў ці яго дапусцілі будаўнікі?

— Наколькі задавальняюцца пракуратурай падобныя скаргі?

— Яшчэ раз хачу падкрэсліць, пракуратура ўмешваецца ў сітуацыю ў межах сваёй кампетэнцыі, і калі ўзнікае неабходнасць, то пракуратура падключаецца і выпраўляе становішча. Прыкладна, 8—15 працэнтаў скаргаў па тых ці іншых пытаннях задавальняюцца.

— Сталіца далёка, а на перыферыі жыццё цячэ сваім рэчышчам...

— Генеральная пракуратура не пакідае перыферыю на самацёк. Калі ёсць парушэнні ці на месцы не рэагуюць на скаргі, то даводзіцца ўмешвацца.

Сустрэчы адбыліся ў мясцовым лясгасе, заводзе ЖБВ і ў вёсцы Крошын, пад Баранавічамі. Фізічна не было магчымасці пабываць на ўсіх прыёмах, але ў лясгасе, напрыклад, былі зададзеныя толькі два пытанні. Чамусьці на сустрэчу з намеснікам генеральнага пракурора людзі не спяшаліся. А дарэмна.

Пытанне: У кватэры прапісаны трое. Людзі там не жывуць, але і жыллё не вызваляюць. Прымусова іх можна выселіць?

— Жыллё службовае ці ведамаснае?

— Ведамаснае, у свой час чалавек працаваў у лясгасе і атрымаў тую кватэру.

— Значыць, жыллё атрымана законна, а калі ёсць прэтэнзіі, то неабходна звярнуцца ў суд.

Пытанне: Калі фізічная асоба парушыла закон і яе неабходна прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці, а чалавек не хоча ісці на працэс, то міліцыя можа яго даставіць. А што рабіць з юрыдычнай асобай, напрыклад, дырэктарам завода, які ігнаруе разгляд справы?

— Неабходна чалавека папярэдзіць. Патэлефанаваць, адправіць тэлеграму...

— А ён ігнаруе.

— І над дырэктарам ёсць начальнік. Неабходна звярнуцца да вышэйшага...

Перад амерыканскай Фемідай такая праблема не стаіць. Там кожны, каго выклікалі ў суд, бярэ адваката і спяшаецца туды. І статус чалавека ў грамадстве там не адыгрывае вялікай ролі. І нядзіўна, што знакамітая актрыса па рашэнні суда падмятае вуліцу, чысціць туалеты ці даглядае нямоглых у бальніцы.

Мне давялося чуць, як наш суддзя прасіў па тэлефоне старшыню аднаго сельгаскааператыва прыехаць на суд. Той доўга адгаворваўся і ў суд не з'явіўся. Калі такое дазваляе сабе кіраўнік гаспадаркі, то што казаць пра асобаў, якія займаюць больш высокія пасады.

Адным словам, нашай заканадаўчай уладзе ёсць над чым папрацаваць.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

←На интернет и суда нет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика