Выдаленні дрэў — на падставе абследавання. І рыбалка застанецца

Источник материала:  

У "Звязду" паўторна (пасля выхаду публікацыі ў нумары ад 2 лістапада пад рубрыкай "Гарачы" тэлефон" "Замест старых дрэў пасадзяць маладыя. А рыбалку забараніць нельга") звярнулася Фаіна Андрэеўна Юнцэвіч, якая пражывае ў Докшыцах па вуліцы Дзяржынскага. Нагадаем, яна скардзілася на тое, што мясцовыя камунальнікі паспілоўвалі дрэвы на беразе возера, на яе погляд, цалкам беспадстаўна. А яшчэ хацела, каб забаранілі аматарскую рыбалку тут жа, бо рыбаловы пакідалі машыны пад агароджамі жыхароў вуліцы, брыдкасловілі, уладкоўвалі "прыбіральні" на вачах...

Заяўніца выказала нязгоду практычна з усім, што было выкладзена ў матэрыяле. У прыватнасці, са словамі спецыялістаў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь: усё роўна настойвала, што трэба забараніць аматарскую рыбную лоўлю пад вокнамі дамоў па вуліцы Дзяржынскага. Таксама паставіла пад сумненні словы намесніка кіраўніка РУП ЖКГ "Докшыцы-Камунальнік": сцвярджала, што скардзілася не адна, а разам з трыма суседзямі; што ніякіх пратаколаў спецыяльнай камісіі, якая аглядала дрэвы, быццам бы не існуе; што самі спілаваныя дрэвы былі здаровымі.

Рэдакцыя звярнулася з просьбай у Докшыцкі райвыканкам яшчэ раз праверыць выкладзеную заяўніцай інфармацыю і даць падрабязны адказ па сутнасці пытанняў ў скарзе. Адтуль нас праінфармавалі, што "...скаргаў і зваротаў па пытанні нязгоды з акультурваннем берагавой паласы і выдаленні дрэў ад іншых жыхароў вуліцы Дзяржынскага ў РУП ЖКГ "Докшыцы-Камунальнік" ці райвыканкам не паступала. Як ужо ўказвалася раней, забараніць рыбную лоўлю не ўяўляецца магчымым (нагадаем, возера знаходзіцца ў рысе населенага пункта, адпаведна, яно адносіцца да водных аб'ектаў фонду запасу рыбалоўных угоддзяў, значыць, можа быць выкарыстанае рыбаловамі для бясплатнага аматарскага рыбалоўства — С.Р.).

Па пытанні выдалення дрэў і кустоўя паведамляем наступнае: камісіяй, створанай распараджэннем старшыні Докшыцкага райвыканкама ад 3.12.2007 г. № 268р, былі абследаваныя некалькі аб'ектаў расліннага свету, што падлягалі выдаленню. Было зроблена заключэнне аб неабходнасці выдалення дрэў і кустоўя, у тым ліку ў берагавой паласе ўздоўж вуліцы Дзяржынскага. 18 кастрычніка 2010 года складзены адпаведны акт, падпісаны ўсімі членамі камісіі. 28 кастрычніка 2010 года Докшыцкім раённым выканаўчым камітэтам прынятае рашэнне № 968 "Аб выдаленні аб'ектаў расліннага свету", на падставе якога РУП ЖКГ "Докшыцы-Камунальнік" выдадзены дазвол на выдаленне дрэў і кустоўя, ўзгодненае з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

У далейшым у берагавой паласе возера будуць высаджаныя культурныя дрэвы і дэкаратыўныя кусты ў адпаведнасці з нормамі высадкі ў водаахоўнай зоне".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←На интернет и суда нет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика