ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ

Источник материала:  
Некалькі тысяч прадпрымальнікаў прайшлі маршам па Кіеве

Прадпрымальнікі, якія пратэстуюць супраць новага Падатковага кодэкса, прайшлі маршам ад Майдана Незалежнасці да адміністрацыі прэзідэнта.

У адміністрацыю прэзідэнта яны перадалі патрабаванне адстаўкі прэм'ер-міністра Мікалая Азарава, віцэ-прэм'ера Сяргея Цігіпка і старшыні Дзяркампрадпрымальніцтва Міхася Бродскага, якія распрацавалі гэты дакумент. Прэзідэнта Віктара Януковіча яны папрасілі накласці вета на Падатковы кодэкс. У шэсці прынялі ўдзел некалькі тысяч чалавек. Прадпрымальнікі з крыкамі "Ганьба!" прамаршыравалі па Інстытуцкай вуліцы. У выніку рух аўтатранспарту быў паралізаваны. Пры гэтым, як паведамляе агенцтва, на ўездзе ў горад спынілі 140 аўтобусаў з прадпрымальнікамі, якія планавалі прыняць удзел у акцыі пратэсту на Майдане. Новы Падатковы кодэкс быў прыняты Вярхоўнай Радай у другім чытанні 18 лістапада. Дакумент скарачае пералік відаў дзейнасці малога і сярэдняга бізнэсу, якія абкладаюцца адзіным падаткам.

Купал будынка Рэйхстага закрыты для наведвання: у Берліне шукаюць двух бамбістаў

У цэнтры Берліна вакол гістарычнага будынка рэйхстага, дзе праходзяць пасяджэнні бундэстага (парламента), узмоцненыя меры бяспекі. З панядзелка закрыты доступ турыстаў на яго купал і на тэрасу на даху будынка.

Як паведаміў сенатар па ўнутраных справах Берліна Эрхард Кертынг, бар'ерамі і паліцэйскімі аўтамабілямі перакрытыя вуліцы побач з будынкам, знешнюю яго ахову нясуць 60 паліцэйскіх. Такія меры, паводле інфармацыі штотыднёвіка Dеr Sріеgеl, прыняты ў сувязі з інфармацыяй пра "магчымы тэрарыстычны напад на рэйхстаг з захопам заложнікаў" — па аналогіі з тым, што быў прадпрыняты ў індыйскім горадзе Мумбаі ў 2008 годзе.

Цяпер улады адшукваюць двух бамбістаў, праглядаючы звесткі пра візы, выдадзеныя замежным грамадзянам, і пра асоб, якія прыбылі ў Нямеччыну з краін Блізкага Усходу і Паўднёва-ўсходняй Азіі, паведамляе Fох Nеws. Спецслужбы мяркуюць, што гэтыя бамбісты-самазабойцы прыбылі ў Берлін прыкладна паўтара месяца назад з пакістанскага рэгіёну Вазірыстан. Вядома, што ў гэты ж час яшчэ адна група тэрарыстаў збіраецца адправіцца ў Нямеччыну на працягу найбліжэйшых тыдняў, каб арганізаваць напад з выкарыстаннем стралковай зброі на адзін ці некалькі мегаполісаў.

Армянскім салдатам дазволілі карыстацца сотавымі

Міністэрства абароны Арменіі дазволіла вайскоўцам тэрміновай службы карыстацца мабільнымі тэлефонамі на тэрыторыі вайсковых частак. Адпаведны загад з мэтай спрашчэння сувязі паміж вайскоўцамі і іх сваякамі падпісаў міністр абароны краіны.

Згодна з загадам, салдаты змогуць карыстацца мабільнымі тэлефонамі ў строга вызначаныя гадзіны. Раней, паводле статуту, вайскоўцам наогул забаранялася карыстацца мабільным тэлефонам на тэрыторыі ваеннай часці. Акрамя таго, паміж міністэрствам абароны Арменіі і тэлекамунікацыйнай кампаніяй VіvаСеll MTS падпісана дамова, у рамках якой выходныя званкі вайскоўцаў будуць бясплатнымі, а аплачваць гутарку будзе бок, які прымае званок.

Брытанцы хочуць бачыць на троне прынца Уільяма

Большасць брытанцаў аддалі б перавагу таму, каб каралеўскі прыстол успадкаваў старэйшы ўнук Лізаветы ІІ — Уільям, а не яе сын Чарльз. Такое меркаванне адлюстроўваюць вынікі двух апытанняў, праведзеных па замове брытанскіх газет. У першым выпадку за тое, каб наступным каралём Вялікабрытаніі стаў прынц Уільям, выказаліся 64% апытаных, супраць — 20%, а ў другім — 44% і 37% адпаведна, перадае Бі-бі-сі.

Папулярнасць прынца Уільяма цяпер значна вырасла ў сувязі з аб'явай пра яго хуткае вяселле з Кейт Мідлтан. Цікава, што надоечы першы ў чарзе на брытанскі трон прынц Чарльз упершыню не выключыў, што яго жонка Каміла Паркер-Боулз зможа стаць каралевай Вялікабрытаніі пасля таго, як ён узыдзе на трон. На працягу ўсіх 5 гадоў пасля іх вяселля каралеўская сям'я настойвала на тым, што Каміла можа быць толькі прынцэсай-кансорт — гэта значыць жонкай каранаванай асобы, якая не мае права быць каралевай.

←На интернет и суда нет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика