Як мы куплялі машыну ў Нямеччыне - Частка 2

Источник материала:  

У мінулым нумары "Звязды" мы пісалі пра тое, як журналіст Яўген Валошын і яго напарнік Алесь выправіліся ў Нюрнберг па машыну. Пабылі ў нямецкім аўтахаўсе, выбралі сімпатычны "Сітраэн С3" (дызельны рухавік 1400 см3 , год выпуску — 2003).

На першы погляд, машына была ў дасканалым стане: нефарбаваная, нябітая, падвеска не грымела, рухавік працаваў роўна. Прабег быў вельмі малы, і сервісныя дакументы сведчылі, што кіламетраж не адматалі. З іншага боку, праверыць машыну ў справе мы не змаглі — выехаць у горад без нумароў нельга, а на маленькай пляцоўцы аўтахаўса не разгонішся.

Тым не менш, нашы аўтаперагоншчыкі рызыкнулі і набылі прапанаваны "Сітраэн". Прыгоды пачаліся неўзабаве...

Нямецкі аўтабан знешне падобны на шашу Брэст—Масква. Толькі хуткасць у некаторых месцах не абмежавана, пакрыццё служыць не менш за 30 гадоў і ў прыдарожных туалетах няма дрэннага паху.

Як мы куплялі машыну ў Нямеччыне  - Частка 2Расплаціўшыся за аўто, мы з Алесем пастанавілі ў гэты ж дзень выправіцца дадому. Пра начлег у Нюрнбергу мы загадзя не паклапаціліся, ды і каштавала б гэта мінімум па 50 еўра з носа.

Аднак не паглядзець знакаміты баварскі горад, прыехаўшы сюды за 1500 км, не маглі. Спачатку проста праехаліся на аўто. Пабачылі здалёк знакамітую крэпасць "Бург" на гары. Сфатаграфавалі дом, дзе ў 1356 годзе Кайзер Карл Чацвёрты прадыктаваў надзвычай дэмакратычны звод законаў "Залатая Була". Пабачылі велічны цэнтральны вакзал ХІХ стагоддзя. Потым мы доўга-доўга шукалі бясплатную паркоўку ў старым горадзе і нарэшце знайшлі месца на адной з пакручастых горак. Аказалася, што незаўважна выехалі з Нюрнберга ў Фюрт (абодва гарады ўваходзяць у адну агламерацыю).

Алесь, не адчуваючы габарытаў новай машыны, запаркаваўся толькі з трэцяга разу, заднім колам наехаўшы на бардзюр.

— А, халера з ім, падумаюць: "Нейкая дзеўка дурная стала" і не аштрафуюць, — вырашыў мой сябар.

Перш-наперш нас уразілі не музеі з касцёламі, а старадаўнія нямецкія дамкі ў стылі фехверк. У Фюрце і Нюрнбергу яны не традыцыйна белыя, а бываюць і жоўтыя, чырвоныя. Выглядаюць, як крэмавыя торцікі.

Людзі тут аказаліся надзвычай ліберальныя. Розныя незвычайнасці здзіўлялі толькі нас.

— Глядзі! Гэты немец абсалютна босы, — уразіўся Алесь, пакуль мы стаялі ў чарзе па донеры (турэцкі фаст-фуд).

Так, не здзіўляйцеся, падсілкавацца мы вырашылі менавіта ў туркаў (выйшла ўсяго па тры еўра з носа за донер), таму што знакамітых мясцовых каўбасак "братвюрст" і пернікаў "лебкухен" мы не знайшлі.

Прайшоўшыся па старым Фюрце з ахамі і вохамі, мы зайшлі ў краму вопраткі, дзе ўжо пачаліся калядныя зніжкі, затарыліся кашулямі. Пасля, вясёлыя і задаволеныя нямецкім праменадам, селі ў аўто, уключылі навігатар і рушылі на Беларусь. Неўзабаве добры настрой перайшоў у трывогу.

"Што здарылася з машынай? Няўжо паляцела турбіна?"

— Ну і прэ! Як на ракеце! — уразіўся Алесь хуткасцям на нямецкім аўтабане. — Дай і я націсну на педаль.

Але, разагнаўшыся да 150 км/г з горкі, наш дызельны і, па ідэі, цягавіты "Сітраэн" адмовіўся выціскаць больш за 100 км/г пад горку. Ну і гісторыя!

— Каб вы спруцянелі! Што здарылася з машынай? Няўжо паляцела турбіна? — пачаў я панікаваць.

Алесь, уявіўшы пакутніцу-турбіну, толькі прамычаў...

<І>(Пазней высветліцца, што справа была ў паліўным і паветраным фільтрах, якія здорава засмеціла папярэдняя гаспадыня. Фільтры паспяхова заменяць у Мінску — і машынка пойдзе, як новая. А пакуль мы валачэмся па нямецкім аўтабане і думаем трывожную думу...)

Перагоншчык мае ўсе магчымасці, каб атрымаць асалоду ад праменаду па старым нямецкім горадзе.

Як мы куплялі машыну ў Нямеччыне  - Частка 2Хоць і ў такой тужлівай сітуацыі на нашым шляху трапляецца шмат цікавага. Вы калі-небудзь ехалі па нямецкім аўтабане? Месцамі хуткасць увогуле не абмежавана. Хочаш ехаць трыста — едзь трыста. Месцамі ўсталяваныя лакальныя знакі: 130 км/г, 120 км/г, 110 км/г і 100 км/г. Дарога — нібы языком вылізаная: нідзе ніводнага грудка, ніводнай выбаіны. Месцамі нямецкія аўтабаны зроблены са спецыяльнага бетону, тэрмін службы якога не меншы за 30 гадоў.

Прыдарожных кавярняў не пабачыў увогуле, санітарных прыпынкаў няшмат — прыкладна адзін на кожныя 100 км. Але якія гэта прыпынкі!

— Глядзі, якія прыбіральні, як на прыёме ў каралевы! — нахвальваў я пісуары і ўнітазы на адным з санпрыпынкаў.

— І шэсць рулонаў туалетнай паперы, прашу заўважыць! — падключыўся да кампліментаў Алесь.

У прыбіральнях усё алюміневае, замест смуроду — пах кветак. У сцяну ўстаўлена алюміневая канструкцыя, сунеш туды рукі — ліецца вадкае мыла, праз некалькі секундаў — пырскае вада. Ні да чаго не трэба дакранацца.

Дарога выжывання

Будзьце пільныя! Прыкладна за 400 км, якія мы праехалі да мяжы з Польшчай, пабачылі толькі тры-чатыры запраўкі. Добра, што паліўны бак у нашай машыне быў амаль да плешкі запоўнены папярэдняй гаспадыняй.

— Во немцы! Нашы перад продажам шклянку ў бензабак плюхнуць, і едзь да першай запраўкі, а гэтая дзеўка дапамагла нам добра зэканоміць, — падлічваў Алесь бюджэт паездкі.

— І чатыры зімовыя колы з жалезнымі дыскамі ўкінула на задняе сядзенне, дай Бог ёй здароўя, — далучыўся я да пахвалы.

Незаўважна перабраліся на польскую тэрыторыю. Як разумееце, межаў у краінах Еўрасаюза няма, усталяваны звычайны знак "Жэчпосполіта Польска".

Залілі салярку на першай запраўцы, кошт аднаго літра — болей за еўра.

Па Польшчы спачатку ехалі па добрым аўтабане, але потым наш навігатар вывеў нас на шашу Е30, якая вядзе да Варшавы і памежнага Цярэспаля (трошкі больш за 700 км). Дарожка — ворагу не пажадаеш! Практычна ўвесь час ідзе праз вёскі, а значыць — хуткасць руху не павінна перавышаць 70 км/г. Пры гэтым ездзяць па ёй у начны час пераважна фуры.

Як разумееце, з-за засмечаных фільтраў наша машынка неахвотна ішла на абгон. Засмучалі нас і так званыя жалезабетонныя "выспы бяспекі" на раздзяляльнай паласе, аб якія мы некалькі разоў ледзь не пабіліся.

Так мацюкаліся ў салоне аўто, што за год малітвамі не адкупішся.

А сёмай раніцы па беларускім часе, схуднелыя на тры кілаграмы кожны, з ашалелымі вачыма даехалі да польска-беларускай мяжы.

"Адных такіх перагоншчыкаў мы ўжо адправілі назад у Германію..."

Сталі ў чырвоны канал і гераічна чакалі свайго лёсу. Вялікай чаргі ў ранішні панядзелак на мяжы не было. Палякі дык увогуле зрабілі сваю справу за 10 хвілін — супрацоўнік мытні паадчыняў усе дзверцы, суаднёс дакументы з нумарам на рухавіку і дазволіў ехаць на беларускую тэрыторыю.

Тут нашы пашпарты праверыў памежнік, потым дзве стомленыя кабеты (транспартная інспекцыя) ляпнулі пячатку ў так званы "кантрольны талон", што выдалі памежнікі. З паўгадзіны мы чакалі, пакуль скончыцца перазменка. Тут да нас, усміхаючыся і паціраючы рукі, падышла мілага выгляду супрацоўніца мытні:

— Ну, давайце, хлопчыкі, свае дакументы.

Пакуль мы шукалі ўсе паперы, мытніца распавяла нядаўнюю гісторыю:

— Прыязджалі днямі два такія ж перагоншчыкі, як вы. У нямецкім аўтахаўсе сапраўдны пакупнік пабег сустракацца з нейкай мясцовай сяброўкай, а дакумент, які сведчыць пра пакупку машыны, аформілі на яго сябра. А нам жа патрэбна прозвішча сапраўднага пакупніка! На яго ж трэба размытнёўку рабіць. У выніку давялося адпраўляць іх назад...

Алесь аглядае машыну ў нямецкім аўтахаўсе. Усе дакументы афармляюць у блакітнай будцы (на заднім плане).

Як мы куплялі машыну ў Нямеччыне  - Частка 2Пакуль пасінелы ад жаху Алесь шукаў дакументы, я ўзгадаў, што ў нашым аўтахаўсе менавіта я завіхаўся ля дакументаў, а Алесь збольшага гойсаў каля машыны і правяраў, каб яна не была бітая. Дзякуй Богу, той самы дакумент быў аформлены як трэба.

Аддалі мытніцы ружовую страхоўку, нямецкі тэхнічны пашпарт, запоўнілі з чацвёртага разу дэкларацыю.

— Хлопцы, а што гэта ў вас за колы ў багажніку ляжаць, цэлая партыя? — зацікавілася мытніца.

— Гэта ж зімовыя запаскі! — адбівалі мы яе службовую атаку. — Гэта ж каб аварый не нарабіць, калі выпадзе снег.

Аказалася, што правозіць такія запаскі можна. Пры гэтым важна, каб на іх былі жалезныя дыскі. Іначай падумаюць, што вязеш шыны на продаж.

Мы далі слова гонару, што не будзем на запасках рабіць бізнэс. Пасля ўзважылі колы на спецыяльнай вазе, бо нам загадалі ўпісваць іх наяўнасць у дэкларацыю. Атрымалася па 26 кг на нос (максімальная колькасць — не болей за 50 кг на аднаго чалавека ў месяц).

Пасля ўсіх працэдур заплацілі размытнёўку ў банку — 490 еўра (0,35 еўра за 1 см3). Зрабілі некалькі ксеракопій, усе паперы аддалі мытніцы. На афармленне машыны пайшло паўтары гадзіны. Калі ўсе фармальнасці былі вырашаны, паехалі на сталіцу.

У колькі абышлася машына з Нямеччыны?

Трэба сказаць, што шаша Е30 па тэрыторыі Беларусі — гэта незямны рай нават у параўнанні з некаторымі еўрапейскімі дарогамі. Шырокая, свабодная. Праўда, пакрыццё не такое роўнае і гладкае, як на нямецкіх аўтабанах, затое машын у некалькі разоў менш.

Хоць і на шырокіх беларускіх дарогах умеюць шчыра здзіўляць. Як толькі мы даехалі да пункта аплаты, касірка запатрабавала з нас восем тысяч беларускіх рублёў.

— Добрай раніцы! — уз'еўся Алесь. — Мы ж свае, беларусы. Магу пашпарт дастаць. Ні ў Нямеччыне, ні ў Польшчы з нас не ўзялі грошы, а вы абдзіраеце, як ліпку!

— Мяне не турбуе, якія ў вас пашпарты, — строга адказала касірка. — Нумары транзітныя — значыць плаціце.

Пакуль ехалі да беларускай сталіцы, з нас на такім жа пункце аплаты садралі яшчэ чатыры тысячы беларускіх рублёў.

Прыехаўшы дадому, праверылі "сітраэн С3" на СТА. Аказалася, што машына і сапраўды ў цудоўным стане, а разганяцца і ісці пад гару яна не хацела з-за засмечаных фільтраў, якія тут жа памянялі.

Падвеска аказалася цудоўнай, кузаў — дасканалым, а больш эканамічную машыну ўвогуле складана знайсці. Тым не менш, набыўшы такое неправеранае аўто, мы моцна рызыкавалі. Калі б, скажам, турбіна была сапсаванай, то на рамонт давялося б выкласці сотні і нават тысячы долараў. Але нам пашанцавала.

Падлічылі, у якія грошы нам абышоўся "Сітраэн". А гэта — яго кошт у аўтахаўсе (4800 еўра), страхоўка і транзітныя нумары (70 еўра), паліва на вяртанне дадому (усяго каля 50 еўра, таму што амаль поўны бак пакінула папярэдняя гаспадыня), размытнёўка (490 еўра). Выйшла — 5410 еўра (ці 7300 долараў ЗША).

Прагледзеўшы газеты і інтэрнэт-старонкі з аб'явамі аб продажы патрыманых аўто, мы пераканаліся, што купіць "Сітраэн С3" нашай камплектацыі за такія ж грошы магчыма і ў Беларусі. Але ці будзе машына ў дасканалым стане, з празрыстай гісторыяй? Гэта вялікае пытанне.

У нямецкім аўтахаўсе мы маглі набыць больш танную машыну такога ж класа. Але стан яе быў значна горшым.

— У любым выпадку добра павандравалі, — падсумаваў Алесь.

Р.S. На наступным тыдні чытайце ў "Звяздзе" парады прафесійных перагоншчыкаў: якія памылкі мы зрабілі падчас набыцця "Сітраэна" і дзе за мяжой найбольш выгадна купляць патрыманыя машыны. Таксама мы правядзём параўнальны аналіз: дзе больш бяспечна набываць машыну — за мяжой ці на Бацькаўшчыне?

←Спасайся, кто хочет

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика