Дзе можна праверыць моркву на нітраты?
У нашай чарговай заяўніцы — мінчанкі — ёсць лецішча. Вядома ж, людзі там вырошчваюць нешта для сябе. Аднак чытачка, і не яна адна, "разжылася" морквай крыху іншым спосабам.
Справа ў тым, што ў суседстве з іх таварыствам знаходзяцца палі двух фермераў. Адзін з іх вырашчанае на сваім па якойсьці прычыне ўвогуле сёлета не стаў убіраць, а другі нарыхтаваў толькі адборную моркву, пакінуўшы ў глебе яшчэ даволі шмат гэтай гародніны. Карацей, налятай, народ, на тое, што засталося. Чым той народ, вядома ж, і не прамінуў скарыстацца. Аднак праблема ў тым, што ў сям'і жанчыны — двое малых дзяцей. Таму маці хвалюецца: а раптам у той моркве зашмат нітратаў? Усё ж гародніна не на вачах расла, ніхто не ведае, як яе вырошчвалі. Дык дзе можна праверыць моркву на нітраты?
Як высветліла "Звязда", зрабіць гэта можна ў любым тэрытарыяльным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, які мае акрэдытаваную лабараторыю. За больш поўнай інфармацыяй мы звярнуліся ў Мінскі гарадскі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У аддзеле арганізацыі выпрабаванняў нам патлумачылі, што для праверкі сельгаспрадукцыі на нітраты трэба прынесці адзін кілаграм прадукту. Паслуга гэтая платная, каштаваць будзе грамадзяніну каля 10 тысяч рублёў. Вынікі будуць вядомыя праз некалькі дзён. Звяртацца трэба на адрас у Мінску: вуліца П.Броўкі, 13, пакой 102 (перапынак на абед тут з 13 да 14 гадзін). Дарэчы, ніякіх даведак, напрыклад, што сельскагаспадарчая прадукцыя вырашчаная на ўласным агародзе, не трэба. Як адзначылі спецыялісты, паходжанне прынесеных для правядзення аналізу проб прадуктаў цалкам на сумленні грамадзян.
Некалькі слоў пра самі нітраты. Перавышэнне іх дапушчальнага ўзроўню ў прадуктах харчавання можа ўзнікнуць з-за няправільнага выкарыстання ўгнаенняў, парушэння тэхналогіі вырошчвання культур. Бывае, расказалі ўжо ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, і такая прыродная з'ява, калі ў самой глебе першапачаткова павышанае ўтрыманне нітратаў. Так што, памкненні маці малых дзетак пераканацца ў бяспецы морквы, здабытай названым вышэй чынам, цалкам зразумелыя.
Сяргей РАСОЛЬКА.