Беларусы завінаваціліся ЖКГ 32 мільярды
За дзевяць месяцаў гэтага года беларусы недаплацілі за камунальныя паслугі Br32 млрд. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела бухгалтарскага ўліку і фінансаў Міністэрства ЖКГ Андрэй Чэкан.
— 183 тысячы асабістых рахункаў маюць запазычанасць па аплаце камунальных паслуг на першага кастрычніка бягучага года, — расказаў спадар Чэкан. — 69 працэнтаў — гэта людзі, чыя запазычанасць не перавышае тры месяцы. Яны недаплацілі каля 5,8 млрд (прыкладна 18 працэнтаў ад агульнай сумы). Больш за ўсё грошай завінаваціліся людзі, чыя запазычанасць перавышае год. Гэта 22 тыс. рахункаў. Недаплата складае 19,1 млрд рублёў. Па суме недаплат лідзіруюць Магілёўская і Віцебская вобласці — 6 і 5,8 млрд адпаведна.
— У параўнанні з мінулым годам колькасць асабістых рахункаў з недаплатай зменшылася на 15 тыс., — адзначыў Андрэй Чэкан. — А сума недаплаты — 2,5 млрд.
Нагадаем, што ў выпадку запазычанасці за кожны дзень пратэрміноўкі ідзе пеня 0,3 працэнта ад сумы. Калі неплацяжы перавышаюць два месяцы, камунальныя службы маюць права спыніць аказанне паслуг: адключыць ваду, цяпло, каналізацыю і г.д. Праз паўгода неплацяжоў на вас могуць падаць у суд. І па рашэнні суда выселіць наймальніка жылля з кватэры. Уласнікаў жылля, згодна з заканадаўствам, выселіць не могуць.
Настасся Занько.