З пашанай да сваіх каранёў
Шлях да ўзаемнасці пралягае праз сэрцы беларусаў Беласточчыны, праваслаўныя храмы
Цікавы факт: Беласток быў для Гродна першым замежным горадам, з якім было заключана пагадненне аб пабрацімскіх сувязях. Адбылося гэта паўвека таму, у 1960 годзе. А ўчора ў горадзе над Нёманам распачала працу ХVІІ Міжнародная навуковая канферэнцыя "Шлях да ўзаемнасці", якая сабрала больш за 90 беларускіх і польскіх навукоўцаў. Канферэнцыя арганізаваная Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Гродзенскім аблвыканкамам, Саюзам палякаў у Беларусі, Беларускім грамадска-культурным таварыствам у Польшчы, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і ўніверсітэтам у Беластоку.
— Наша абласная праграма ўзаемадзеяння з беларусамі Польшчы прадугледжвае супрацоўніцтва па розных кірунках, і перш за ўсё ў сферах культуры, адукацыі, — адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" начальнік аддзела па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гродзенскага аблвыканкама Ігар ПАПОЎ. — А яшчэ адзін з вектараў супрацоўніцтва рэалізуецца менавіта цяпер — ужо ў семнаццаты раз навукоўцы Беларусі і Польшчы сустракаюцца на канферэнцыі "Шлях да ўзаемнасці", каб абмеркаваць пытанні не толькі гісторыі, але і этнаканфесійных адносін, мовазнаўства, мастацтва, літаратуразнаўства, палітычнага і эканамічнага развіцця, турызму. Яшчэ адна добрая традыцыя будзе працягнута ў горадзе над Нёманам у суботу, 20 лістапада, на чарговым рэгіянальным фестывалі "Артыстычныя сустрэчы "Беласток—Гродна" з удзелам аматарскіх мастацкіх калектываў Беласточчыны. Самадзейныя таленты з Гродзеншчыны, у сваю чаргу, у рамках гэтага фестывалю ўжо неаднойчы дарылі сваю творчасць суседзям.
— Якія прыярытэты цяпер у дзейнасці беларускай супольнасці ў Польшчы? — цікаўлюся ў старшыні галоўнага Праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы Яна СЫЧЭЎСКАГА.
— Беларускае грамадска-культурнае таварыства, якое было заснавана ў 1956 годзе, дзейнічае на карысць беларускай культуры, асветы, паглыблення нацыянальнай свядомасці беларусаў. Увесь час працуем у гэтых напрамках, і перш за ўсё стараемся шанаваць нашу родную мову, нашы абрады, звычаі, створаныя многімі-многімі пакаленнямі. Паколькі беларусы Беласточчыны — гэта этнічная супольнасць, якая пражывае на гэтых тэрыторыях на працягу соцень гадоў.
Такім чынам, галоўная праблема ў тым, каб захаваць наш беларускі этнас, беларускую свядомасць, перадаць наступным пакаленням любоў да роднай мовы, культуры, традыцый. І робім усё, каб вырашыць гэтыя задачы, пераадольваючы ўсялякія перашкоды.
Калі гаварыць аб праблемах, то сітуацыя наступная. Грошы, якія выдаткоўваюцца польскай дзяржавай на культурную і асветніцкую дзейнасць беларускага таварыства ў Польшчы, вельмі сціплыя, можна сказаць, сімвалічныя. Напрыклад, мы, самая галоўная арганізацыя, якая займаецца культурай і асветай усяго беларускага асяроддзя, не маем ніводнай гарантаванай дзяржавай штатнай пасады. Усё трэба грамадскім чынам выпрацаваць і выканаць. Аднак, трэба сказаць, што патэнцыял беларускага таварыства немалы. На тэрыторыі, дзе мы працуем, дзейнічае больш за 60 беларускіх аматарскіх калектываў — гэта фундамент развіцця роднай мовы, культуры, звычаяў. Дзякуючы чаму беларускі этнас не гіне, існуе, яднае пакаленні.
— А ці адчуваеце карысць ад створанага два гады таму ў Беластоку Культурнага цэнтра Беларусі?
— Ён працуе вельмі плённа, падтрымліваючы беларускія інтарэсы на Беласточчыне. Рэаліі такія, што міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі на многія мерапрыемствы сродкаў не дае, а дзякуючы гэтаму цэнтру мы ў сілах утрымліваць усю сістэму беларускай культуры. Бо там, дзе не фінансуе польская дзяржава, дапамагае Культурны цэнтр Беларусі. І, такім чынам, няма пагрозы знішчэння сістэмы, якую мы выпрацавалі на працягу дзясяткаў гадоў.
Беларусь дапамагае нашым творчым калектывам сцэнічнымі касцюмамі, музычнымі інструментамі. Акрамя таго, маем падтрымку ў забеспячэнні метадычнымі матэрыяламі, падручнікамі для класаў з вывучэннем беларускай мовы, літаратурай па праваслаўнай культуры. Хацеў бы адзначыць, што ў нас вельмі добрае супрацоўніцтва з Міністэрствам культуры Беларусі, апаратам Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. А таксама з нашымі суседзямі з Гродзеншчыны — пачынаючы яшчэ ад былога намесніка старшыні аблвыканкама Марыі Міхайлаўны Біруковай, якая заўсёды вельмі сур'ёзна і прыхільна ставілася да праблем беларускай культуры на Беласточчыне, і па сённяшні дзень. Абласныя ўлады ставяцца да нас вельмі добразычліва, шмат дапамагаюць.
— Спадар Ян, як бы вы ахарактарызавалі цяперашнія пазіцыі праваслаўнай царквы на Беласточчыне, яе ролю?
— Без сумненняў, праваслаўная царква — гэта самая вялікая сіла, якая сёння яднае грамадскасць праваслаўнага веравызнання. Раней па-рознаму было. А за апошнія дваццаць гадоў менавіта вакол царквы наступіла інтэграцыя людзей, якія лічаць сябе праваслаўнымі. Калі ж казаць пра нацыянальнае пытанне, дык мітрапаліт Варшаўскі і ўсея Польшчы Сава ставіцца да яго вельмі прыхільна. А вось у асобных прыходах бывае па-рознаму, некаторыя настаяцелі ідуць у напрамку богаслужэння на польскай мове. Як быццам нічога дрэннага, але, з іншага боку, гэта не спрыяе падтрыманню нашай беларускай нацыянальнай культуры на добрым узроўні.
— Колькасць людзей праваслаўнага веравызнання на Беласточчыне, на думку некаторых, значна перавышае колькасць людзей, якія называюць сябе беларусамі...
— Таму што, па-першае, не ўсе праваслаўныя вызначаюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць як беларускую. У канцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя распачалася, як я кажу, стыхія, што некаторыя беларусы пачалі называць сябе ўкраінцамі. Па-другое, ёсць і такая з'ява, што людзі па веравызнанні праваслаўныя, а лічаць сябе палякамі. Шмат хто, мяркую, робіць гэта з-за нейкай боязі і, мабыць, не без ўплыву з боку некаторых нацыяналістычна настроеных прадстаўнікоў высокіх узроўняў улады, якія (некалькі гадоў таму былі такія факты) ужывалі лозунгі накшталт "Польшча для палякаў". Калі беларусы гэта слухаюць, то некаторыя з іх мяркуюць, што лепш не прызнаваць сваёй беларускай нацыянальнасці, бачаць нейкую рызыку.
Вось вельмі свежы прыклад. Ёсць такое асяроддзе ў Беластоку, якое ўжо прыступіла да ідэі пабудовы помніка аднаму дзеячу нацыяналістычных, шавіністычных поглядаў, які ў даваенны перыяд не прызнаваў беларусаў, украінцаў. Што гэта значыць? Аказваецца, і сёння ёсць тыя, хто ўспрымае ідэі гэтага чалавека. А гэта будзе мець адмоўны ўплыў на свядомасць нацыянальнай меншасці, будзе ўспрымацца ёй як пагроза.
І ўсё ж, перакананы, будучыня — на шляху да ўзаемнасці, у гармоніі паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў, у пабудове мастоў паразумення і супрацоўніцтва.
Барыс ПРАКОПЧЫК. Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.