У Беларусі сфарміравана нацыянальная інфармацыйная прастора
Такі пункт гледжання журналістам выказаў міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі. Ён прымаў удзел у прыёме грамадзян у грамадскай прыёмнай Наваполацкай гарадской арганізацыі "Белая Русь" і сустракаўся са студэнтамі і выкладчыкамі Полацкага дзяржуніверсітэта.
"Беларусь адкрыта для інфармацыі, але, на жаль, сярод гэтай інфармацыі сустракаецца сапраўдны бруд і чарнуха. Часам з'яўляюцца сюжэты і артыкулы людзей, якія ніколі не былі ў краіне", — канстатаваў міністр. Дзяржава зацікаўлена ў тым, каб журналісты паказвалі аб'ектыўную рэальнасць. Аб адкрытасці Беларусі сведчыць той факт, што на тэрыторыі краіны без перашкод рэгіструюцца карпункты замежных выданняў, уласныя карэспандэнты. Нядаўна акрэдытацыю атрымалі "РІА Навіны", прадоўжана рэгістрацыя Еўрапейскага радыё для Беларусі. "Адна справа, калі журналіст вяшчае з-за мяжы, іншая — калі ён працуе тут. Сябе не падманеш: калі будзе пісаць няпраўду, яго будзе непакоіць думка — гэта ж не так", — упэўнены Алег Праляскоўскі.
На думку міністра, Беларусь можа ганарыцца сваімі журналістамі, сваімі выданнямі і тэлебачаннем. "У інфармацыйным проціборстве нам ёсць што прадставіць і чым адказаць. Нацыянальнае інфармацыйнае поле сфарміравана, мы на ім гаспадары: на ім прэваліруюць нашы сродкі інфармацыі, і няважна, дзяржаўныя яны або недзяржаўныя", — дадаў ён.
Падзення тыражоў газет пры наяўнасці іх інтэрнэт-версій не адбываецца. Гэта канстатаваў міністр інфармацыі Беларусі.
На працягу няпростых для эканомікі 2009—2010 гадоў падпіска на рэспубліканскія і раённыя выданні не ўпала. Больш таго, амаль дзве трэці раённых СМІ з'яўляюцца самаакупнымі. Па патрабаванні Мінінфарма ва ўсіх раённых газет у гэтым годзе з'явіліся ўласныя сайты, якія разам з раней створанымі інтэрнэт-версіямі рэспубліканскіх газет аб'яднаны ў інтэрнэт-партал беларускіх СМІ.
Задача бліжэйшага часу — зрабіць сайты папулярнымі і нават даходнымі, заявіў Алег Праляскоўскі. Пры гэтым ён перакананы, што тыражы газет ад гэтага не знізяцца. На сайце павінна размяшчацца не поўная версія газеты, а аператыўная інфармацыя, якая будзе ўстанаўліваць сувязь чытачоў з рэдакцыяй. "Сайты, асабліва для газет, якія выходзяць не кожны дзень, — гэта штодзённая сувязь з чытачамі", — лічыць міністр. Тут таксама будзе стварацца архіў нумароў.
На сустрэчы таксама ўзнікла пытанне аб неабходнасці ўвядзення ў штат рэдакцый газет тэхнічнай пасады адміністратара сайта. Пакуль такія штатныя адзінкі не прадугледжаны.
БЕЛТА.