З'езд «маленькай сямёркі»
Усе пераможцы дзіцячага "Еўрабачання" сабраліся ў Мінску
Упершыню ў гісторыі дзіцячага "Еўрабачання" ўсе ранейшыя пераможцы конкурсу праспяваюць на адной сцэне. Напярэдадні ўсе яны сабраліся разам на прэс-канферэнцыю, каб распавесці, як змянілася іх жыццё пасля перамогі і чым яны жывуць сёння.
— Нягледзячы на тое, што спевы і танцы займаюць большую частку нашага часу, тым не менш, мы стараемся аддаваць максімум увагі вучобе, — прызнаюцца ўдзельнікі грузінскага трыа "Бзікебі". Мы цудоўна разумеем, што вучоба — тая база, з якой можна стартаваць далей у жыцці.
— Сёлета я заканчваю школу, апошні год я практычна не спяваў — мутацыя голасу, — расказвае Дзіна з Харватыі. — Зараз мы пачалі працаваць над маім новым вобразам.
Ральф Макенбах на першае месца ставіць школу:
— Я не ведаю, чым я буду займацца праз пару гадоў, і ці буду наогул займацца музыкай, таму шмат часу я аддаю вучобе. Мае адзнакі — А і B (па нашай сістэме — 9 і 10).
Цікавілі журналістаў і планы зорных дзяцей. А асабліва, ці збіраюцца яны, калі вырастуць, удзельнічаць у дарослым "Еўрабачанні"?
Харват Дзіна прызнаўся, што дзіцячае Еўрабачанне — гэта добры старт для дзяцей, якія хочуць выявіць сябе. І прымаць удзел у дарослым "Еўрабачанні" ён не стане:
— Я цалкам змяніў свае погляды на музыку, з'явілася імкненне выконваць такую музыку, якая ў фармат "Еўрабачання" не ўпісваецца.
— А вось мы плануем прыняць удзел у дарослым "Еўрабачанні". І будзем прыкладаць для гэтага ўсе намаганні, — дадаюць сёстры Талмачовы з Расіі, пераможцы конкурсу ў 2006 годзе.
Грузінскае трыа "Бзікебі" заваёўваць дарослае "Еўрабачанне" плануе, але спачатку яго ўдзельнікі хочуць падрасці і набрацца вопыту. Не выключае свайго ўдзелу ў дарослым конкурсе і Ксенія Сітнік.
У Мінску няма пляжаў, але ёсць бібліятэка
У адзін голас удзельнікі прэс-канферэнцыі гаварылі пра нашу бібліятэку. Але не толькі.
— На жаль, тут няма пляжаў і надвор'е не такое цёплае, як у Іспаніі, — прызнаецца іспанка Марыя Ісабэль (пераможца дзіцячага "Еўрабачання-2004"). — Але ў цэлым — мне спадабалася тое, што я паспела пабачыць (бібліятэка і аэрапорт).
— Што мяне вельмі ўразіла ў Беларусі, дык гэта адносіны людзей, — прызнаецца пераможца дзіцячага "Еўрабачання-2009" Ральф Макенбах. — Усе пастаянна пытаюць у мяне, ці не хачу я паесці — усе вельмі клапатлівыя.
Напрыканцы ўдзельнікі пажадалі канкурсантам удачы і ўпэўненасці падчас выступлення. Наконт жа прагнозаў на тое, хто сёлета стане пераможцам, харват Дзіна адказаў, што некарэктна судзіць дзяцей, таму што ўсе яны спяваюць ад чыстага сэрца, і ўсе хочуць перамагчы.
Ілья ЛАПАТО.