Хто стане навасёлам у студэнцкай вёсцы?

Источник материала:  

У хуткім часе ў студэнцкай вёсцы ў Мінску плануецца ўвесці ў строй яшчэ два інтэрнаты. Хацелася б даведацца, студэнты якіх ВНУ стануць іх жыхарамі? Ці праўда, што адзін з інтэрнатаў дастанецца медыцынскаму ўніверсітэту? Калі так, то як будуць размяркоўвацца месцы? Ці трапяць у новы інтэрнат студэнты медыка-прафілактычнага факультэта, якія зараз пражываюць у састарэлым будынку? Калі будзе здадзены інтэрнат? Гэтыя пытанні прыйшлі ў рэдакцыю спачатку па электроннай пошце, а затым нашы чытачы вырашылі патэлефанаваць яшчэ і на "гарачы" тэлефон "Звязды", каб удакладніць некаторыя моманты.

У Міністэрстве адукацыі журналісту "Звязды" паведамілі, што ў 2011 годзе ў студэнцкай вёсцы будуць уведзены два інтэрнаты: адзін з іх дастанецца Беларускаму дзяржаўнаму педагагічнаму ўніверсітэту, а другі — Беларускаму дзяржаўнаму медыцынскаму ўніверсітэту.

— Мы і сапраўды рыхтуемся ў наступным годзе да наваселля, — пацвердзіў гэту інфармацыю рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль СІКОРСКІ. — Прыкладныя тэрміны здачы інтэрната — красавік—чэрвень, адным словам, першае паўгоддзе, так што да новага навучальнага года ў нас ўжо дакладна будзе новы студэнцкі інтэрнат, дзе нам выдзяляюцца 945 месцаў. Гэта вельмі камфартабельнае жыллё. Фактычна двухпакаёвая кватэра. У блоку — два пакоі (адзін разлічаны на пражыванне трох чалавек, а другі — на два чалавекі) плюс свая ванная і кухня. Вядома, студэнцкія інтэрнаты калідорнага тыпу, якія будаваліся яшчэ ў савецкія часы, адназначна прайграюць новаму інтэрнату ў камфартабельнасці. Аднак пагадзіцеся, што для студэнта мець гарантаваны ложак у інтэрнаце вельмі важна, бо арэнда жылля ў сталіцы кусаецца. І не ўсе бацькі могуць дазволіць сабе здымаць для свайго дзіцяці-студэнта ў Мінску нават пакой. На жаль, мы сёння не можам забяспечыць абсалютна ўсіх нашых студэнтаў месцам у інтэрнаце, асабліва гэта датычыцца першакурснікаў, але імкнёмся, каб да другога-трэцяга курса ў кожнага, хто мае патрэбу ў інтэрнаце, ужо быў дах над галавой.

Што датычыцца размеркавання месцаў у новым інтэрнаце ў студэнцкай вёсцы, то мы пакуль яшчэ не вырашылі, як гэта будзем рабіць, і каму пашчасціць стаць навасёлам. Зараз разглядаюцца розныя варыянты. Справа ў тым, што рамонт патрабуецца іншым нашым інтэрнатам. Магчыма, калі распачнецца рамонт, то нам прыйдзецца кагосьці са студэнтаў адсяляць ці весці рамонт па чарзе: на адным, затым на другім паверсе і гэтак далей. Шмат будзе залежаць ад фінансавання. Нам трэба дзейнічаць па-гаспадарску, і мы зараз думаем, як зрабіць лепш для ўсіх. Таму я пакуль не магу даць адназначны адказ на ваша пытанне...

Надзея НІКАЛАЕВА.

←Экстрим в промышленных масштабах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика