Выбаршчык падкаваны
Электаральны аналіз
З папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў узровень электаральнай дасведчанасці беларусаў павялічыўся ўдваяБеларусы ўсё часцей выязджаюць за межы сваёй радзімы. Дзе прымяраюць на сябе не толькі новае адзенне, але і новае "жыццё". Гэта адвечнае параўнанне: "а вось у іх там о..!". Запыты беларусаў растуць. Задаволіць нас усё цяжэй. Нас не здзівіш проста добрай кавярняй: там абавязкова павінна быць нейкая фішка — пампезны інтэр'ер ці малекулярная кухня. Па тэлебачанні ўжо мала паказаць старую добрую мыльную оперу, каб "піпл схаваў" — патрэбна відовішча, шоу і абавязкова нейкае гэтакае. Так і падчас электаральнай кампаніі мы не згодныя задавольвацца малым. Выбаршчык сёння — не тое, што раней: голымі рукамі яго не возьмеш, і птушачку абы-як ён не паставіць. Навукоўцы бачаць у гэтым першакрыніцу беспрэцэдэнтнасці сёлетняй кампаніі.
Дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, доктар сацыялагічных навук, прафесар Давід РОТМАН, які праводзіць выбарчыя даследаванні прыкладна столькі ж, колькі праводзяцца і самі выбары ў незалежнай Беларусі, літаральна ў шоку ад сёлетніх вынікаў:
— Па-першае, значна павысіўся інтарэс да выбараў. За паўтара месяца да падзеі абсалютная большасць насельніцтва заяўляе, што пойдзе галасаваць 19 снежня. У 2006 і 2001 гадах вынікі былі куды больш сціплымі. Па-другое, прыблізна праз тыдзень пасля таго, як пачаўся збор подпісаў, мы пыталіся ў людзей, на якім этапе выбарчай кампаніі зараз знаходзімся. І вы толькі ўявіце, больш як 60 адсоткаў адказалі дакладна: збор подпісаў. Такога раней проста не было! Як не было, відаць, і пікетаў ля цэнтральных крамаў, якія б так прыцягвалі ўвагу. І, нарэшце, па-трэцяе, пыталіся ў людзей: што б вы хацелі ведаць пра прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду?. Пытанне адкрытае — варыянтаў не прапануецца. У выніку атрымалася, што абсалютная большасць людзей (розных ўзростаў і сацыяльных статусаў) сказала, што цікавіцца ў першую чаргу яго кіраўніцкім досведам. Такога у адказах рэспандэнтаў ніколі раней не было! Так, біяграфіяй цікавіліся, максімум — праграмай, а тут такія рэчы людзі кажуць! З усяго гэтага мы вывелі адзіны паказальнік узроўню электаральнай дасведчанасці. З папярэдніх выбараў ён павысіўся амаль у два разы.
— Чым, на Ваш погляд, мы абавязаныя з'яўленню новага тыпу выбаршчыка — дапытлівага, дасведчанага і падрыхтаванага?
— Не думаю, што справа ў піяры: масмедыя і падчас папярэдніх кампаній актыўна інфармавалі насельніцтва. Мне падаецца, гэта ўсё ж такі адлюстраванне пазітыўных палітычных зрухаў, развіццё рэальнай дэмакратыі. Ды і праблемы з Расіяй сыгралі сваю ролю. Паводле даследаванняў нашага цэнтра, беларусы цяпер значна больш пазітыўна ацэньваюць знешнюю палітыку краіны. На старце незалежнасці была аб'яўленая шматвектарнасць знешняй палітыкі, і мы трымаліся залатой сярэдзіны, пасля, паводле пэўных прычын мы неяк пасунуліся ў бок Расіі. Адхіліўшыся крыху ад залатой сярэдзіны. І так было, пакуль па вядомых прычынах — нафтавых, газавых ды малочных — мы зноў не вярнуліся да сярэдзіны. Нават больш за тое, сталі пакрысе паляпшаць адносіны з Захадам, не пакідаючы прытым сярэдзіннай пазіцыі. І людзям, відаць, гэта падабаецца. Беларусы заўжды былі гордым народам, успомніце хоць бы партызанскія хвалі ў вайну. І мне падаецца, што чым больш расійскае кіраўніцтва будзе спрабаваць аказваць нейкі ціск, тым большае непрыманне гэта выкліча ў народа. І менавіта гэта спрацуе на карысць захавання суверэннай дзяржавы. Людзі будуць падтрымліваць таго, у кім яны ўпэўненыя: што ён, гэты суверэнітэт, — па розных прычынах, не важна, па якіх, — будзе жорстка трымаць. Такі нюанс, па-мойму, таксама павысіў інтарэс да гэтых выбараў, іх значнасць. Усе чакаюць таго, што будуць нейкія правакацыі. Раней казалі толькі пра тое, што адзін бок не прызнае выбары ў Беларусі. Сёння многія думаюць, што і іншы бок пачне шукаць немаведама што. Ёсць інтрыга, а значыць, ёсць інтарэс. Людзі прагнуць інфармацыі, думаюць, разважаюць, вызначаюць для сябе лінію паводзін. І гэта вельмі слушна і ўсцешна.
Зоя ВАРАНЦОВА.
(Заканчэнне будзе.)