Аб справах "звычайных" і "гучных"
ішла гаворка ў Гродне на семінары-нарадзе мясцовых выканаўча-распарадчых і праваахоўных органаў па выкананні закона Рэспублікі Беларусь "Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў", а затым на прэс-канферэнцыі пракурора вобласці.
У чым недапрацоўваем у прафілактыцы правапарушэнняў? У прыватнасці, шмат дзе фармальна ставяцца да працаўладкавання людзей, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Сёлета з 1846 такіх грамадзян працаўладкавалі 1066, альбо 57,7 працэнта. Прычым у лік броні на такую катэгорыю — толькі 132 чалавекі, хоць было 679 вакансій. Слаба выкарыстоўваецца патэнцыл працоўных калектываў і грамадскіх фарміраванняў. Не ўбачыш канкрэтных вынікаў у дзейнасці большасці Саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку, створаных на базе органаў ЖКГ у райцэнтрах. Ды і шэраг добраахвотных дружын створаныя хіба што на паперы і рэальна не ўплываюць на стан правапарадку. Пры гэтым многія выканкамы не ў поўнай меры выкарыстоўваюць прадастаўленае заканадаўствам права заахвочвання людзей, якія ўдзельнічаюць у працы па прафілактыцы правапарушэнняў, а таксама абавязковага асабістага страхавання членаў добраахвотных дружын за кошт мясцовых бюджэтаў.
Гаворачы пра "гучныя" справы, пракурор Гродзенскай вобласці Віктар МАРОЗАЎ паведаміў журналістам, што былы начальнік упраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама, генерал-маёр міліцыі Генадзь Хацько прызнае віну ў выкарыстанні службовых паўнамоцтваў пры будаўніцтве ўласнага дома. Улічваючы тое, што ён добраахвотна з'явіўся ў пракуратуру і гатовы кампенсаваць дзяржаве страты, якія (выкарыстанне тэхнікі, людзей) сёння ацэньваюцца прыкладна ў 30 мільёнаў рублёў, прынята рашэнне змяніць яму меру стрымання з арышту на падпіску аб нявыездзе. Пры гэтым па законе ў Г. Хацько ёсць права звярнуцца да Прэзідэнта Беларусі і пры ўмове кампенсацыі прычыненых стратаў і станоўчага рашэння кіраўніка дзяржавы не выключаны варыянт вызвалення ад крымінальнай адказнасці. Гэта прадугледжана артыкулам 88-прым Крымінальнага кодэкса Беларусі "Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з добраахвотнай кампенсацыяй прычыненых стратаў (шкоды)". Такая практыка ўжо напрацаваная, і асабліва гэта датычыцца крымінальных спраў па ўхіленні ад выплаты падаткаў.
Што ж датычыцца далейшага лёсу былога намесніка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргея Рудніка, то крымінальная справа ў дачыненні да яго цяпер знаходзіцца ў судзе. Ён, зазначыў пракурор вобласці, адказвае не толькі за тое, што дапамагаў Хацько будаваць дом, але і за ўласныя злоўжыванні з выкарыстаннем службовага становішча.
А вось крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара Гродзенскага мясакамбіната Анатоля Грышука спыненая, паведаміў пракурор вобласці. Кіраўнік прадпрыемства падазраваўся, што быццам бы танна прадаў прыватнай структуры аб'ект, які належаў акцыянернаму таварыству. А таксама ў тым, што пост пазаведамаснай аховы, на думку следства, выконваў функцыі аховы адначасова і мясакамбіната, і прыватнай струкатуры. Аднак следчыя дзеянні і рэвізіі не далі доказнай базы, каб справу накіраваць у суд. Таму за два тыдні да заканчэння тэрміну расследавання пракурор вобласці папярэдзіў, што следства больш працягвацца не будзе і трэба прыняць працэсуальнае рашэнне. А паколькі яно органамі ўнутраных спраў затрымлівалася, то пракуратура, выкарыстоўваючы свае паўнамоцтвы, сама вынесла пастанову аб спыненні крымінальнай справы. Пры гэтым улічвалася меркаванне рэспубліканскіх органаў, якія ўдзельнічалі ў прававой ацэнцы продажу аб'екта, што продажная цана — гэта прэрагатыва акцыянернага таварыства, якім з'яўляецца Гродзенскі мясакамбінат. А каб ухіліць нейкую двухсэнсоўнасць наконт паста пазаведамаснай аховы, пракуратура прапанавала кіраўніцтву абласнога аб'яднання "Ахова" скарэктаваць яго дыслакацыю. І сёння ўжо нельга сказаць, што гэты пост ахоўвае і мясакамбінат, і прыватную структуру.
Віктар Марозаў таксама паведаміў, што крымінальная справа ў дачыненні да былога кіраўніка расійска-беларускага прыватнага прадпрыемства "Кансент" Андрэя Лушча ў снежні будзе накіраваная ў суд. Падчас расследавання было, у прыватнасці, даказана, што ён паклаў у кішэню, абнаявіў праз фірмы, якія фактычна не функцыянуюць, 45 мільёнаў рублёў. Гаспадарчы суд задаволіў іск пракурора вобласці аб ліквідацыі гэтага суб'екта гаспадарання ў сувязі з грубымі і неаднаразовымі парушэннямі заканадаўства Беларусі. І адразу ж пасля ўступлення гэтага рашэння ў законную сілу распачала працу ліквідацыйная камісія пад старшынствам дырэктара ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама Валерыя Косарава. Яна павінна вырашыць пытанне пра ўступленне забудоўшчыкаў жылога комплексу "Ліра" па вуліцы Захарава і шматкватэрнага дома па вуліцы Парахавой у Гродне ў дагаворныя адносіны з новым падрадчыкам, якім, верагодна, стане прадпрыемства "Гроднажылбуд", і выпрацаваць варыянты вырашэння іншых праблем, звязаных з завяршэннем будаўніцтва жылых аб'ектаў. Пры гэтым, улічваючы форс-мажорныя абставіны, па хадайніцтве мясцовых уладаў банкі прыпынілі спагнанне пені з падманутых забудоўшчыкаў па разліках за ўзятыя крэдыты.
Барыс ПРАКОПЧЫК.