Мараторый на "валютныя баявыя дзеянні"
Вынікі саміту "Вялікай дваццаткі" ў сталіцы Паўднёвай Карэі мы папрасілі пракаментаваць вядомага беларускага эканаміста і аналітыка, члена Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заіку.
— "Вялікай дваццатцы" (G20) удалося прыпыніць спаўзанне самых развітых эканомік свету да развязвання "валютных баявых дзеянняў". Гэта, бадай, галоўны вынік сустрэчы кіраўнікоў дваццаці самых развітых краін планеты. Бо ў свеце рэальна ўзніклі абрысы новага фінансавага крызісу, да якога маглі прывесці, як гэта ні дзіўна, антыкрызісныя меры некаторых краін. У першую чаргу ЗША, якія вырашылі надрукаваць 600 мільярдаў долараў (адна з антыкрызісных мер Вашынгтона), і Кітая, які доўгі час штучна заніжае курс юаня. У гэтай сітуацыі сваю гульню вядзе і Еўрасаюз, якому вельмі нявыгаднае празмернае ўмацаванне курсу еўра. Безумоўна, у свеце ад сустрэчы лідараў "Вялікай дваццаткі" чакалі канкрэтных дзеянняў і мер па прадухіленні "валютных войнаў". І надзеі гэтыя часткова, на мой погляд, спраўдзіліся.
Упершыню саміт "Вялікай дваццаткі" не абмежаваўся падпісаннем традыцыйнай дэкларацыі, а прыняў план дзеянняў для кожнай з краін, у тым ліку і для ўсёй "Дваццаткі" ў цэлым. Упершыню членам G20 удалося дамовіцца аб агульных мерах па прадухіленні "валютных баявых дзеянняў". Звяртае на сабе ўвагу ў першую чаргу рашэнне адмовіцца ад так званай канкурэнтнай дэвальвацыі валют. Гэта калі тая ці іншая дзяржава штучна паніжае курс уласнай валюты з мэтай атрымаць пэўныя канкурэнтныя выгоды на сусветных рынках. Таму саміт "Вялікай дваццаткі" вырашыў паступова набліжацца да такіх валютных курсаў, суадносіны якіх адпавядалі б рэаліям рынку, залежалі ад канкрэтнай сітуацыі з узроўнем экспарту-імпарту ў краіне. І такім чынам больш адэкватна адлюстроўвалі яе эканамічныя паказчыкі, папярэджвалі памкненні асобных краін да дэвальвацыі валют. Шкада, што на саміце не прагучала крытыка ў бок краін, якія грашылі эксперыментамі з валютай, з-за чаго ўзнікла рэальная пагроза "вайны" сусветных валют.
Сёння, на погляд многіх аналітыкаў, такая пагроза пасля саміту стала істотна ніжэй, ёсць час выправіць перакосы ў сусветным валютным рэгуляванні. Аптымізм усяляе і заява ў Сеуле прэзідэнта ЗША Барака Абамы, які паабяцаў праводзіць больш узважаную валютную палітыку. Паглядзім, як яно будзе выконвацца. Для нас галоўнае, каб курс долара — сусветнай рэзервовай валюты — штучна не паніжаўся. Бо гэта на самай справе з'яўляецца (і такога меркавання прытрымліваюцца многія вядомыя эканамісты Еўропы і Азіі) глабальным рабаваннем. Важна адзначыць, што і Кітай адобрыў усе выніковыя дакументы саміту і таксама паабяцаў больш стрымана весці сябе ў валютнай сферы. Такім чынам, можна супакоіць чытачоў "Звязды": новы крызіс, да якога маглі прывесці антыкрызісныя меры некаторых краін, папярэджаны. І гэта, безумоўна, заслуга ўдзельнікаў саміту. Дарэчы, лідары "Дваццаткі" вырашылі ў наступны раз сустрэцца не праз паўгода, а праз год.
Дасягненнем саміту можна лічыць і яго рашэнне аб пераразмеркаванні квот у МВФ на карысць тых краін, якія апошнім часам хутка развіваюцца і дасягнулі ўражальных вынікаў. Гэта рашэнне адлюстроўвае змены ў сусветнай эканоміцы. Бо не проста так развітыя краіны вырашылі саступіць 6 працэнтаў сваіх квот Кітаю, Індыі і Бразіліі. Гэта прывядзе да павышэння ўдзельнай вагі іх галасоў, уплыву ў савеце кіраўнікоў МВФ. Яшчэ адно цікавае рашэнне "Дваццаткі" — прыняты сумесны план дзеянняў супраць карупцыі. Цяпер карупцыянеры з "бруднымі" мільёнамі ўжо не змогуць схавацца за мяжой ад закона сваёй краіны.
Леанід Лахманенка.