Невядомы Беласток

Источник материала:  

На свае вочы

Гэты горад, як і Рым, размешчаны на сямі пагорках

З чым асацыіруецца ў нашай краіне, і асабліва для жыхароў беларуска-польскага памежжа, горад Беласток? Па-першае, вядома ж, з візамі і пагранпераходамі, мытнямі, дзе, здараецца, можна надоўга "прытармазіць" у чэргах . А па-другое, з так званым "шопінгам" і, адпаведна, з цэнамі на тыя ці іншыя тавары, умовамі і нормамі іх увозу. На жаль, гэтым пакуль і абмяжоўваюцца нашы "турыстычныя" інтарэсы ў суседнім горадзе. Вось і атрымліваецца, што мы практычна не ведаем, а чым жа ён цікавы, акрамя шматлікіх, велізарных і не надта гандлёвых устаноў? Хоць Беласток прывабны не толькі імі.

Вось толькі некаторыя штрыхі да яго аблічча.

Гістарычная даведка

Невядомы БеластокПершае ўпамінанне пра Беласток у пісьмовых крыніцах датуецца 1514 годам. Аднак яго гісторыя, паводле легенды, пачынаецца значна раней, у 1320 годзе, калі літоўскі князь Гедымін паляваў у пушчы на тура. Адпачываючы пасля пагоні ля ляснога ручая, ён сказаў: "Чысты, белы сток. Тут можна пабудаваць паляўнічы двор альбо нават заснаваць вёску. "Сток" — гэта даўняя назва ручая, які цячэ і сёння ў выглядзе рэчкі Белая. У 1692 годзе Беласток атрымлівае гарадскія правы, а ў 1749 годзе яму прадастаўляецца магдэбургскае права.

Супараўнальны з Гроднам па колькасці жыхароў амаль 300-тысячны Беласток — буйнейшы горад паўднёва-ўсходняй Польшчы, сталіца Падляскага ваяводства, дзе здаўна пражываюць палякі, беларусы, яўрэі, літоўцы, немцы, рускія, татары, людзі рымска-каталіцкага, праваслаўнага (каля 25 працэнтаў жыхароў), іўдзейскага, пратэстанцкага і ісламскага веравызнанняў. Гэтыя рэаліі, верагодна, і паўплывалі на тое, што тутэйшы ўраджэнец Людвік Заменгоф пачаў працу над стварэннем універсальнай міжнароднай мовы — эсперанта. Не выпадкова цяпер менавіта ў Беластоку праводзяцца сусветныя кангрэсы эсперантыстаў. Заменгофу ўстаноўлены помнік, з яго жыццёвым шляхам знаёміць музей, а справу доктара Эсперанта працягвае цэнтр даследаванняў праблем моўнай камунікацыі.

Знакавай для Беластока з'яўляецца, вядома, і асоба вялікага гетмана, мецэната мастацтва і навукі Яна Клеменса Браніцкага. Дзякуючы яму ў горадзе пабудавалі бальніцу, цэйхгаўз (зброевы склад), ратушу, пошту, тэатральны будынак, манастыр Сясцёр міласэрнасці ... А галоўнай архітэктурнай жамчужынай сталіцы Падлясся па сёння з'яўляецца палац Браніцкіх, які ўжо з ХVІІІ стагоддзя сталі называць "польскім Версалем", паколькі сваёй раскошай магнацкая рэзідэнцыя працягвае традыцыі барочных палацаў французскіх каралёў.

Дарэчы, у сённяшнім палацавам садзе, нягледзячы на значна меншую ў параўнанні з першапачатковай плошчу, і цяпер шмат слядоў арыгінальнай старажытнай кампазіцыі, дзякуючы чаму ён лічыцца адным з найлепш захаваных у Польшчы барочных садоў. Увогуле ж зялёныя насаджэнні займаюць прыкладна трэцюю частку тэрыторыі горада: тут ажно восем паркаў і два запаведнікі. Пры гэтым ствараюцца спрыяльныя ўмовы і для прагулак пехатой, і для аматараў аздараўленчага бегу, веласіпедыстаў. Ёсць таксама схілы для спуску на лыжах і санях, а той, каго цягне ў неба, можа скарыстацца паслугамі аэрапорта Крыўляны для заняткаў авіяцыйным, дэльталётным і паветраплавальным спортам.

Зрэшты, вернемся да гістарычных аб'ектаў, якіх у Беластоку некалькі соцень, у тым ліку каля 150 унесеных у рэестр помнікаў. Цікава, што заснаваная каля 1745 года гетманам Янам Клеменсам Браніцкім беластоцкая ратуша з самага пачатку служыла не для пасяджэнняў членаў магістрата, а выконвала... гандлёвую функцыю. У чатырох вуглавых эркерах знаходзіліся купецкія крамкі. А паколькі вакол Ратушы знаходзіўся рынак, Браніцкі загадаў пабудаваць побач гарадскія вагі. Тады і ўзнік мураваны аднапавярховы будынак з аркамі, дзе размясцілі пазначаныя членамі магістрата ўзоры мер аб'ёму і даўжыні. У сярэдзіне ХІХ стагоддзя ратушная вежа, якая дамінавала над усім горадам, служыла ў якасці пажарнай каланчы. А ў 1939 годзе, калі прыйшла савецкая ўлада, гістарычную пабудову знеслі, а на яе месцы хацелі паставіць помнік Сталіну, ды не паспелі — вайна...

Аднаўляць ратушу пачалі ў 1954 годзе. Зараз, праўда, яна ўжо не мае ранейшага гандлёвага прызначэння, ды і гарадскія вагі вярнуць было немагчыма. Затое там цяпер Падляскі музей з археалагічнымі, этнаграфічнымі калекцыямі, а таксама выдатнай галерэяй польскага жывапісу за перыяд з канца ХVІІІ да пачатку ХХ стагоддзя.

Працягваем прагулку па гістарычным цэнтры Беластока. Непадалёк, на вуліцы Ліпавай, размешчаны праваслаўны кафедральны сабор св. Мікалая Цудатворца, пабудаваны ў 1843—1846 гадах на месцы старажытнай царквы. У саборы знаходзяцца мошчы падляскага святога пакутніка Гаўрыіла Заблудоўскага і цудатворная ікона Беластоцкай Божай Маці.

У беластоцкім раёне Дайліды знаходзіцца адзін з чатырох у Польшчы жаночых праваслаўных манастыроў. А прадоўжым мы падарожжа па буйнейшым цэнтры праваслаў'я ў гэтай краіне ў наваколлі горада. Напрыклад, у населеным пункце Беласточак, у старой драўлянай сядзібе сабраныя старажытныя, тыповыя для тутэйшых мясцін музычныя інструменты. У вёсках Козлікі, Рыбалы, Цялушкі і Паўлы зачароўваюць маленькія шматколерныя драўляныя цэрквы. А крыху далей, у вёсках Соцы, Пухлы і Трасцянка, акрамя царквы і каплічкі, можна ўбачыць так званую Краіну Адчыненых Аканіц. Адметнасць гэтых унікальных па архітэктуры вёсак — у багатых разных упрыгажэннях драўляных дамоў — і на фасадах, і на вуглах, вокнах.

Дарэчы, па гэтай тэрыторыі праходзіць унікальны падляскі бусліны маршрут, які спалучае нацыянальныя паркі ваяводства: Белавежскі, Наравянскі, Бебжанскі і Вігерскі. Прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Беластока знаходзіцца еўрапейская бусліная вёска — Пентава. Тут налічваецца больш за дваццаць бусліных гняздоўяў і ўстаноўлены вежы для назірання за птушкамі. А непадалёк, у Кермусах — так званыя мясціны "зубра і шляхецкіх традыцый", з музеем-запаведнікам, алеяй дубоў, умацаваным замкам. І, зразумела, старапольскай карчмой.

...Крыху далей ад Кермусаў на поўдзень — і мы ў заснаваным у ХІ стагоддзі Суражы ля дзікай рэчкі Нарэў. Вельмі каштоўны гістарычны помнік у гэтым мястэчку, які называюць польскай Амазоніяй — Замкавая гара (гара каралевы Боны), дзе ў раннім сярэднявеччы быў умацаваны горад, а потым замак каралевы. Можна быццам вярнуцца ў тыя часы, наведаўшы славянскі пасёлак "Навія" з яго крамкамі і "майстар-класам" па вырабе дзёгцю, вайсковай амуніцыі і іншых рэчаў. А потым пабываць у заснаваным яшчэ перад Другой сусветнай вайной мясцовым земляробам Уладзіславам Літвінчуком грамадскім археалагічным музеі, якім цяпер кіруе ягоны сын Віктар.

Побач з Беластокам, у Асовічах, турыстам прапануюць убачыць, як выглядалі тутэйшыя вёскі ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. На тэрыторыі 27 гектараў размешчаныя дзясяткі разнастайных драўляных аб'ектаў — старыя хаты, сядзібы, рыгі, ветраныя млыны, свіраны, манежы...

Знаходзячыся на Беласточчыне, варта наведаць і мясціны, звязаныя з яўрэйскай культурай і традыцыямі (36 аб'ектаў яўрэйскай спадчыны), а таксама пабываць у Крынках. Гэта мястэчка з тыпова падляскім выглядам з рынку — на царкву, касцёл і сінагогу. Толькі тут у Польшчы можна ўбачыць круглую плошчу з адыходзячымі ад яе дванаццаццю (!) вуліцамі. Другая такая ў Еўропе, больш позняя, знаходзіцца ў Парыжы на плошчы дэ ля Канкорд.

У дзесяці кіламетрах ад Крынак размешчаны населены пункт Горка, які першапачаткова належаў татарскай сям'і Мурзы Кшачкоўскага. Кажуць, што ў бітве пад Парканамі ён выратаваў жыццё каралю Яну Трэцяму Сабескаму і кароль наведаў яго па шляху на Сейм у Гродне. Дарэчы, бліжэй да мяжы з Беларуссю знаходзіцца вёска Крушыняны, якую некалі называлі "трохсвяточнай". У пятніцу святкавалі мусульмане — татары, у суботу — яўрэі, у нядзелю — каталікі і праваслаўныя.

... Цяпер у Беластоку праходзіць грамадскае абмеркаванне "Стратэгіі развіцця горада на перыяд 2011 — 2020 гадоў". Наперадзе новыя праекты. Але што застаецца нязменным, дык гэта добразычлівасць жыхароў беласточчыны, у чым ужо неаднойчы пераконваўся і аўтар гэтых радкоў. Прычым, што прыемна, у шэрагу выпадкаў для мясцовых жыхароў была зусім не чужой беларуская мова. Нічога дзіўнага, бо менавіта Беласточчына з'яўляецца галоўным цэнтрам польскіх грамадзян беларускай нацыянальнасці.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.

Рэцэпт бульбяной кішкі па-падляску

Інгрэдыенты:

500 грамаў свіной кішкі (лепш за ўсё тонкай), 3 кілаграмы бульбы, 200 грамаў вэнджанай грудзінкі, адна цыбуліна, каля шклянкі мукі, адно яйка, тлушч для бляхі.

Выраб:

Кішку акуратна абмыць з невялікай колькасцю солі. Цыбулю і парэзаную грудзінку засмажыць на патэльні. Да пачышчанай бульбы дадаць палову грудзінкі з цыбуляй, муку, яйка, прыправіць соллю і перцам на смак. Напоўніць кішку масай, пакласці на памазаны тлушчам бляху. Пракалоць кішку зубачысткай (прыблізна праз кожныя 5 сантыметраў). Запякаць у духоўцы каля адной гадзіны пры тэмпературы 150 градусаў.

←Размышления у внешнего шлюза

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика