АБЗАЦ
Споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Яна Скрыгана. Нарадзіўся на Капыльшчыне, быў рэпрэсаваны, правёў удалечыні ад роднага краю 18 гадоў. Пасля рэабілітацыі працаваў на розных пасадах у літаратурным, выдавецкім асяродку, выдаў некалькі кніг прозы, шмат перакладаў. Памёр у 1992 г.
У Івацэвіцкім раёне ў выніку наезду мікрааўтобуса загінула 48-гадовая расіянка. 32-гадовы жыхар Мінска, які позна ўвечары ехаў на аўтамабілі "Мерседэс-Бенц 410" у бок сталіцы, учыніў наезд на жанчыну, калі тая перабягала праезную частку. Яна памерла на месцы. Кіроўца спыніўся і патэлефанаваў у міліцыю. Супрацоўнікі ДАІ, якія прыбылі на месца аварыі, знайшлі ў жанчыны ключы ад аўтамабіля. За 800 метраў ад месца здарэння была знойдзена "Мазда" з расійскімі нумарамі. У аўтамабілі знаходзіліся дакументы загінулай. Устаноўлена, што гэта грамадзянка Расіі, жыла ва Уладзівастоку. 15 лістапада яна прыехала ў Беларусь з Украіны. Па факце аварыі распачата крымінальная справа.
Жыхарка адной з вёсак Пінскага раёна падазраецца ў прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання свайму двухмесячнаму сыну. У дачыненні да 29-гадовай жанчыны пракуратурай распачата справа аб наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання заведама малалетняй асобе. Свае дзеянні яна тлумачыць тым, што не магла супакоіць немаўля, якое моцна плакала, і ўдарыла яго рукой. У хлопчыка — разрыў селязёнкі, яму зроблена аперацыя.
У Екацярынбургу (Расія) ДІБДР шукае зламыснікаў, якія намалявалі на зялёным сігнале святлафора каноплі. Невядомыя з дапамогай трафарэту нанеслі выяву забароненай "траўкі" на святлафорах васьмі скрыжаванняў паблізу бальніц і буйных забаўляльных цэнтраў. Аўтааматары збянтэжаныя: ну і жартачкі ў даішнікаў! У абласную адміністрацыю пасыпаліся скаргі шакіраваных гараджан. Галава даў каманду знайсці і пакараць гора-мастакоў. Аўтаінспектары другі дзень чысцяць прыборы: жартаўнікі не пашкадавалі грошай на фарбу, купілі самую трывалую. За такія жартачкі пагражае буйны штраф — за прапаганду наркотыкаў. ПОЎНЫ АБЗАЦ У індыйскім горадзе Дуле ўрач адной з мясцовых бальніц выдаліў з ныркі пацыента 172 тыс. 155 камянёў. Аперацыю па іх выдаленні ў 43-гадовага мужчыны, які на працягу паўгода мучыўся ад моцнага болю ў жываце, правёў хірург у канцы мінулага года. Камяні дыяметрам ад 1 мм да 2,5 см складаліся са шчаўевакіслага кальцыю і фасфату кальцыю. Палічыць камяні доктару дапамог чалавек, які спецыялізуецца на працы з дыяментамі. На гэта яны трацілі па тры гадзіны ў дзень на працягу месяца. Пасля працяглых праверак выявілася, што ўрач стаў абсалютным рэкардсменам у гэтым кірунку, днямі яму прыслалі пасведчанне Кнігі рэкордаў Гінэса.