РОЗГАЛАС
14 лістапада ў 23 гадзіны пасля тушэння пажару ў кватэры дома па вуліцы Тухачэўскага ў Лідзе выяўлены з цялеснымі пашкоджаннямі трупы 72-гадовага гаспадара і яго непрацуючага сына 1961 года нараджэння.
У той жа дзень пракуратура раёна завяла крымінальную справу. У ходзе расследавання ўстаноўлена, што забойства пасля сумеснага ўжывання спіртных напояў здзейснілі мясцовыя жыхары Сяргей Р. 1987 г.н. і Аляксандр Д. 1991 г.н., непрацуючыя. Каб утаіць злачынства, яны падпалілі кватэру.
Абодвух падазроных затрымалі. Іх дачыненне да забойства пацвярджаецца неабвержнымі доказамі. Следства па справе праводзіць следчы па важнейшых справах абласной пракуратуры. Матывы і ўсе іншыя абставіны забойства высвятляюцца, паведаміў "Звяздзе" старшы памочнік пракурора Гродзенскай вобласці Вячаслаў Ігнацік.
Барыс ПРАКОПЧЫК.
Двое беларусаў атрымалi лёгкiя цялесныя пашкоджаннi ў вынiку аварыi мiкрааўтобуса ў Егiпцепаведамiлi ў прэс-службе МЗС Беларусi. "У медыцынскай установе горада Сафага пацярпелым аказалi медыцынскую дапамогу, пасля чаго абодва беларусы працягнулi свой адпачынак", — расказалi ў прэс-службе. ДТЗ адбылося 15 лiстапада на трасе Хургада—Сафага. Мiкрааўтобус, якi рухаўся на вялiкай хуткасцi, перакулiўся з-за шыны, якая лопнула. Як паведамляюць замежныя iнфармагенцтвы, у iм знаходзiлiся 16 турыстаў — сямёра расiян, сямёра ўкраiнцаў i двое беларусаў. Загiнулi грамадзянка Расii i грамадзянка Украiны.
БЕЛТА.
Хто росціць і ловіць, той і крадзе...У рыбгасе "Сакалова" Маларыцкага раёна дзяржінспектары і міліцыянеры затрымалі чатырох работнікаў гэтай жа гаспадаркі.
Апошнія пры адлове рыбы з сажалак тайна загрузілі ў мяхі і на асабістых аўтамабілях спрабавалі вывезці 345 кілаграмаў карпа, таўсталобіка, белага амура і іншых відаў рыб.
На падобнае пайшлі і тры работнікі брыгады прамысловай лоўлі Нацыянальнага парку "Браслаўскія азёры" на возеры Дрывяты. Пры затрыманні ў парушальнікаў атрымалася схаваць скрадзены ўлоў у прыдарожнай лесапаласе і збегчы. Аднак рыбу знайшлі, а пры спробе яе вывезці затрымалі аднаго з раскрадальнікаў. Далей былі затрымалі і іншыя. Канфіскавана 65 кілаграмаў рыбы.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Жудаснае паляванне на лебедзяўРаніцай у мінулую суботу на вадасховішчы побач з вёскамі Новікі і Вялікае Гацішча Баранавіцкага раёна двое невядомых стралялі па лебедзях. Пра гэта стала вядома па словах відавочца здарэння — жыхара горада Баранавічы, паведаміў рэдакцыі спецыяліст па экалагічнай адукацыі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Руслан Шайкін.
Крыху пазней работнікі Баранавіцкага РАУС адшукалі на месцы здарэння двух лебедзяў, адзін з якіх загінуў на месцы. Другую, параненую, птушку супрацоўнікі міліцыі перадалі ў ветлячэбніцу на абследаванне. Калі лебедзь выжыве, тады вырашана, што далечвацца ён будзе ў жывым кутку на мясцовай мэблевай фабрыцы "Дыпрыз".
Вядомы эксперт АПБ па экалагічным заканадаўстве Рыгор Фёдараў лічыць, што калі гэтыя браканьеры будуць знойдзены, то ім неабходна будзе як мінімум кампенсаваць урон, нанесены прыродзе Беларусі, які складае па 10 базавых велічынь за кожную птушку.
Асобна зладзеяў павінны аштрафаваць за адміністратыўнае правапарушэнне, упэўнены Руслан Шайкін. Фактаў у гэтай справе пакуль мала. Хутчэй за ўсё, гэта было не паляванне, а жудасная забава. Ёсць меркаванне, што невядомыя са стрэльбай былі не зусім цвярозымі і... не зусім адэкватнымі людзьмі.
Сяргей КУРКАЧ.
Рыбу скралі... міліцыянеры
На вадаёме паблізу вёскі Любонічы Кіраўскага раёна работнікі Бабруйскай міжрайінспекцыі разам з супрацоўнікамі ААТ "Кіраўскае раённае дзяржаўнае прадпрыемства па вытворча-тэхнічным абслугоўванні і забеспячэнні аграпрамысловага комплексу", якое і арандуе гэты вадаём, за крадзеж рыбы затрымалі міліцыянераў.
Гэта былі супрацоўнікі Клічаўскага аддзела дэпартамента аховы МУС: два міліцыянеры-вадзіцелі і міліцыянер-кінолаг. Яны паспелі скрасці 50 кілаграмаў сажалкавай рыбы, якая была здадзеная на склад арандатара. На месца выклікаліся супрацоўнікі УУБ МУС, прадстаўнікі пракуратуры Кіраўскага раёна. У дачыненні затрыманых дзяржінспектары склалі адміністрацыйныя пратаколы за дробны крадзеж.
Сяргей РАСОЛЬКА.