"Асвятляць уначы асабістыя веснічкі можна за ўласны кошт"

Источник материала:  

Алена Васільеўна Корань з вёскі Берлеж Пухавіцкага раёна звярталася ў "Звязду" дагэтуль ужо неаднойчы. На гэты раз яе пытанне датычылася вулічнага асвятлення: чаму побач з яе домам не ўстановяць ліхтар? Маўляў, на ўсю невялікую вуліцу дзейнічае толькі два ліхтары — у пачатку і ў канцы, прычым, адзін гарыць увесь час, а другі чамусьці адключаецца пасля апоўначы.

Мы спрабавалі патлумачыць, што тут дзейнічаюць пэўныя сацыяльныя стандарты на ўстаноўку ліхтароў (чытачка ж сама прызнавала, што вуліца — невялікая, і па ёй не праходзіць ажыўленая аўтатраса). Вядома, адключаюць ліхтары дзеля эканоміі, а калі адзін з іх не гасне, магчыма, штосьці здарылася з рэле. Аднак нават пасля нашай парады звярнуцца ў сельскі Савет заяўніца засталася незадаволенай, хоць ёй там, наколькі стала зразумелым, патлумачылі тое ж самае. "А мы што — не людзі?", — працягвала ў чарговы раз даводзіць нам заяўніца.

Цяпер ужо рэдакцыя была вымушана патэлефанаваць у Блужскі сельскі Савет. Як і чакалася, пачулі відавочнае: вуліца малая, ліхтары ўстаноўленыя ў яе пачатку і ў канцы, адзін з іх гарыць пастаянна толькі на ўездзе. Каля кожнага дома (а ўслед за заяўніцай тое ж пытанне могуць задаць і яе суседзі) паставіць слупы з лямпачкамі нерэальна.

— Аднак, калі ў чалавека існуе нейкая свая прычына асвятляць асабісты двор, гаспадарчыя пабудовы на ім або веснічкі з вуліцы, калі ласка — ёсць цалкам законная прапанова электрасетак для такіх грамадзян. Гэта калі ад асабістага лічыльніка выводзіцца лямпачка на двор, — заўважылі ў сельскім Савеце. — Гарэць па жаданні чалавека яна можа хоць кругласутачна, аднак — за кошт домаўладальніка. Тарыф па аплаце спажытай электраэнергіі дзейнічае ў гэтым выпадку звычайны, як і пры аплаце за асвятленне ў самім доме. Мы прапануем такі варыянт людзям, якія незадаволеныя тым, што побач з іх домам няма ліхтароў. Аднак, як паказвае практыка, калі грамадзяне даведваюцца, што электрычнасць давядзецца аплачваць са сваёй кішэні, ахвотных пайсці на такі крок не знаходзіцца.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Местный вид

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика