Прагрэс пайшоў

Источник материала:  

Еўрапейскі Камісар па пытаннях пашырэння ЕС і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан ФЮЛЕ прыехаў у Беларусь у другі раз і прывёз з сабой як мінімум дзве навіны. Імі і падзяліўся з масмедыя ў перапынках паміж сустрэчамі з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Першая вестка — пра тое, што ў мінулую пятніцу Еўракамісія прыняла мандаты на перамовы аб палягчэнні візавага рэжыму для грамадзян Беларусі і аб рэадмісіі. Рабочыя групы пачнуць функцыянаваць у лістападзе і снежні адпаведна. Спадар Фюле выразіў спадзяванне, што ў пачатку наступнага года будзе магчыма прыступіць да сур'ёзных перамоў з беларускімі ўладамі, якія дазволілі б жыхарам краіны атрымаць істотную палёгку для наведвання ЕС. І гэта, трэба думаць, хутчэй, пытанне часу, чым палітыкі.

— Візавая палёгка для беларускіх грамадзян не павінна быць звязаная з палітычнымі пытаннямі ці абумоўленая імі, — перакананы Штэфан Фюле.

Узмацніць сваё прадстаўніцтва тут Еўрасаюз мяркуе ўжо ў пачатку наступнага года — са з'яўленнем паўнавартаснага пасольства ЕС у Беларусі.

Другая навіна: дзяржавы—ўдзельніцы ЕС пачалі абмеркаванне сумеснага прамежкавага плана ў дачыненні да Беларусі. А паколькі з Еўрасаюзам у нас дагэтуль няма двухбаковага пагаднення, то такі крок еўрапейскай суполкі выглядае вельмі і вельмі важным. Яшчэ большае спадзяванне выклікае яго неабмежаванасць нейкай адной галіной. Паводле выразу еўрапейскага палітыка, "гэта план, як развіваць адносіны ва ўсіх сферах". Не стане выключэннем, безумоўна, і прынцыповыя для еўрасуполкі аспекты — правы чалавека і дэмакратыя. План, паводле слоў спадара Фюле, закліканы дапамагчы Беларусі з мадэрнізацыяй. Не абмінаецца і эканамічны сектар. Асаблівы інтарэс еўрапейскага боку звязаны з энергапастаўкамі. "Сфера, у якой мы цяпер вядзём усё больш актыўны дыялог", — адзначае еўракамісар. Прамежкавы план, на думку чэшскага палітыка, дасць аснову для амбіцыйных двухбаковых праграм па ўсім спектры адносін.

У плана няма строгіх часавых рамак, паколькі размова ідзе не пра дакумент, які мае юрыдычную сілу, а пра гібкі інструмент, які садзейнічае супрацоўніцтву Беларусі і ЕС. Тым не менш Штэфан Фюле інфармуе, што дзяржавы-ўдзельніцы палічаць за лепшае пакласці гэты план на стол... пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Апошняе ў спісе, аднак не апошняе па важнасці, як сказалі б англічане. Еўракамісар прывёз у Беларусь і ярка выражанае перадвыбарчае пасланне.

— ЕС хоча бачыць выразны і вымяральны прагрэс у параўнанні з мінулымі выбарамі, — канстатуе Штэфан Фюле.

На ўражанне ад электаральных працэсаў, безумоўна, паўплываюць і высновы назіральнай місіі АБСЕ пад кіраўніцтвам Герта Арэнса, з якім еўракамісар таксама сустрэўся ў Мінску. Сярод ключавых крытэрыяў, па якіх будзе ацэньвацца прагрэс у дэмакратызацыі выбараў (прычым не толькі АБСЕ, але і ЕС), спадар Фюле назваў такія аспекты, як рэгістрацыя кандыдатаў, фарміраванне выбарчых камісій, доступ да медыя, датэрміновае галасаванне, падлік галасоў і апрацоўка вынікаў.

— Я бачу пэўны прагрэс па некаторых пазіцыях, — падкрэслівае еўрапейскі палітык. — Рэгістрацыя кандыдатаў ідзе добра, збор подпісаў я б назваў заахвочвальным, доступ да медыя палепшыўся.

Карацей, прагрэс пайшоў! Аднак, відаць, яшчэ не дастатковай для ўзорнай еўрапейскай дэмакратыі хадой. Так, Штэфан Фюле са шкадаваннем адзначае адсутнасць значных зрухаў у фарміраванні выбарчых камісій, дзе слаба прадстаўленая апазіцыя. "Усё яшчэ застаюцца пытанні, звязаныя з датэрміновым галасаваннем", — дадае еўракамісар. Палітык таксама абверг сцвярджэнне, што ЕС на гэтым этапе будзе аддаваць перавагу таму ці іншаму кандыдату. Ён падкрэсліў, што справа беларускіх грамадзян — рабіць выбар. І менавіта гэта падтрымлівае і хацеў бы ўбачыць у бягучым электаральным працэсе еўрапейскі бок.

Ала МАЧАЛАВА.

←Местный вид

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика