Па вакансіі ў сталіцы — на кірмаш
Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў Камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, 16 лістапада ў сталіцы адбудзецца кірмаш вакансій для наймальнікаў, якія маюць патрэбу ў кадрах, і грамадзян, што маюць намер працаўладкавацца. Кірмаш пройдзе ў Палацы культуры і спорту чыгуначнікаў па адрасе: вул. Чкалава, 7.
Падчас кірмашу вакансій плануецца наладзіць сустрэчы з прадстаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, якія шукаюць работнікаў, а таксама правесці кансультаванне па пытаннях занятасці і магчымасцях прафесійнага навучання. Пры гэтым, адзначылі ў камітэце, кірмаш разлічаны не толькі на грамадзян, якія не маюць працы, але і на тых, хто проста шукае сабе іншае месца. Тым больш што варыянты ў такім выпадку ёсць. Па стане на 1 кастрычніка афіцыйны статус беспрацоўнага ў сталіцы мелі 3813 чалавек, і ў той жа час у гарадскім банку звестак службы занятасці налічвалася 18,8 тыс. вакансій, і ў тым ліку 14,7 тыс. вакансій — па рабочых прафесіях.
Сяргей ГРЫБ.