"Пакуль на вуліцы цёпла, кацельня будзе працаваць у рэжыме прапальвання"

Источник материала:  

З Лельчыц, са шматкватэрнага дома па вуліцы Перамогі, патэлефанавала жанчына — ад імя многіх суседзяў, як яна сказала. Паскардзілася, што ўжо недзе каля тыдня, як у іх адключылі ацяпленне, дык, маўляў, патлумачце — ці маюць рацыю мясцовыя камунальныя службы, ці існуюць на гэты конт нейкія дазвольныя дакументы?

Адказваючы на пытанне, заяўніца паведаміла, што ў яе кватэры ў адным пакоі зараз плюс 17 градусаў цяпла, у другім — плюс 15. Сапраўды, на першы погляд, названая тэмпература не дацягвае да нарматыву. Аднак тут трэба ўлічваць некалькі фактараў, паспрабавалі мы давесці жанчыне. Па-першае, трэба прызнаць відавочнае: на вуліцы цяпер стаіць даволі цёплае надвор'е, не зусім характэрнае для гэтай пары года. Па-другое, нават у суседзяў, што жывуць праз сцяну, не можа быць аднолькавай тэмпературы ў пакоях. Хтосьці цэлыя суткі трымае прыадчыненай фортку, а ў кагосьці стаяць шклопакеты і ўцеплены, напрыклад, балкон. У аднаго куткавая кватэра, а іншы гаспадар не забываецца і тамбур зачыняць, і ўваходныя дзверы праверыў, каб знізу халодным паветрам не цягнула. Аднак, наколькі мы зразумелі, такімі тлумачэннямі жыхарка дома засталася не вельмі задаволеная.

— Так, ацяпленне адключанае ў сувязі з дадатнымі тэмпературамі вонкавага паветра. Пры паказчыку плюс восем градусаў кацельня прыпыняецца і працуе толькі ў рэжыме прапальвання. Вось, напрыклад, сёння ў нас было плюс дзесяць на вуліцы, — патлумачыў ўжо намеснік дырэктара камунальнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства "Лелькам" Сяргей РЭЎТ. — Наконт адключэння ацяплення існуе адпаведнае распараджэнне райвыканкама, якое, у сваю чаргу, дублюе аналагічнае распараджэнне Гомельскага аблвыканкама. Ацяпленне было ўключана па графіку, аднак пры плюсавых тэмпературах вонкавага паветра мы не можам нават паліва спісваць, калі яно выкарыстоўвалася — існуюць пэўныя нарматывы. Натуральна, за такім крокам стаіць задача зэканоміць імпартнае паліва, што выкарыстоўваецца кацельняй, — газ. Але як толькі тэмпература паветра панізіцца, рэжым ацяплення вернецца да ранейшага. Што ж тычыцца канкрэтнай сітуацыі з тэмпературай паветра ў пакоях вашай заяўніцы, у цэлым вы далі правільны адказ, паколькі трэба яшчэ разабрацца, чаму ў жыллі і па якіх прычынах менавіта такі мікраклімат.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Голая правда

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика