Ці прыжывецца ў Беларусі Дзень без пакупак?
Што вы прымаеце пад увагу, калі набываеце прадукты ў супермаркеце? Ці гатовыя вы адмовіцца ад пакупкі прадукту, які вам падабаецца, калі даведаецеся, што яго вытворчасць шкодная для здароўя людзей або можа пагоршыць стан навакольнага асяроддзя? І ці гатовы вы плаціць больш за прадукты, экалагічная чысціня якіх пацверджана аўтарытэтнай арганізацыяй? Гэтыя пытанні былі адрасаваныя ўдзельнікам сацыялагічнага даследавання, якое праводзілася ў рамках партнёрскага праекта "Устойлівае спажыванне для паляпшэння якасці жыцця", які выконваецца беларускімі экалагічнымі арганізацыямі, што ўтвараюць сетку "Зялёнае партнёрства", Беларускім таварыствам абароны спажыўцоў і арганізацыяй з Нідэрландаў Mіlіеukоntаkt Іntеrnаtіоnаl.
Гэтыя пытанні здаюцца лёгкімі толькі на першы погляд, бо ў адрозненне ад тых жа еўрапейскіх краін, дзе "зялёнае спажыванне" прапагандуецца не адзін дзясятак гадоў і знайшло ўжо сотні тысяч сваіх прыхільнікаў, у Беларусі пераважная большасць спажыўцоў не мае ніякага ўяўлення пра тое, як наш лад жыцця можа ўплываць на будучыню планеты. Мы ўсе любім смачна есці і піць, прыгожа апранацца, набываць апошнія навінкі тэхнікі, ездзіць на сучасным аўтамабілі , мяняць рэгулярна мабільныя тэлефоны. Аднак мала хто ведае, што пасля вытворчасці мабільнага тэлефона застаецца ажно 75(!) кілаграмаў розных адходаў. Падлічана, што з 2008 па 2010 гады колькасць выпушчаных мабільных тэлефонаў павялічылася ў свеце ўдвая. І хоць тэрмін службы мабільнікаў складае 7 гадоў, мы мяняем іх у сярэднім кожныя 18 месяцаў. Звалак на планеце становіцца ўсё больш і больш, хоць значную частку адходаў можна было бы выкарыстаць як другасную сыравіну. Рэсурсы планеты вычэрпваюцца — Зямля не паспявае аднаўляць ваду, нафту, газ, вугаль, свае жывёльныя і раслінныя рэсурсы. Урадлівасць глебы ўдаецца падтрымліваць толькі за кошт угнаенняў. Мільёны людзей у розных краінах ужо ўсвядомілі, у якую пастку можа трапіць чалавецтва, калі не зменшыць свой ўзровень спажывання і калі мы ўсе будзем і далей жыць па прынцыпе "на мой век хопіць". Лад жыцця, да якога яны прыйшлі, называецца ўстойлівым або "зялёным" спажываннем. Такі падыход называць таксама дружалюбным да прыроды. Устойлівае спажыванне — свядомы выбар у бок экалагічнага стылю жыцця: выбар і ўладкаванне больш экалагічна эфектыўнага жылля, адмова ад выкарыстання аднаразовых тавараў, змяншэнне колькасці адходаў, выкарыстанне грамадскага транспарту замест асабістых аўто, мінімізацыя выкарыстання хімічных рэчываў (мыйных і ачышчальных сродкаў), выкарыстанне больш экалагічных і энергазберагальных тавараў у побыце, спажыванне прадуктаў, вырабленых непадалёку ад месца пражывання, а не прывезеных за тысячы кіламетраў. Прасцей кажучы, устойлівае спажыванне — гэта спажыванне, бяспечнае і для чалавека, і для навакольнага асяроддзя на ўсіх этапах: вытворчасці тавараў ці прадуктаў, іх спажывання і ўтылізацыі (у тым ліку ўпакоўкі).
Аднак ці знаёмыя беларускія спажыўцы з гэтым тэрмінам? Інтэрв'юіраванне спажыўцоў праходзіла ў буйных харчовых крамах пяці гарадоў: Брэста, Баранавічаў, Гомеля, Мінска і Магілёва. Для таго, каб ахапіць усе сацыяльныя пласты насельніцтва, наведвалі магазіны не толькі ў цэнтры гарадоў, але і ў спальных і прамысловых раёнах. Для атрымання больш аб'ектыўнай карціны на большасць пытанняў рэспандэнты давалі адказы ў адвольнай форме, без выбару падказак. Узрост рэспандэнтаў вагаўся ад 15 да 60 гадоў.
Фактары, якія ўплываюць на выбар прадуктаў (без падказак):
Цана 60,8%
Тэрмін прыдатнасці, дата вытворчасці 55,1%
Склад прадукту 39,7%
Вытворца (знаёмая марка, брэнд) 23,9%
Знешні выгляд прадукту 16,1%
Месца вытворчасці 15,4%
Адсутнасць дабавак 14,9%
Смак, пах 13,6%
Прывабнасць упакоўкі 9,5%
Экалагічная чысціня, натуральнасць 9,2%
Каларыйнасць 8,7%
Адсутнасць ГМА 6,2%
Аб'ём/вага ўпаковкі (расфасоўкі) 3,2%
Экалагічнасць упакоўкі 0,5%
— Станоўча на пытанне, ці ведаеце вы, што такое ўстойлівае спажыванне, адказала 25 працэнтаў рэспандэнтаў, а 75 працэнтаў далі адмоўны адказ, — расказвае загадчыца кафедры сацыяльнай камунікацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат сацыялагічных навук Вольга ЦЯРЭШЧАНКА. — Тыя, хто далі станоўчы адказ, павінны былі дадаткова растлумачыць сваё разуменне гэтага тэрміну без вонкавай падказкі. Правільнымі лічыліся адказы, якія звязваюць устойлівае спажыванне з адсутнасцю шкоды для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя. Поўны правільны адказ быў атрыманы толькі ад 10 рэспандэнтаў з больш чым дзвюх тысяч (што складае ўсяго 0,5 працэнта ад іх агульнай колькасці). Яшчэ 2,5 працэнта рэспандэнтаў звязалі ўстойлівае спажыванне толькі з адсутнасцю шкоды для здароўя людзей і 2 працэнты — толькі з адсутнасцю шкоды для навакольнага асяроддзя. Яшчэ 20 працэнтаў рэспандэнтаў, якія лічаць, што яны ведаюць тэрмін, звязалі ўстойлівае спажыванне са стабільным спажываннем, гэта значыць са спажываннем прадуктаў у той жа колькасці і якасці. Адзін рэспандэнт вызначыў устойлівае спажыванне як інфармаваны выбар. І некалькі адказаў былі звязаны з клопатам пра дзяцей і будучыя пакаленні.На думку Вольгі Цярэшчанкі, можна з высокай ступенню ўпэўненасці меркаваць, што ў малых гарадах і сельскіх населеных пунктах гэты тэрмін практычна невядомы. Неразуменне тэрміна "устойлівае спажыванне" абсалютнай большасцю беларусаў звязана практычна з поўнай адсутнасцю яго ў беларускай медыйнай прасторы і нізкай экалагічнай адукаванасцю насельніцтва. Аднак, як высветлілася ў ходзе сацыялагічнага даследавання, няведанне тэрміну не цягне за сабой аўтаматычна адсутнасць у беларусаў экалагічных паводзінаў на бытавым узроўні. Так, 45 працэнтаў рэспандэнтаў заявілі пра сваю гатоўнасць неадкладна адмовіцца ад спажывання прадуктаў, вытворчасць якіх наносіць шкоду здароўю людзей і 35 працэнтаў — ад прадуктаў, якія могуць пагоршыць стан навакольнага асяроддзя. Значная частка рэспандэнтаў (71 працэнт) таксама разумеюць, што экалагічна чыстыя прадукты могуць каштаваць даражэй і гатовы за іх плаціць. Праўда, "цэнавая эластычнасць" попыту на такія прадукты невялікая: плаціць на 10 працэнтаў больш за звычайную цану згодныя толькі 48 працэнтаў ад рэспандэнтаў, якія не супраць больш высокіх цэн на экалагічна чыстыя прадукты. Прычым часцей да больш высокай аплаты экалагічна чыстых прадуктаў гатовыя рэспандэнты з высокім узроўнем даходаў.
Увагу на састаў прадукту звяртаюць 40 працэнтаў рэспандэнтаў. Адсутнасці дабавак надаюць значэнне 15 працэнтаў апытаных. 9 працэнтаў улічваюць экалагічную чысціню пры выбары прадуктаў, праўда, цяжка ацаніць, якімі крытэрамі яны пры гэтым кіруюцца. 6 працэнтаў стараюцца пакупаць прадукты, якія не ўтрымліваюць ГМА. І толькі 0,5 працэнта пакупнікоў аддаюць перавагу прадуктам ва ўпакоўках, што перапрацоўваюцца, хоць адпаведныя маркіроўкі, у адрозненне ад маркіровак экалагічнай чысціні (натуральнасці) прадуктаў сустракаюцца даволі часта.
На пытанне "Ці лічыце вы, што ў магазінах, якія вы наведваеце, маецца дастатковы выбар экалагічных прадуктаў?" толькі 26 працэнтаў рэспандэнтаў далі станоўчы адказ. 72 працэнты далі адмоўныя адказы, і ў двух працэнтаў апытаных узніклі цяжкасці з фармулёўкай адказу.
Асобнай увагі заслугоўваюць наступныя лічбы: 46 працэнтаў рэспандэнтаў паведамілі, што яны ўвогуле не звяртаюць увагу на маркіроўкі, у тым ліку 13 працэнтаў не ведаюць пра існаванне такіх маркіровак. 8 працэнтаў не лічаць патрэбным звяртаць на іх увагу і 25 працэнтаў не задумваліся пра гэта.
Старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Суша ўпэўненая, што менавіта спажыўцы павінны дыктаваць вытворцам свае ўмовы. Калі пакупнікі пачнуць аддаваць перавагу экалагічна чыстай прадукцыі, то і вытворцы пачнуць яе вырабляць, а тое, што не будзе карыстацца попытам, проста знікне з гандлю.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Парады для прыхільнікаў устойлівага спажывання:
— Купляйце толькі тыя рэчы, якія вам сапраўды патрэбны. Раз у тыдзень уводзьце ў сям'і табу на "шопінг". 27 лістапада (напярэдадні бязлітаснага каляднага "шопінгу" з яго шматлікімі скідкамі і рэкламнымі акцыямі) у Еўропе будзе адзначацца ДЗЕНЬ БЕЗ ПАКУПАК. Гэта спроба прыцягнуць увагу грамадства да распаўсюджанай у свеце мадэлі спажывання: купляць больш, чым трэба, пад уздзеяннем імпульсу, а затым адпраўляць свае пакупкі ў сметніцу.
— Ідучы у магазін, майце пры сабе сваю ўласную сумку з тканіны. Не трэба кожны раз набываць новы поліэтыленавы пакет, тым больш што поліэтылен не раскладаецца ў навакольным асяроддзі. Старайцеся не выкарыстоўваць аднаразовую тару і іншыя аднаразовыя рэчы.
— Выбірайце тавары ва ўпакоўцы, якая раскладаецца у навакольным асяроддзі ці ва ўпакоўцы, якую можна перарабіць.
— Аддавайце перавагу шкляной тары замест Tеtrа Расk. Tеtrа Расk з'яўляецца шматслойнай упакоўкай, якая змяшчае пластык, алюміній і паперу. Такая ўпакоўка практычна не паддаецца перапрацоўцы ў нашых умовах.
— Аддавайце перавагу таварам, упакаваным у меншую колькасць упаковачнага матэрыялу.
— Выкарыстоўвайце шэрую туалетную паперу, якая не адбельвалася і не фарбавалася. Пры адбельванні паперы часцей за ўсё выкарыстоўваецца хлор, таксічныя спалучэнні якога ў вельмі невялікай колькасці могуць назапашвацца на валокнах паперы. Фарбавальнікі таксама могуць быць небяспечныя для здароўя.
— Пакупайце пральныя сродкі з найменшай колькасцю араматызатараў. Дадатковы "пахі" — гэта дадатковае хімічнае забруджванне паветра ў вашым жыллі сінтэтычнымі рэчывамі.