Ласёвая раніца
У лася цяпер складаны час: яго падымаюць з лёжкі загоншчыкі, за ім ідуць па следзе сабакі і адсочвае прыцэл стрэльбы. У краіне сезон паляванняў, які працягнецца да 15 снежня. Лось не баіцца ваўка, не спыняецца перад глыбокай вадой і лёгка пераносіць моцныя зімовыя маразы. Але самая вялікая небяспека для статнай і магутнай жывёлы — чалавек. Таму і шукае яна дзікія, глухія і бязлюдныя куты. Убачыць лася можна здаля, альбо засцігнуць знянацку на зялёнай атаве ў перадсвітальны, яшчэ змрочны час, калі жывёла літаральна спазнілася пакінуць месца сілкавання. Далёкасць стральбы і сучасная паляўнічая зброя даюць магчымасць "здабыць" жывёлу без вялікіх намаганняў, без добрага асвятлення, не намачыўшы нават чаравікаў. Але наблізіцца на адлегласць для фотакадра без веданняў "слабых" ласёвых бакоў амаль немагчыма. Выключныя слых, нюх і зрок робяць яго неверагодна асцярожным і недасягальным. Нават у час гону, калі ласі робяцца крыху "дурнаватымі", перахітрыць іх — складаная рэч. Калі ж хочацца зрабіць дастойны фотакадр, даводзіцца зноў і зноў праходзіць школу памылак гэтага своеасаблівага палявання. З доўгім чаканнем, падкрадваннем і нават падпаўзаннем. Так яно было і ў мінулы раз у адным з забалочаных куткоў Віцебшчыны, дзе шмат гадоў дзейнічае "тэрыторыя спакою": паляванні там забаронены.
Яшчэ звечара, у самых прыцемках, пазнаю ласіны сілуэт. Ды не адзін. На полі з атаваю пасуцца ажно сем ласёў! Уважліва разглядаю іх у бінокль: самка з ласянём-сяголеткам, крыху меншым за матулю, некалькі маладых самцоў з вілкамі яшчэ нецікавых рагоў. А вось і "мужык" з "лапатамі"! Але трымаецца ён асобна, ля самага лесу: відаць, найбольш асцярожны і нават пад покрывам цемры не рызыкуе высоўвацца на сярэдзіну поля. Гэткай колькасці сахатых ў сваім жыцці бачыць яшчэ не даводзілася. На жаль, рабіць фотаздымкі ўжо позна, не хапае святла. І ў спадзяванні, што раніцай нарэшце пашчасціць, брыду на начлег да недалёкай адсюль скірды саломы. Крыўдна, трэці дзень палюю на ласёў, а вынік — нулявы. Не з'язджаць жа без фотатрафеяў!
А яшчэ раніцай здавалася, што ідэальнае месца для фота за кіламетр адсюль, на супрацьлеглым баку балота і лесу, дзе поле засеяна азімым рапсам. У дадатак яшчэ схаванае і за сцяною пагоркаў. У выкапанай засідцы прыйшлося адсядзець каля трох гадзін — да самай цемры, спадзеючыся, што смачная ежа выманіць жывёл з лесу яшчэ засветла. Слядоў на полі было шмат — значыць, лось трымаецца побач. Але на рапсе мне не шанцавала. Відаць па ўсім, жывёлы выходзілі на поле глыбокай ноччу і пакідалі яго задоўга да світання. Цёмны час сутак цяпер доўгі (каля шаснаццаці гадзін), і ім хапае часу добра падсілкавацца.
Раніца была ідэальная для фотаздымкаў! І па асвятленні, і па колькасці сюрпрызаў. Туман знікаў разам з цемраю, і вачам адкрываўся неверагодны малюнак: на фоне далёкай вясковай царквы пасвіўся лось. На шчасце, вецер дзьмуў у мой бок і дапамагаў доўга заставацца не "рассакрэчаным". Наблізіцца да рагача было ужо справаю тэхнікі. У моманты, калі жывёла апускала галаву паскубці траву, па-пластунску, як салдат на вайне, падпаўзаў бліжэй і бліжэй. У такіх выпадках спяшацца не трэба. Адзін недарэчны рух — і жывёла, адчуўшы штосьці няладнае, паспяшаецца ў бліжэйшыя зараснікі.
Якое непараўнальнае пачуцце: разглядаю праз аб'ектыў "буйны" ласёвы план!. Не спяшаюся націскаць на кнопку затвора — чакаю, калі ласёвыя губы пацягнуцца нарэшце да вербалозу і пачнуць яго скубці. Ружовае сонца дапамагае ўбачыць жывыя цёмна-карычневыя вочы, поўсць з зімовым падшэрсткам, светлыя шурпатыя рогі яшчэ маладога самца. Але цярпенне не бясконцае, і я пачынаю клацаць затворам. Адлегласць паміж намі 15-20 метраў. Лось імгненна пеленгуе пабочныя гукі. Паварочвае галаву, настаўляе, як лакатары, вушы і ўважліва глядзіць у мой бок. Пяць секунд мы глядзім адно на аднаго — і раптам даўганогі бягун бясследна знікае з вачэй у балотным хмызняку.
Паводле звестак, колькасць лася на тэрыторыі нашай краіны — прыблізна каля 15 тысяч галоў. У сярэднім штогод па паляўнічых ліцэнзіях адстрэльваюцца каля 2 тысяч ласёў. Хацелася б хоць раз паглядзець на іх. Яшчэ жывых.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Віцебская вобласць.