ЯК Я ЗДЫМАЛАСЯ ДЛЯ КАЛЕНДАРА
Дзённік бландзінкі
У адзін з апошніх цёплых дзён лета я гуляла па залітым сонцам скверы, грэючыся ў ласкавых промнях сонца, як прагучаў званок мабільнага. Тэлефанаваў мой знаёмы Дзіма. "Слухай, — пачаў ён здалёк, — ты ведаеш імёны якіх-небудзь беларускіх пісьменніц?" Добрае пытанне да літаратуразнаўцы, ці не так? Але, распешчаная сонейкам, я не стала іранізаваць. Пачуўшы мой станоўчы адказ, Дзіма выказаў прапанову — дапамагчы яго сябрам зрабіць календар беларускіх пісьменніц. І вось ужо праз некалькі гадзін я сяджу ў прыгожым офісе ў цэнтры "Сталіца".За кубкам кавы гавару з прадстаўніком агенцтва пра сваю прафесію. Ён мілы, прыгожы, разумны, адукаваны. Слухае мяне ўважліва і раптам прызнаецца, што ніколі не чуў ніводнага з названых мной пісьменніцкіх імёнаў. Спрабую пашырыць кола і называю тых, хто на слыху. Нуль! У поўным адчаі згадваю Святлану Алексіевіч. Нуль! Я пачынаю смяяцца. Не з яго — з сябе і сваёй прафесіі. Можа, у мяне і дзіўнае пачуццё гумару, але, пагадзіцеся, смешна займацца вывучэннем творчасці тых, пра каго людзі па-за багемным колам нават не чулі... Але дырэктар успрыняў гэты мой вясёлы смех як здзек. "Ведаеце, нехта ніколі не бярэ ежу рукамі... Другі не калупаецца ў вуху запалкай... А ёсць тыя, хто не чытае беларускую літаратуру... Усе розныя!" — гаворыць ён мне з дакорам.
Я ўсё гэта ведаю сама. Я штодня сустракаю людзей, якія ніколі не бралі ў рукі беларускія кнігі. І ўсё ж брацца за выданне календара з беларускімі пісьменніцамі, не ведаючы ніводнай беларускай пісьменніцы — як мінімум дзіўна!
З другога боку, гэта пацвярджае слушнасць стварэння календара: калі пісьменніц ніхто не ведае, значыць, трэба іх паказаць! Дырэктар дзеліцца думкамі: можна зрабіць графічны каляндар з лепшымі радкамі, якія будуць прадстаўляць творчае крэда. А можна зрабіць прыгожыя партрэты. Паколькі ніякай размовы пра эротыку няма, я перабіраю імёны і на поўным сур'ёзе пытаю: ці змогуць яны годна зняць, напрыклад, Раісу Баравікову ці Вольгу Іпатаву? Мяне пераконваюць, што ў кожным узросце ёсць свая прыгажосць і ў гэтым рэкламным агенцтве хапае вопыту для таго, каб зрабіць усё прыгожа і нават гламурна... Я сяджу абсалютна спакойная, нават не задумваючыся над тым, што нешта можа быць не так, сыплю імёнамі, называю кнігі, месца працы, сямейнае становішча... І раптам падчас размовы дырэктар закідвае вуды: а ты б знялася? Я смяюся — у якасці каго? "Ну, крытыка, блогера... Уяўляеш — дванаццаць пісьменніц і адзін крытык на вокладцы?" Я смяюся і развітваюся з абяцаннем скласці спісы ўсіх, каго лічу вартым.
Але скласці спісы аказалася справай не простай. Надта шмат у нас пісьменніц, якіх лічу вартымі таго, каб пра іх ведалі! Таму складаю два спісы: дванаццаць пісьменніц больш сталага веку і дванаццаць маладых. Складанне спіса ўдакладняецца новай задачай ад агенцтва — дадаць рускамоўных аўтарак. Хуценька ўпісваю імёны Вольгі Грамыкі, Тамары Лісіцкай і Наталлі Батраковай. Не чытаю масавую літаратуру, але шчыра перакананая, што яна павінна быць. Спіс не гумовы, і я, спрабуючы хоць неяк яго ўпарадкаваць, звяртаюся да сваёй калегі Людмілы Рублеўскай па дапамогу. Яна некага раіць, некаму адмаўляе, але ў рэшце рэшт спіс гатовы. Ён рабіўся амаль два тыдні, і ў ім дваццаць чатыры імені: я так і не змагла выкінуць з яго ўсіх, каго хацела, таму пераадрасавала рашэнне гэтай праблемы самому агенцтву.
Час ад часу мне звоніць усё той жа Дзіма і называе нейкія імёны — а ты ведаеш, хто гэта? Большасць я нават не чула... Аднойчы ён тэлефануе і кажа: "Думаю, нам абавязкова трэба Наталля Батракова — яе муж займаецца грузаперавозкамі..." Даволі забаўны аргумент,— здаецца мне, але гаспадар сам вырашае, што яму трэба! Праз нейкі час мяне просяць прыйсці ў студыю на вуліцу Танка, дзе, уласна кажучы, і адбываецца працоўны працэс.
У агенцтве — пад самым дахам — знаёмлюся з фатографам Валянцінам, і, седзячы ў крэсле, адказваю на пытанне — якой я сябе бачу. Шчыра прызнаюся, што не лічу сябе мадэллю і наогул баюся фотаапарата. Мне паказваюць здымкі Дыяны Балыкі, якая, як высветлілася, ужо знялася для праекта. Яе і блізка не было ў маім спісе! Але праблема была не ў гэтым. Праблема ў тым, што сярод яе здымкаў — і фота ў стылі "ню". Я панікую, але мне тлумачаць, што яна сама папрасіла пра гэта. У гэта я веру: у інтэрнэце сапраўды вельмі шмат яе здымкаў абсалютна аголенай. Зноў жа тлумачаць, што гэтыя надта адкрытыя здымкі не ўвойдуць у каляндар. Угаворы і высвятленне, што і як можа быць, доўжацца некалькі гадзін, на працягу якіх прадстаўнік агенцтва ходзіць вакол мяне з камерай і здымае з усіх бакоў. У канцы сустрэчы паказвае здымкі і кажа: глядзі, цябе трэба здымаць так і так, тут у цябе прыгожая лінія скул..." На ўгаворы выходзяць амаль усе працаўнікі агенцтва . "Ты хоць спадніцу кароткую знайдзі..." — гавораць мне на развітанне, — І думай над вобразам!"
Я і думаю. Больш за тое, мучаю ўсіх сваіх сяброў — а якой яны мяне бачаць? Але калі мне звоняць з агенцтва і запрашаюць на фотасесію, панікую і абвяшчаю сябе хворай. Школьныя хітрыкі! Смешна, але я сапраўды проста не магу сябе прымусіць ісці на здымкі! Мне жадаюць выздараўлення і ўсё адкладаецца на некалькі тыдняў... Бо я проста не адказваю на званкі мабільнага, калі бачу ўжо такі знаёмы нумар агенцтва! Аднак адной з раніц, калі я толькі прадзерла вочы, звоніць ужо не менеджар, а дырэктар, які строгім голасам кажа: "Усё, здымаешся сёння!" Варта сказаць, што дырэктар — мужчына, які ўмее гаварыць такім голасам, што ты адчуваеш: лепш не пярэчыць... "Ці ёсць у цябе кашуля-вышыванка? — у канцы размовы пытае ён. — Не, дастанем!" Праўда, здымкі адклаліся на наступную раніцу: рабіць візаж мне павінна была Дыяна Равяка, модны візажыст, якую так проста не выклічаш.
Раніцай я ў студыі з сумкай, дзе ляжаць ажно тры строі. Чорная вячэрняя сукенка, белая вязаная сукенка і аднатонная шаўковая туніка з кароткай спадніцай — мае "гламурныя строі" ў прынцыпе не вызначаюцца эратычнасцю. Пакуль мяне фарбуюць, падвозяць вышытую кашулю. Не ведаю, дзе яе знайшлі, але, мяркуючы па зялёна-жоўтай вышыўцы, беларускага ў ёй не тое што мала — зусім няма! Таму адмоўна кручу галавой, на вялікі жаль прадстаўніка агенцтва, які чамусьці вырашыў, што калі жанчына гаворыць па-беларуску, то і вобраз яе павінны быць адпаведны — як у танцоркі з эстрадна-харэаграфічнага ансамбля!
Шок у мяне наступае не ад фотасесіі, а ад візажу. Меркавалася, што я буду "натуральнай". Мяне і расфарбоўваюць адпаведна — ды так, што я сябе не пазнаю. Можа, гэта і вельмі прафесійна, і дакладна, вельмі дорага — але гэта зусім не я! Пад слоем грыму твар стаў абсалютна плоскі, скулы знікаюць, а вочы абмазалі белымі ценямі, круглымі, як у лялькі! Мне ледзь хапае сіл сказаць "дзякуй" візажысту — яна ўсё ж старалася... Глянуўшы на сябе ў люстэрка, міжволі згадваю радкі Высоцкага: "Раздали маски кроликов, слонов и алкоголиков". На мне — маска пластмасавай лялькі, і гэта жахліва!
Самі здымкі праходзяць досыць весела. У тым жа памяшканні, дзе здымаюць мяне, ходзяць нейкія людзі, носяць тэхніку, грыміруецца спявачка Света Бень... Нічога эратычнага ў самім працэсе няма. Я сяджу на крэсле, ногі ўправа — галава ўлева, галава ўлева — ногі ўправа. Жадання раздзявацца ў мяне так і не ўзнікла, ды ніхто і не патрабуе ніякай аголенасці. Пасля мне паказваюць здымкі, якія зрабілі Лісіцкай і Батраковай, і я разумею, што мы па-рознаму ўспрымаем фотасесію з элементамі эротыкі. Для мяне максімум — аголеныя плечы і міні-спадніца, для кагосьці — гэта голае цела, прыкрытае дзіцячымі цацкамі. Але здымкі Батраковай і Лісіцкай, нават пры тым, што сама б я так здымацца не стала, вельмі мілыя і прафесійныя, і, у першую чаргу таму, што яны любяць камеру. А камера любіць іх!
Праз тыдзень прашу паказаць "прэв'юшкі" — маленькія здымачкі, якія можна пераслаць па інтэрнэце. Але мне адмаўляюць. Маўляў, гэта — вялікая камерцыйная тайна! Даводзіцца самой ехаць у студыю глядзець. Там знаёмлюся з Вольгай Акуліч, імя якой мне нічога не гаворыць, але мне тлумачаць, што яна — бард... І тут бачу відэаролік, які проста выносіць мне мозг. На роліку паказаны працэс здымкаў, і ў прынцыпе ўсё выглядае амаль годна, каб не песня пра трусікі з чарапашкамі!
Насамрэч, кожны, хто знаёмы з песеннай творчасцю Светы Бень, ведае, што тэксты яе вельмі іранічныя, з выразным здзекам з мяшчанства ва ўсіх яго праявах. І раптам пакладзеныя на гэты відэарад словы песні ператварыліся ў сваю супрацьлегласць! Ніякага цырка і буфанады, а такая побытавая жаночая мара: "Я одену весёлые трусики, я хочу от тебя карапузика..." Мой стан блізкі да істэрыкі, але ўсе ў студыі глядзяць на мяне як на ідыётку — як гэта можа не падабацца? "А хто гэтыя жанчыны ў роліку?" — пытаюся я. "Пісьменніцы!" — адказваюць мне. "Ды што гэта за пісьменніцы, пра якіх я нават не чула?" "Затое яны не ламаліся, як твае, а пагадзіліся за тры хвіліны!" "Ну, калі статус пісьменніка для вас вымяраецца часам, за які ён пагаджаецца на аголеныя здымкі, то мне няма чаго сказаць!" — падводжу рысу я. "Не разумнічай!" — падводзяць рысу ў агенцтве.
Гісторыя развіваецца... Бо фотаздымкі, як высветлілася, не атрымала на рукі толькі я... Але фота іншых удзельніц праекта увесь час з'яўляюцца ў "жывых журналах" і "сацыяльных сетках" кшталту "Фэйсбука" і "Аднакласнікаў". Аднойчы я выстаўляю іх у сваім "жывым журнале". Што тут пачынаецца! Няма мяжы жаночай іроніі, калі нехта бачыць чужую выяву. Каментары такія з'едлівыя, што іх увесь час даводзіцца прымаць. Асабліва дастаецца здымкам, дзе адна пісьменніца прыкрываецца дзіцячымі цацкамі. Яе вобраз Лаліты досыць жорстка раскрытыкаваны, і нядзіўна: у прэсе яна пазіцыянуе сябе як шматдзетную маму. Пісьменніцы, якія пішуць па-беларуску, напалохаліся здымкамі, выстаўленымі ў інтэрнэт-дзённіку Лісіцкай і ў масавым парадку адмаўляюцца ад прапанаваных фотасесій.
Праз нейкі час з агенцтва тэлефануюць і просяць пагаварыць з Людмілай Рублеўскай — беларусак у праекце яўна не хапае. Паколькі мы даволі часта абмяркоўваем з ёй гэты праект, яна, з'явіўшыся ў студыі разам са мной, адразу выказвае ўсе свае прэтэнзіі, і ў першую чаргу тое, што ў календары няма беларускіх пісьменніц. Але для прадстаўніка агенцтва гэта абсалютна непрынцыповае пытанне — "я вас усіх аднолькава не ведаю, якая розніца, на якой мове вы пішаце!" Падазраю, што нават здымкі не падштурхнулі яго да чытання кніг... Але яшчэ цікавей гучыць яго любімая фраза: "Ты ўсведамляеш, што ў гісторыі літаратуры застануцца толькі тыя дванаццаць, якія цяпер здымуцца?" Ноў коментс, як той казаў...
Як ні спрабуе Рублеўская растлумачыць Сафонаву, што ён не разумее, у што ўвязваецца, ён абсалютна перакананы — ён ведае, што робіць, а мы не. Людміла сыходзіць, а я застаюся піць каву. "Угавары яе, — настойліва просяць мяне. — Бо ніхто не зразумее, што ты сама там робіш сярод рускамоўных..." Гэта слушна. Праз нейкі час перазвоньваю Рублеўскай і мы чарговы раз пракручваем усе "за" і "супраць". І тут мне пачынаюць настойліва назвоньваць з агенцтва."Яна пагадзілася?"
Мякка кажучы, стомленая гэтай доўгай і незразумелай гісторыяй і ціскам з боку агенцтва, прапаную высветліць у яе самой. "Яна не адказвае на званкі!" — "Яе права... Але я таксама больш не хачу ва ўсім гэтым удзельнічаць! У мяне ёсць тэлефон Маргарыты Аляшкевіч, таленавітай маладзенькай пісьменніцы, якая працуе сапраўднай мадэллю — заменіце мяне ёю!" На другі дзень Сафонаў тэлефануе ўдакладніць — ці не перадумала я выходзіць з календара? Пасля звоніць яшчэ раз... Але, па шчырасці, я так стамілася ад яго прафесійнага напору, што ўжо проста не магу чуць яго голас. Таму рашэнне прымаю хутка, хоць і не без шкадавання.
Неўзабаве з'язджаю ў Польшу на канферэнцыю і патроху забываю пра гэтую гісторыю. Ажно пакуль мне не перасылаюць спасылку на промаролік, які я тут жа выстаўляю ў сваім блогу. На маё здзіўленне, там аказваецца Вольга Гапеева, якую мне і ў галаву не прыходзіла прапаноўваць, бо яна паўсюль пазіцыянуе сябе як апантаную ідэйную феміністку, а феміністкі, як вядома, выступаюць супраць выкарыстоўвання жаночай эратычнасці ў рэкламных мэтах. Прапанаваць ёй зняцца ў эратычным календары было б раўназначным таму, каб прапанаваць вегетарыянцу кавалак мяса!
Але, аказваецца, перакананні лёгка мяняюцца, калі справа датычыць цябе асабіста... Здзіўляе і адсутнасць Маргарыты Аляшкевіч. Пазней мне распавядаюць, што яна пагадзілася на здымкі і нават узяла ў тэатры нейкі прыгожы строй на пракат... Але калі яна сабралася на фотасесію, высветлілася, што яе замянілі... Валярыяй Куставай. Карацей, промаролік аказваецца поўным сюрпрызаў!
Яго выхад стаў для мяне падзеяй. Не таму, што я яго чакала, а таму, што ў той жа дзень мне звоняць з "Еўрапейскага радыё" і пытаюць у лоб: "Вы будзеце на вокладцы эратычнага календара?" — "Мяне наогул не будзе ў календары, бо мне не падабаецца песенька пра трусы з чарапашкамі!" — адказваю я. Ну не будзеш жа тлумачыць усе акалічнасці гэтай справы!
І тут пачынаецца дзіўнае! У інтэрнэце з'яўляюцца матэрыялы пра каляндар, і ўсе пачынаюцца са слоў пра тое, што я адмовілася ад праекта. Як быццам бы гэтае было галоўным у календары! Мне зноў звоніць той жа Дзіма, з якога пачалася гэтая авантура. Цяпер з прэтэнзіямі — што я іх скарыстала для ўласнага піяру, што няправільна рэкламую каляндар, што дзякуючы мне інфармацыя пра яго пайшла на беларускамоўныя сайты і ў газеты, а гэта агенцтву нецікава! Яны птушкі высокага палёту! І наогул здымалі каляндар выключна для сябе, абмежаваным тыражом, каб дарыць сябрам на Новы год... Асабліва ўражвае, што замест "дзякуй" я атрымала цэлую вымову. Мне прапануюць сустрэцца і ўзгадніць, што я павінна гаварыць, бо "гэта камерцыйны прадукт, які ты не ўмееш рэкламаваць". Але паколькі ніякай дамовы паміж намі ніколі не было, то і абавязанай я сябе нікому не лічу!
... У чацвер я праходжу дэтэктар хлусні, які арганізавала для мяне адна з беларускіх газет. Сярод пытанняў ёсць і такое: "Вам крыўдна, што вас няма ў эратычным календары пісьменніц?". Я ўпэўнена адказваю:"Не!", але дэтэктар адзначае мае сумневы.
Я сапраўды хацела быць у календары, але гэта павінен быў быць зусім іншы каляндар! З іншымі імёнамі, з іншай эстэтыкай... Каляндар, за які б мне не было сорамна. Спадзяюся, я яшчэ паспею ў ім зняцца.Ганна КІСЛІЦЫНА.