Маладыя задаволеныя жыццём і глядзяць у будучыню з аптымізмам
Толькі факты
Абсалютная большасць беларускай моладзі — 85 працэнтаў — у той ці іншай ступені задаволеная сваім жыццём. Такія вынікі маніторынгу, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у верасні.
Калі параўнаць гэтыя звесткі з вынікамі аналагічных апытанняў, праведзеных ІАЦ у лютым 2009 года і лютым 2010 года, то можна зрабіць выснову пра павышэнне ўзроўню сацыяльнай адаптацыі беларускай моладзі. Так, за паўтара года на 9% павялічылася колькасць рэспандэнтаў, задаволеных сваім жыццём, і адпаведна зменшылася колькасць незадаволеных (на 8,5 працэнта).
Каля паловы маладых людзей (45 працэнтаў) адзначаюць паляпшэнне свайго матэрыяльнага становішча за апошні год. Стабільнасць прыбытку адзначылі 40 працэнтаў рэспандэнтаў. З матэрыяльнымі цяжкасцямі сутыкнуліся 13,5 працэнта юнакоў і дзяўчат.Больш за палову маладых беларусаў — 57 працэнтаў — поўныя аптымізму і лічаць, што ў бліжэйшы год іх жыццё зменіцца ў лепшы бок, а каля трэці не чакаюць істотных змяненняў. Да горшага рыхтуюцца толькі 5 працэнтаў маладых беларусаў.
Пазітыўны настрой моладзі пацвярджае і яе эмацыйны стан. Большасць рэспандэнтаў (76 працэнтаў) у апошні час часцей адчуваюць станоўчыя эмоцыі: спакой, надзею, інтарэс, радасць, бадзёрасць. Стомленасць, трывога, абыякавасць, бездапаможнасць, крыўда, страх, адчай характэрныя для 24 працэнтаў апытаных. У лютым гэтага года суадносіны складалі 72 і 28 працэнтаў адпаведна.
Ул. інф.