З пачатку года ў Беларусі згвалтавалі 32 дзіцяці

Источник материала:  
12.11.2010 08:54 — Новости Общества

За 10 месяцаў 2010 года ў Беларусі 32 дзіця былі згвалтаваны, 34 — сталі ахвярамі дзеянняў сексуальнага характару, 15 — распусных дзеянняў. Такія звесткі прывёў 11 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску сакратар камісіі па справах непаўналетніх пры Савеце міністраў Андрэй Саладоўнікаў.

Сем дзяўчынак былі прызнаны ахвярамі правапарушальнікаў, якія стварылі ўмовы для прастытуцыі; чатырох непаўналетніх уцягнулі ў прастытуцыю; тры сталі ахвярамі гандлю людзьмі; дзевяць дзяцей, у тым ліку сем малалетніх (да 14 гадоў), былі ўцягнуты ў распаўсюджванне порнаматэрыялаў; трох — выкралі і пазбавілі волі.

Для параўнання Саладоўнікаў прывёў звесткі 2005 года, калі за ўвесь год былі згвалтаваны 135 дзяцей, 36 — сталі ахвярамі распусных дзеянняў, 12 — ахвярамі правапарушальнікаў, якія стварылі ўмовы для прастытуцыі.

Пры гэтым сакратар камісіі падкрэсліў: паводле звестак статыстыкі нельга меркаваць пра тое, колькі насамрэч дзяцей былі згвалтаваны або зведалі распусныя дзеянні. Часта дзеці або іх бацькі імкнуцца ўтаіць непрыемны факт. «Злачынствы сексуальнага характару з’яўляюцца латэнтнымі, таму мы бачым толькі верх айсберга», — сказаў Саладоўнікаў.

Ён адзначыў павелічэнне колькасці непаўналетніх ахвяраў злачынцаў. За 10 месяцаў гэтага года колькасць злачынстваў у дачыненні да непаўналетніх дасягнула 8.590, у той час як за ўвесь 2009 год — 6.128. У агульнай структуры пацярпелых ад правапарушэнняў дзеці склалі 9,7% (5,3% — у 2009 годзе).

Разам з тым, паводле слоў Саладоўнікава, «не варта казаць пра пагаршэнне сітуацыі ў гэтай сферы»: большасць дзяцей (6.244) прызнаны пацярпелымі ад ухілення бацькамі ад абавязкаў па ўтрыманні дзяцей. Згодна ў указам прэзідэнта «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у непаспяховых сем’ях» дзеці, бацькі якіх адмаўляюцца іх утрымліваць, прызнаюцца пацярпелымі ў выніку злачынства.

Як бы там ні было, праблема насілля над дзецьмі ў Беларусі з’яўляецца актуальнай, падкрэсліў сакратар камісіі. За 10 месяцаў 2010 года ў выніку злачынстваў загінулі 70 дзяцей, з якіх палова — да 14 гадоў (у 2009 годзе — 82); 80 дзяцей былі паранены (у 2009 годзе — 83). Ахвярамі наўмысных забойстваў сталі 16 дзяцей, у тым ліку 12 — ва ўзросце да 14 гадоў, і шэсць нованароджаных (у 2009 годзе — 11). Дзевяць дзяцей прызнаны ахвярамі катаванняў (з іх шэсць малалетніх). Шэсць дзяцей былі даведзены да самазабойства, восем — прызнаныя пакінутымі ў небяспецы, 48 — пацярпелымі ад пагрозы забойства.

Пра неабходнасць зрабіць больш жорсткім заканадаўства ў дачыненні да гвалтаўнікоў, якія нанеслі шкоду дзецям, заявіў старшыня праўлення міжнароднага грамадскага аб’яднання «Разуменне» Андрэй Маханько. «Ёсць моманты, па якіх дзейнае заканадаўства адназначна павінна быць больш жорсткім, перш за ўсё гэта тычыцца злачынстваў, звязаных з сексуальным насіллем у дачыненні да непаўналетніх», — падкрэсліў ён.

На думку Маханько, пакараннем «для тых, хто ўчыніў злачынствы палавога характару ў дачыненні да дзяцей, павінна быць пажыццёвае зняволенне з абавязковым псіхіятрычным лячэннем і хімічнай кастрацыяй». Такія прапановы, зазначыў ён, могуць выклікаць абвінавачанні ў адсутнасці гуманізму да злачынцаў, «але максімальна пакараць нягоднікаў дзяржава абавязана».


Падзяліцца навіной: 
Алена Спасюк, БелаПАН

←Белорусы меньше доверяют власти

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика