Бясшлюбнасць

Источник материала:  

Бясшлюбнасць — стан дарослых людзей, якія далі зарок (клятву) ніколі не браць шлюб. Такіх людзей у народзе звалі векавухамі і халасцякамі (бабылямі). Функцыянальна сюды адносілі людзей, якія былі ў шлюбе, але заўдавелі. Па сацыяльным статуце бясшлюбнасць у народным асяроддзі прыраўноўвалася да фізічнай смерці. Ці не таму людзей, якія прынялі манаства, у сям'і аплаквалі, нібы нябожчыка?

 У асяроддзі аднавяскоўцаў да людзей, якія не ўступілі ў шлюб, ставіліся з пэўнай доляй асуджэння, пагарды і шкадавання. Халастога чалавека не лічылі паўнавартасным, а значыць, паўнапраўным членам грамадства, не забывалі ў гутарцы падкрэсліць грамадскае асуджэнне словамі: векавуха, заседзелася ў дзеўках, стары халасцяк, "дзяцюх".

 Халастых, а значыць, бяздзетных людзей не прымалі ў кампаніі жанатых, не запрашалі выконваць вясельныя абрады, не бралі ў хросныя бацькі і да т.п. Пасля сарака гадоў нежанатым людзям, як мужчынам, так і жанчынам, даводзілася ўдзельнічаць пераважна ў пахавальных абрадах.

 На Каляды і Масленіцу халасцякам і незамужнім дзяўчатам у якасці грамадскай вымовы за тое, што яны не стварылі сям'ю, жанчыны прывязвалі да нагі драўляную калодку. Нярэдка ў хату, дзе жыла незамужняя дзяўчына ці хлопец-халасцяк, якія, на думку аднавяскоўцаў, даўным-даўно павінны былі стварыць сям'ю, маглі прывалачы велізарную калоду ці бервяно, якое ляжала пасярэдзіне хаты некалькі дзён, пакуль бацькі не дадуць "выкуп" за сваё нядбайнае дзіця. Такія меры лічыліся даволі эфектыўнымі, таму што пасля падобнага ўздзеяння некаторыя з маладых людзей спраўлялі доўгачаканыя вяселлі.

 Прычыны бясшлюбнасці звязвалі з парушэннямі рэгламентацыі і традыцыйных нормаў рытуальных паводзін: напрыклад, маладым людзям забаранялася сядзець на парозе ці штосьці перадаваць праз парог: продкі ўгневаюцца і назаўжды пакінуць жыць у адзіноце. Па той жа прычыне тым, хто не працягнуў свой род (г. зн. маладым людзям) забаранялася ўдзельнічаць у абрадах пахавання.

 Нявесце, якая выходзіла з хаты і ехала да вянца, забаранялася зачыняць дзверы бацькоўскай хаты, калі ў яе сям'і былі незамужнія сёстры і нежанатыя браты. Інакш яны не створаць сваю сям'ю, а назаўжды застануцца ў бацькоўскай хаце.

 З пакалення ў пакаленне перадавалася забарона біць венікам чалавека ці жывёлу: той, каго б'юць, стане сухім і худым, як венік, будзе пакутаваць ад каросты ці іншых скураных хвароб. Дзіця пасля ўдару венікам перастане расці, дзяўчына не выйдзе замуж, хлопец не жэніцца.

 У паўсядзённым жыцці смецце ў хаце трэба было замятаць ад далёкай сцяны да дзвярэй, са "сваёй" прасторы ў чужую. У адваротным выпадку лічылася, што дачка не выйдзе замуж, сын не жэніцца. <І>(працяг будзе.)

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Служебное и личное

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика