Рэха "валютных" войнаў

Источник материала:  

Прычыны і верагодныя наступствы сучасных "валютных" войнаў — тэма гутаркі нашага карэспандэнта з вядомым беларускім эканамістам і аналітыкам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.

 Рэха "валютных" войнаў— Леанід Фёдаравіч, такі, відаць, лёс беларусаў, што наканавана ім цярпець ад розных войнаў, як "гарачых", так і "халодных". Апошнім часам да іх далучыліся фінансава-эканамічныя. Здавалася, толькі ачунялі мы ад уздзеяння сусветнага крызісу, як у паветры запахла новай вайной — "валютнай". І зноў з-за Амерыкі, якая вырашыла надрукаваць дадаткова 600 мільярдаў долараў, разгараецца чарговы фінансавы канфлікт. Як так здарылася?

— ЗША — унікальная краіна, у якой яе нацыянальная валюта адначасова з'яўляецца і сусветнай валютай. І тое, што яна хутка выпусціць у грашовае абарачэнне 600 мільярдаў долараў, гэта значыць у першую чаргу ўмацаванне фінансавай базы краіны. У Вашынгтоне заяўляюць, што, маўляў, у ЗША гэтыя сотні мільярдаў пойдуць на ўласныя патрэбы, бо на больш-менш прыстойны выхад з крызісу ім не хапіла для ўлівання ў сваю эканоміку прыкладна гэтай сумы. Вось яны і ўключылі друкарскі станок. Хаця ў барацьбу з наступствамі крызісу амерыканцамі ўжо ўкладзена недзе паўтара трыльёна долараў! Аднак эфект быў мінімальны: беспрацоўе істотна не знізілася, чакай эканамічнае ажыўленне не наступіла. У Вашынгтоне прыйшлі да высновы: не хапіла грошай, трэба іх недзе ўзяць. Адсюль і рашэнне надрукаваць 600 мільярдаў.

— Калі гэта астранамічная па нашых уяўленнях сума будзе выкарыстана на ўнутраныя мэты, то чаму так расхваляваліся многія краіны, асабліва тыя, у каго зусім нядрэннае фінансавае становішча? Кітай, напрыклад.

— Кітайцы і расхваляваліся, і пакрыўдзіліся. У Пекіне цудоўна разумеюць, што такая вялізарная маса папяровых сотняў мільярдаў быццам бы "на ўнутраныя мэты" хутка разыдзецца па свеце і адмоўна адаб'ецца на курсе іншых цвёрдых і няцвёрдых валют да долара, ён панізіцца. Кітай свае валютныя запасы трымае менавіта ў доларах. Між іншым, зараз яны складаць каля трох трыльёнаў долараў — сума за мяжой уяўлення звычайнага чалавека. І вось гэта багацце ўжо пачынае патроху абясцэньвацца.

— Аднак дзеля справядлівасці адзначым, што кітайцы ў перамовах з амерыканцамі па курсу юаня не хацелі саступаць. У чым там справа?

— Вашынгтон доўга ўгаворваў кітайскіх таварышаў рэвальвіраваць сваю валюту ці інакш кажучы павысіць яе курс. Кітайцы не захацелі дамаўляцца, бо ім гэта было нявыгадна — яны б пачалі страчваць вялізарныя сумы ў ходзе экспарту ў тыя ж Злучаныя Штаты. Таму амерыканцы вырашылі пакараць кітайскіх таварышаў і пайшлі на штучнае паніжэнне курсу долара да юаня.

— А калі б кітайцы пагадзіліся рэвальвіраваць сваю валюту, то гэта супыніла б друкаванне 600 мільярдаў?

— Не ўпэўнены, мой адказ: 50 на 50. Але хутчэй так, чым не. Прынамсі амерыканцы не сталі б так дэманстратыўна і, я сказаў бы, паказальна ісці на абясцэньванне ўласнай валюты. Вашынгтон узяў бы паўзу і зрабіў бы гэта пазней і без "уцечкі" інфармацыі. А так у свеце ўсе адначасова даведаліся пра ўключэнне друкарскага станка.

— А як бы вы характарызавалі дзеянні Кітая на сусветных валютных рынках?

— На мой погляд, кітайскія камуністы памыліліся, калі свае золата-валютныя рэзервы вырашылі трымаць пераважна ў амерыканскіх доларах. А быў час (у 70-80-ыя гады мінулага стагоддзя), калі Кітай у гэтых мэтах выкарыстоўваў у асноўным швейцарскі франк. Але справы ў кітайскіх вытворцаў ішлі так добра, а экспартная валютная выручка расла такімі тэмпамі, што швейцарскіх франкаў у свеце стала не хапаць, а таму Кітай звярнуўся да зялёных амерыканскіх долараў. І пэўны час адчуваў сабе даволі ўпэўнена. Настолькі ўпэўнена, што не хацеў нічога чуць пра рэвальвацыю юаня. Бо гэта пагражала падзеннем экспарту, а значыць і зніжэннем аб'ёмаў вытворчасці, і, як вынік, менш стала б грошай у краіне. Карацей, кітайская эканамічная мадэль пачала б даваць трэшчыны і збоі. Хаця яны, дарэчы, ўжо назіраюцца.

— І дзе, напрыклад?

— У сацыяльнай сферы, напрыклад. Там спеюць складаныя праблемы. Зараз, як вядома, у Кітаі праходзіць перапіс насельніцтва. І можна сказаць з упэўненасцю, што адным з яе важных вынікаў стане канстатацыя факта росту ўдзельнай долі сталага насельніцтва. Яно і зразумела — апошнім часам значна павысіўся дабрабыт людзей. А дакладнай пенсійнай сістэмы ў нашым разуменні там ніколі не існавала. У асноўным дзеці павінны былі клапаціцца аб састарэлых бацьках. Дзяржава практычна не плаціла пенсіі, толькі абмежаванаму колу былых высокапастаўленых чыноўнікаў. Цяпер Кітаю, як і ўсім астатнім цывілізаваным краінам, прыйдзецца будаваць сваю пенсійную сістэму, выдаткоўваць на гэтыя сацыяльныя патрэбы велізарныя грошы. А тут вельмі недарэчы Амерыка пагражае паніжэннем долара. Ёсць прычыны Кітаю пакрыўдзіцца, бо яна зрабіла тое, ад чаго ён адмаўляўся — панізіла курс долара, ЗША фактычна рэвальвіравалі юань.

— Аднак Японія ў свой час пагадзілася пайсці на рэвальвацыю сваёй валюты. А цяпер кусае сабе локці, яе эканоміка час ад часу стагніруе. Таму зараз Японія, шэраг іншых краін імкнуцца таксама панізіць курс сваіх нацыянальных валют да долара ЗША. Гэта што, новая тэндэнцыя?

— У нечым так. Але ў японцаў тады не было так празмерна шмат амерыканскіх долараў, як у кітайцаў. Справа ў тым, што сусветны рынак, нібы дакладны барометр, рэагуе на змены ў суадносінах валют. Калі курс долара ЗША зніжаецца, то тым жа амерыканцам прасцей весці экспарт. А калі нацыянальная валюта таннее, то тады свае тавары становяцца больш канкурэнтаздольнымі. Так і кітайцы, дзякуючы нізкаму курсу юаня і таннай працоўнай сілы, паспяхова гандлююць па ўсім свеце.

— Сёння еўразона перажывае нялепшыя часы. Дастаткова прыгадаць Грэцыю, Іспанію, Венгрыю, Партугалію, але курс еўра чамусьці расце. Ці выгадна краінам еўразоны гэтае павышэнне?

— Адназначна — не. Еўра ўмацоўваецца таму, што амерыканцы паніжаюць курс долара. Больш за тое, еўрапейцы вымушаныя ісці па гэтым шляху. У выніку тавары з Еўропы становяцца даражэйшымі. А амерыканскія, напрыклад, аўтамабілі, будуць больш таннымі, як і цукар, марская рыба і г. д. Такім чынам і еўрапейцы апынуліся пад ударам.

— Можна сказаць, што наступная чарга за намі? І як увогуле пачуваецца наша нацыянальная валюта?

— Беларуская эканоміка таксама будзе рэагаваць на знешнія выклікі як і эканоміка Польшчы, Літвы, Чэхіі. Як і валюты гэтых краін, беларускі рубель, хутчэй за ўсё, будзе паўтараць траекторыю руху за доларам. Ён пачне падаць, рубель вырасце, і наадварот.

— Добра, калі так. А то ў народзе папаўзлі чуткі, што ў сувязі з павышэннем зарплаты, пенсій, іншых сацыяльных выплат пасля Новага года пачне імкліва раскручвацца інфляцыя. Самыя "дасведчаныя" нават прадракаюць рост курсу долара аж да пяці тысяч рублёў. Такое верагодна?

— Не думаю. Гэта проста недапушчальна. Хаця ў доларавым эквіваленце за 2010 год зарплата вырасце на 40 працэнтаў, што наводзіць асобных нашых суграмадзян на думку пра рэзкае павышэнні курсу долара. Тым больш свежыя ў памяці нядаўнія падзеі, калі ў выніку спланаваных маніпуляцый міжнародных фінансавых спекулянтаў, так бы мовіць, "акул" фінансавага бізнэсу, свет ахапіў крызіс і многія мільёны людзей страцілі значную частку сваіх зберажэнняў, у тым ліку і ў Беларусі. Таму ёсць глеба для панічных настрояў.

— Усе хочуць зберагчы свае грошы.

— Натуральнае жаданне, людзям трэба дапамагчы ў гэтым. Скажам, прадаваць зямлю, дзяржаўную нерухомасць, напрыклад, частку муніцыпальных будынкаў, акцыі рэнтабельных вядомых прадпрыемстваў, задзейнічаць іншыя дзяржаўныя актывы. Такімі продажамі можна "звязаць" рубель, яго маса не будзе так моцна ціснуць на ўнутраны валютны рынак.

— А якія яшчэ могуць быць эканамічныя спосабы ўмацавання нашага рубля?

— Больш прадаваць тавараў на экспарт, тады павялічыцца прыток валюты ў краіну. Для гэтага трэба пастаянна павялічваць канкурэнтаздольнасць айчыннай прадукцыі, што ў сваю чаргу цяжка зрабіць без зніжэння выдаткаў на выпуск таварнай адзінкі. Само сабой нічога не атрымаецца. Днямі я вярнуўся з Вільнюса. Там сыр каштуе прыкладна 15-16 тысяч беларускіх рублёў, каўбаса кракаўская вышэйшага гатунку — 8-9 тысяч. У нас гэтыя прадукты даражэй. Значыць, літоўцы знайшлі шляхі зніжэння выдаткаў. І нашым вытворцам трэба іх упарта шукаць.

— Гэта задачы будучага дня, а сёння блукае меркаванне, што грошы варта ўкладваць у еўра, які апошнім часам стабільна расце. Што вы думаеце пра гэта?

— Я б не раіў сур'ёзна ўспрымаць рэкамендацыі гэтых "экспертаў". Да ўсталявання надзейнай стабільнасці еўра яшчэ далёка — ён то расце, то падае. Ёсць шмат прычын, якія могуць справакаваць яго падзенне. У Еўропе па-ранейшаму нямала краін жыве не па сродках. А да добрага людзі, як вядома, хутка прывыкаюць, значна цяжэй адмаўляюцца ад ільгот, розных надбавак. Адсюль і масавыя пратэсты, забастоўкі, пікеты з мэтай прымусіць нацыянальныя ўрады адмовіцца ад рэжыму жорсткай эканоміі, аптымізацыі сацыяльных выдаткаў. Хоць урады часцей за ўсё робяць тое, што патрабуе ад іх сітуацыя. Народ гэта не заўсёды разумее, лічыць сабе падманутым. А калі краіна жыве не па сродках, то рана ці позна наступае дэвальвацыя валюты. Таму еўразона можа зрабіць непрыемныя сюрпрызы.

Я ўжо казаў на старонках "Звязды" і паўтару зноў: калі вы валодаеце вельмі значнай сумай наяўных грошай, то частку яе варта пакінуць у беларускіх рублях, астатнія грошы прапарцыянальна перавесці ў долары, еўра, юані, магчыма, у расійскія рублі. Але вашы зберажэнні павінны быць значнымі, бо інакш не трэба мітусню разводзіць.

— Дарэчы, а можна ў Беларусі зрабіць банкаўскі валютны ўклад у юанях?

— Можна, ён будзе даваць устойлівы надзейны даход.

— Вакол амерыканскага долара сёння столькі чутак і самых неверагодных прагнозаў. У сувязі з гэтым пытанне: ці застанецца ён адзінай сусветнай валютай?

— Пакуль так. Аднак трэба мець на ўвазе, што ЗША свае нацыянальныя інтарэсы ставіць сёння вышэй, чым інтарэсы астатніх краін. Таму яны будуць залежыць ад палітыкі Вашынгтона. Выйсце — увесці залаты стандарт у разліках паміж краінамі. Дарэчы, днямі з такой прапановай выступіў старшыня Міжнароднага валютнага фонду. Калі б у нас было золата ў абарачэнні, то знікла б інфляцыя. Тут лішніх грошай не надрукуеш.

— На заканчэнне скажыце, а ці ёсць ўвогуле "валютныя" войны?

— Няма. Гэтую прыгожую і кідкую назву часам вельмі жорсткім спрэчкам на валютныя тэмы прыдумалі журналісты і палітолагі.

— А мне здаецца, Леанід Фёдаравіча, што ёсць такія "войны", бо ад іх церпяць ці могуць пацярпець невінаватыя людзі.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

←Служебное и личное

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика