Марская птушка заляцела ў Беларусь з-пад Мурманска
Пад Мінскам зафіксаваны новы для краіны від птушак — паўночная олуша
Сенсацыйную навіну з загадкавай гісторыяй паведамілі рэдакцыі ў грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны". Мёртвая птушка з маскоўскім кальцом была знойдзена мясцовымі жыхарамі непадалёк ад горада Смалявічы. Птушка ляжала на тратуары каля аўтамабільнай дарогі побач з невялікай сажалкай. Візуальнае абследаванне птушкі сведчыла аб тым, што яе не падстрэлілі, а хутчэй за ўсё, яна была збітая машынай. Мясцовыя жыхары чамусьці вызначылі птушку як звычайнага бугая ці маладога баклана. Птушка яшчэ ляжала на ранейшым месцы тры дні, але потым знікла. Потым інфармацыю пра кальцо ў Беларускі цэнтр кальцавання птушак перадаў член АПБ Віталь Сахвон, якому праз знаёмых трапіла гэтае кальцо.
А ўжо праз тры тыдні з Маскоўскага цэнтра кальцавання прыйшоў адказ, што гэта паўночная олуша, якую акальцавалі птушанём 31 ліпеня 2010 года ў Мурманскай вобласці, на тэрыторыі Кандалакшскага запаведніка на востраве Харлаў.
Спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін паведаміў, што паўночная олуша з'яўляецца марской птушкай, якая па памерах большая за нашага вялікага баклана. Адна з асаблівасцяў гэтага віду — характэрны метад палявання на рыбу. Птушка з вялікай вышыні нырае на глыбіню ў некалькі метраў і хапае тлустую рыбу, якая недасягальная для іншых птушак, што кормяцца на паверхні вады.
А вось дырэктар Беларускага цэнтра кальцавання птушак Павел Пінчук лічыць, што гэтае вяртанне кальца даволі незвычайнае, бо птушку знайшлі далёка ад марскога ўзбярэжжа, дзе яна гняздуецца і мігрыруе. Часткова гэта можна патлумачыць тым, што знойдзена маладая птушка, для якіх характэрны разлёт нават да 5 тысяч кіламетраў ад месца нараджэння.
Спецыялісты АПБ разлічваюць, што яшчэ сёлета паўночная олуша можа папоўніць афіцыйны спіс птушак Беларусі. Знаходка будзе разгледжана Беларускай арнітафаўністычнай камісіяй, куды інфармацыю праз сайт Bіrdwаhсh.bу даслаў Віталь Сахвон. Раней, па знаходцы замежнага кальца, у Беларусі адзначалася палярная крычка і стэлерава гага.
Сяргей КУРКАЧ.