Рыхтуюцца прапановы аб павышэнні мінімальнай заработнай платы са студзеня 2011 года

Источник материала:  

Пра гэта паведаміў на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр ГРУШНІК.

— Міністэрства рыхтуе прапановы аб павышэнні мінімальнай заработнай платы (далей — МЗП) са студзеня 2011 года да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту (далей — МСБ), — сказаў Пётр Грушнік. — Памер МЗП са студзеня гэтага года не мяняўся да лістапада. Указам жа кіраўніка дзяржавы на лістапад—снежань 2010 года вызначана месячная МЗП у памеры Br400 тыс. У адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта, дадзеным на шостым з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, з 1 студзеня 2011 года памер МЗП павінен быць вызначаны не ніжэй за ўзровень МСБ (зараз гэты нарматыў складае Br 459,6 тыс. — Н.Д.).

Пётр Грушнік падкрэсліў, што ў параўнанні з 2005 годам памер МЗП павысіўся ў 3,1 раза.

Што тычыцца сярэдняй зарплаты па рэспубліцы, то, як нагадаў намеснік міністра эканомікі Андрэй ТУР, яна ў снежні 2010 года павінна скласці $500 у эквіваленце. Сярэдняя ж зарплата ў верасні дасягнула $430,4 і павялічылася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 27,5%. Вераснёўскі заробак у бюджэтнай сферы склаў у сярэднім $331, што на 31,8% вышэй, чым у верасні 2009 года.

Падчас свайго выступлення першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны распавёў і пра тыя меры, якія прымаюцца па скарачэнні адміністрацыйнага рэгулявання аплаты працы ў камерцыйных арганізацыях галінаў эканомікі. У прыватнасці, паводле яго слоў, з 2009 года былі перагледжаны практычна ўсе асноўныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць аплату працы. Работа праводзілася па чатырох прыярытэтных напрамках. Па-першае, гэта дыферэнцыяцыя і рэгуляванне тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў камерцыйных арганізацый. Па-другое, расшырэнне правоў наймальнікаў ва ўстанаўленні ўзроўню аплаты працы работнікаў у залежнасці ад эфектыўнасці гаспадарання і прымянення гібкіх сістэм аплаты працы. Па-трэцяе, удасканаленне ўмоў аплаты працы кіраўнікоў арганізацый. Чацвёрты напрамак — узмацненне сацыяльнай абароны работнікаў.

— Работа па лібералізацыі падыходаў у аплаце працы будзе працягвацца і ў далейшым, — заверыў Пётр Грушнік. — Гэта дазволіць сфарміраваць рынкавыя стымулы для павышэння інавацыйнай актыўнасці ўсіх суб'ектаў гаспадарання, стварыць спрыяльны клімат для прыцягнення інвестыцый у рэспубліку, спрыяць павышэнню міжнароднага рэйтынгу беларускай дзяржавы. А ў выніку гэта прывядзе да павышэння дабрабыту народа і павышэння яго працоўнай актыўнасці.

"Інвестыцыі ў мадэрнізацыю эканомікі ў бліжэйшыя пяць гадоў плануецца павялічыць у 4 разы"

Нямала ўвагі было нададзена на пасяджэнні Нацыянальнага савета і інвестыцыям. У прыватнасці, паводле слоў першага намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра СЯМАШКІ, Беларусь у 2011-2015 гадах плануе інвеставаць у эканоміку 105 трлн рублёў. Гэта ў 4 разы больш у параўнанні з мінулай пяцігодкай. А па прадпрыемствах Міністэрства прамысловасці аб'ём інвестыцый у бліжэйшыя пяць гадоў наогул, чакаецца, вырасце ў 10 разоў.

Уладзімір Сямашка адзначыў, што за пяцігодку ў Беларусі плануецца пабудаваць шэраг новых прадпрыемстваў сучаснага ўзроўню, а таксама развіваць ужо існуючыя валаўтваральныя вытворчасці.

— Трэба будаваць вялікі завод па вытворчасці чыгуннага ліцця, — адзначыў першы віцэ-прэм'ер. — Гэта неабходна беларускаму машынабудаванню. Таксама ў ліку буйных і важных праектаў павінна стаць будаўніцтва завода па вытворчасці вадкакрышталічных панеляў. Гэта, зразумела, патрабуе вялізных грошай. Абнаўленне асноўных фондаў будзе ажыццяўляцца па ўсіх галінах эканомікі. У прыватнасці, пяцігадовыя інвестыцыйныя праграмы будуць рэалізоўвацца на МАЗе, БелАЗе, МТЗ...

Наступная пяцігодка, на думку першага намесніка прэм'ер-міністра, будзе складанай для рэальнага сектара эканомікі.

— Пастаўленыя перад прамысловасцю задачы па нарошчванні вытворчасці патрабуюць накаплення абаротнага капіталу і значнага росту рэнтабельнасці вытворчасці. Без рашэння гэтых задач прадпрыемствам будзе складана займацца мадэрнізацыяй.

Акрамя таго, Уладзімір Сямашка адзначыў, што высокая закрэдытаванасць прамысловасці не спрыяе яе эфектыўнай працы.

Хто можа прэтэндаваць на акцыі "Нафтана"?

Уладзімір Сямашка не выключае, што ў Беларусі можа быць прынята рашэнне аб продажы акцый (магчыма, і кантрольнага пакета) ААТ "Нафтан" Венесуэле. Пры гэтым ён нагадаў, што ў статутным фондзе ААТ "Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод" 41,6% складае доля расійскага боку, а ў статутным фондзе ААТ "Нафтан" увесь пакет акцый належыць Беларусі.

— Венесуэльскія кампаніі дакладна так, як і іншыя краіны, могуць прэтэндаваць і стаць акцыянерамі нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі, — адзначыў першы віцэ-прэм'ер. — Усё залежыць ад таго, якія ўмовы прапануе інвестар.

Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, патэнцыйны інвестар павінен валодаць трыма неабходнымі якасцямі: сродкамі, сыравінай і ўласнымі рынкамі збыту. Больш за тое, ён павінен мець не толькі ўнутраныя рэсурсы, каб набыць пакет акцый, але і прапанаваць інвестыцыйную праграму, разлічаную як мінімум на 10 гадоў.

— Як Расія (Уладзімір Сямашка адзначыў, што расійская кампанія "Лукойл" таксама не страчвае цікавасці да актываў "Нафтана"), так і Венесуэла адпавядаюць усім гэтым патрабаванням. Таму абедзве гэтыя краіны могуць прэтэндаваць на тое, каб стаць стратэгічным інвестарам. Мы асцярожна падыходзім да акцыянавання і прыватызацыі стратэгічных прадпрыемстваў, шукаем надзейнага партнёра.

Але пакуль, як пераканаў Уладзімір Сямашка, ніякіх перамоў па продажы пакета акцый "Нафтана" ні з Венесуэлай, ні з якім іншым інвестарам не вядзецца.

Надзея ДРЫЛА.

←Служебное и личное

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика