Савіцкага пахавалі побач з Быкавым
Развітанне з Міхаілам Савіцкім прайшло ў Доме афіцэраў.
Міністр культуры Павел Латушка і віцэ-прэм"ер Уладзімір Патупчык.
Працэсія прыехала на Ўсходнія могілкі.
Развітальнае слова ад галоўнага ідэолага Мінабароны генерал-маёра Аляксандра Гуры.
Рэктар акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна (справа) і Рыгор Сітніца.
10 лістапада ў Мінску на Усходніх могілках быў пахаваны народны мастак Беларусі Міхаіл Савіцкі. Развітанне з мастаком прайшло ў Доме афіцэраў. Сярод іншых, да Дома афіцэраў прыйшлі міністр культуры Павел Латушка, намеснік старшыні Саюза мастакоў Рыгор Сітніца. Кіраваў арганізацый пахавання віцэ-прэм’ер Уладзімір Патупчык.
Франтавіка і вязня канцлагераў Міхаіла Савіцкага пахавалі з вайсковымі ўрачыстасцямі: удзел у пахаванні прымала рота ганаровай варты, развітальнае слова сказаў начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Мінабароны генерал-маёр Аляксандр Гура, труну з целам мастака апускалі долу пад гукі дзяржаўнага гімну і стрэлы.
«Сёння мы развітваемся з Міхасём Савіцкім. Але мы не развітваемся з мастаком. Бо надзеленым талентам людзям Бог даў магчымасць заставацца з жывымі і пасля смерці, дзякуючы іх творам», — прамовіў каля труны Рыгор Сітніца.
Пахавалі Міхаіла Савіцкага побач з магіламі Васіля Быкава і Уладзіміра Мулявіна.
***
Міхаіл Андрэевіч Савіцкі (нар. 18.02.1922, в. Звянячы Талачынскага раёна), народны мастак Беларусі (1972), народны мастак СССР (1983), правадзейны член АМ Расіі, акадэмік Нацыянальнай АН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1973). Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны, у 2006 г. прысвоена званне «Герой Беларусі». Кіраўнік дзяржаўнай установы культуры «Творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры».
Сямён Печанко, фота аўтара