Чаму ў вёсцы Прысушына вада была ў дэфіцыце?

Источник материала:  

У карэспандэнцкі пункт нашай газеты па Віцебскай вобласці звярнуўся жыхар вёскі Прысушына Віцебскага раёна Юрый Пятровіч Мацкевіч, сацыяльны работнік. Юрый Пятровіч — наш пастаянны чытач. Ён паскардзіўся на тое, што ўжо месяцаў пяць у вёсцы ў катэджах і жылых дамах вады няма.

— Ёсць вада толькі ў адной калонцы, ды і тая працуе з перабоямі. Больш за тое, труба, па якой з-пад зямлі вада да яе падаецца, парваная. А ў нас жа ў вёсцы ўсяго больш за дзве сотні жыхароў. Наша сям'я жыве ў катэджы на дзве сям'і. Такіх катэджаў 11, а ёсць жа яшчэ два двухпавярховыя жылыя дамы. Звярталіся нашы вяскоўцы да адказных асоб, —расказаў гэты вясковец. — Мне аднасяльчанка адказ паказвала афіцыйны, дзе гаварылася пра тое, што вада ў жніўні будзе... А вада ў жыллё ўсё не падаецца. Дапамажыце!

Патэлефанаваў да кіраўніка водаканала. Адказная асоба, — намеснік — як мне паказалася, не вельмі зразумела, чаму тэлефануе журналіст. Размову нашу я, дарэчы, запісаў на дыктафон.

Пачуў пытанні: каму чытач да гэтага тэлефанаваў, чаму ў карпункт патэлефанаваў, а не на "гарачую лінію"?... Дамовіліся ў выніку непрацяглай размовы, што намеснік патэлефануе чытачу дадому, каб разабрацца.

Ужо прабачце: ну, не ведае сельскі жыхар нумара тэлефона нейкай "гарачай лініі", а ці павінен? Чаму звярнуўся ў рэдакцыю? Ды прасцей: у прыватнасці, кантактны нумар тэлефона указаны на апошняй старонцы.

Потым я зноў выйшаў на сувязь з вёскай. Падняла трубку жонка Юрыя Пятровіча — Ірына Уладзіміраўна (яна, дарэчы, таксама сацыяльны работнік). Пацвердзіла, што вады ў кране няма, толькі калонка, што насупраць будынку пошты, працуе, але ж...

Сігнал з вёскі навеяў думкі пра тое, што, на жаль, яшчэ ёсць праблемы ў рэагаванні на звароты людзей. Тое, што не ведаюць жыхары вёскі, куды ім звяртацца ў выпадку камунальных праблем, пагадзіцеся, — недапрацоўка арганізацыі, якая адказвае за аказанне камунальных паслуг у вёсцы. Калі насамрэч у афіцыйных лістах, атрыманых раней жыхарамі, паведамлялася, што вырашаць праблему з вадой, дык чаму ж зацягнулі выкананне свайго абяцання на доўгі час?

Каб усё-такі давесці праблемнае пытанне да кіраўніцтва Віцебскага раёна, паведаміў пра сігнал з вёскі асабіста старшыні Віцебскага райвыканкама. І знайшоў разуменне. Руслан Васільевіч Фурашоў — малады і вельмі энергічны кіраўнік "вертыкалі" ўлады раёна паабяцаў асабіста разабрацца. Добра будзе, калі доўга не зацягваючы, дапамогуць людзям.

Дарэчы, успамінаецца, што і раней на праблему з вадой у Прысушына скардзіліся ў карпункт. Значыць, праблема стала хранічнай? Тады, як нагадаў Мацкевіч, звяртаўся па дапамогу ягоны сусед і было пытанне знятае. Цяпер, хочацца спадзявацца, праблема водазабеспячэння вёскі будзе вывучана больш грунтоўна і будуць прынятыя ўсе неабходныя меры.

Учора раніцай пацікавіўся ў чытачоў станам спраў. Падзякавалі за дапамогу. Вада, нарэшце, з'явілася ў кранах. Не без удзелу старшыні райвыканкама. Больш за тое, вёсцы абяцалі новую свідравіну, а таксама наладзіць водаправод — так, каб не было больш праблем.

Пытанні застаюцца адкрытымі: чаму адказныя асобы раней не спяшаліся забяспечваць вадой вёску і рэагаваць пачалі толькі пасля звароту ў СМІ?

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Ускоренная помощь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика