"Шмат званых, ды мала выбраных..."
"Усе намагаюцца кавалак чым большы адарваць. Адчыняюцца дзіцячыя дамы і зноў аддаюць няведама каму. Першы дом далі Пяткевіч бясплатна і яшчэ машыну, а дзеці падраслі і іх выгналі", — напісалі ў лісце, які даслалі ў "Звязду" з вёскі Альхоўцы Ляхавіцкага раёна. Пра прыёмныя сем'і ў гэтым раёне пісаў неаднаразова, а тут "многа дзяцей пакутуе ў раёне, але ніхто гэтага не бачыць".
Каб даведацца, чаму дамы для прыёмных сем'яў у райцэнтры раздаюцца "няведама каму", вырашыў сустрэцца з загадчыцай сектара аховы дзяцінства Святланай Галееўскай.
— Сапраўды, у Ляхавічах пабудавалі два такія дамы, але ў іх яшчэ ніхто не жыве, бо неабходна для гэтых дамоў набыць мэблю і прывесці ў парадак інтэр'ер, — паведаміла Святлана Людвігаўна.
— Хто ў гэтыя дамы можа засяліцца? Ёсць нейкі адбор?
— Пытанне звязана з выхаваннем дзяцей, яны не могуць трапіць у выпадковую сям'ю. Найперш неабходна, каб сям'я была поўнай і без праблем. Каб дзеці ў такой сям'і маглі нешта набыць для сябе, каб прыёмныя бацькі маглі навучыць дзяцей правільна ўспрымаць жыццё, каб ім прывілі бытавую культуру, навучылі нейкай справе, каб прыёмныя дзеці, пайшоўшы ў самастойнае жыццё, не адчувалі сябе ізгоямі...
— А ці ёсць ахвотныя стаць гаспадарамі такога шыкоўнага жылля?
— Удакладняю адну важную дэталь, бо тыя, хто напісаў скаргу ў вашу газету, напэўна, не ведалі яе. Жыллё гэтае з'яўляецца службовым, і пакуль сям'я даглядае дзяцей, то жыве ў доме, а потым можа іншая сям'я засяліцца. Адным словам, жыллём распараджаецца дзяржава і ніхто не можа прэтэндаваць на яго. А што датычыцца ахвотных атрымаць статус прыёмнай сям'і, каб жыць у тых дамах і выхоўваць дзяцей, то яны былі, але ж і адбор быў строгі. З кандыдатамі мы вызначыліся — спыніліся на дзвюх сем'ях. Але і тут апошняе слова за абласным аддзелам адукацыі.
З аднаго боку — прыёмная сям'я атрымлівае службовае жыллё, і гэта добра. У органаў апекі "развязаныя рукі", і калі сям'я не спраўляецца з узятымі на сябе абавязкамі па выхаванні дзяцей, то дагавор можна разарваць і заключыць яго з новай сям'ёй. А калі ж жыллё прыватнае, то з сям'і неабходна забіраць прыёмных дзяцей... З другога ж боку, у гэтым ёсць і вялікі мінус. Калі дом не мой, то і адносіны прыёмнай сям'і да жылля могуць быць абыякавымі: сёння мы тут жывём, а заўтра іншыя. А калі так, то і цвік забіваць павінна ЖКГ. Але будзем глядзець на сітуацыю аптымістычна, бо ў тых дамах будуць жыць сем'і, якія зарэкамендавалі сябе з лепшага боку.
А затым мы паехалі да Пяткевічаў, каб даведацца, каго там яны з прыёмных дзяцей выгналі? Прыкладна гадоў пяць назад я пісаў пра гэтую прыёмную сям'ю, але мінула столькі часу...
Нягледзячы на тое, што С. Галееўская сцвярджала, што ў сям'і Пяткевічаў усё нармальна і такіх працавітых сем'яў яшчэ пашукаць трэба, мы наведалі катэдж на ўскраіне райцэнтра. За пяць гадоў тут мала што змянілася і як мне падалося, нават гаспадары не пастарэлі.
Каля дома, які быццам бы Пяткевічы атрымалі ад дзяржавы, стаяў "Форд" — таксама, нібыта, падарунак.
— Мы ўзялі крэдыт, які яшчэ выплачваем, і купілі гэты дом, — патлумачыла гаспадыня Марына Пяткевіч. — Гэтаксама атрымалася і з машынай. Нам далі валютны крэдыт пад 9 працэнтаў, і мы купілі аўтамабіль. Калі ў доме 8 дзяцей, то без свайго транспарту не абысціся.
Вось і высветлілі, што дзяржава Пяткевічам выдала толькі крэдыты, а якія адносіны склаліся з дзецьмі?
Праблему стварыў Андрэй Божык, які з'явіўся ў сям'і, калі вучыўся ўжо ў восьмым класе.
— Спачатку ён быў паслухмяным хлопчыкам, але Андрэя з першага класа на канікулы забіралі ў Італію і хлопчык зразумеў, што ён не такі, як усе. А калі італьянцы пачалі падлетку падкідваць еўра, то ўпраўляць ім стала цяжка, — паведала Марына Вацлаваўна. — Чака,ў калі яго забяруць у Італію.
— У чым была праблема? Няхай бы італьянцы забралі хлопчыка да сябе, калі ён быў малы.
— А яны тлумачылі, што ў нас атрымаць адукацыю і спецыяльнасць прасцей, чым у Італіі — там неабходна плаціць вялікія грошы.
— І што, немагчыма было выправіць сітуацыю?
— Да 18 гадоў Андрэй яшчэ трымаўся, а там пачаў выпіваць і неаднойчы трапляў у міліцыю. І мне даводзілася адтуль яго забіраць. Бывала прыходзіш, а ён на мяне па-усякаму. Іншым разам людзі нават давалі параду: "А няхай ён хоць задушыцца, навошта табе нервы псаваць?" Але ж куды было дзявацца — хацелася, каб усё па-людску.
Затым Андрэй паступіў у Навагрудскі аграрны каледж па спецыяльнасці "Грамадскае і прамысловае будаўніцтва". Правучыўся адзін год, а на другім пачаў "сачкаваць", і яго выгналі за пропускі і непаспяховасць. І зноў жа з Навагрудка нам прысылалі міліцэйскія пратаколы і штрафы, бо і там трапляў у нейкія гісторыі. Пасля адлічэння Андрэй 3 месяцы абіваўся ў Баранавічах, а затым яго забралі ў Італію, з якой ён неўзабаве ўцёк назад, у Ляхавічы. Прыязджалі італьянскія прадстаўнікі і хлопца зноў адвезлі ў Італію. А нам звоняць з ваенкамата і здзіўляюцца, як гэта ён у Італіі — яму трэба ісці ў войска. Перад самым ад'ездам мы Андрэя выпісалі. Вось і ўсё выгнанне.
— А як склаўся лёс іншых дзяцей?
— Тых, якія выраслі і пайшлі вучыцца, няма чым папракнуць. Вось Надзя Пухнарэвіч вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім каледжы, і я скажу, што гэта самае дарагое дзіця. Кожны дзень тэлефануе, па суботах прыязджае... Сур'ёзная дзяўчынка, і як такому дзіцяці не радавацца і не дапамагаць?
Ігар Карповіч вучыцца ў ліцэі будаўнікоў у Баранавічах. Пазвоніць, і калі трэба нешта дапамагчы, то прыязджае. І ў нас яшчэ малых пяцёра. А калі да прыёмных дадаць траіх сваіх, то сям'я немалая.
— Не інакш, як вам зайздросцяць, калі пішуць?
— Няхай зайздросцяць. У нас усё ёсць — здароўе, на беднасць не скардзімся. Пра мяса не думаем — адчыніў халадзільнік і бяры.
— Адкуль такое багацце?
— У нас тры гектары зямлі. Сёлета трымалі 150 бройлераў, 30 індыкоў, а яшчэ качкі, перапёлкі, трусы, маем цяпліцу 12 на 3 метры, агародніна свая... А вы лепш зазірніце ў склеп нашага дома.
Гаспадар Яўген Уладзіміравіч павёў паказваць прыпасы на зіму, і я быў уражаны, бо спадзяваўся ўбачыць нейкую сотню — другую слоікаў.
— Вось ніяк рукі не даходзяць, каб парадак у падвале навесці, трэба было б паліцы зрабіць, а то старыя ад вільгаці згнілі, ды і часу няма, — апраўдваўся Я. Пяткевіч.
Убачыўшы такую колькасць трохлітровых слоікаў, я не ўстрымаўся:
— Адкуль столькі?
— Сёлета зрабіў прэс, і мы пераціснулі на сок 20 тон яблыкаў. Але ж у нас не толькі сок, вось закансерваваная садавіна і гародніна, а яшчэ грыбоў шмат закаталі....
— Дзяцей падключаеце да работы?
— А як без іх? Дапамагаюць, ніхто не лянуецца.
Вось на гэтым можна было б закончыць адказ на ліст, які падпісалі чацвёра. Калі ж у Альхоўскім сельскім Савеце пачалі правяраць па маёй просьбе, ці ёсць у вёсцы такія прозвішчы, то атрымалася блытаніна з ініцыяламі, а нехта аказаўся нябожчыкам. Праўда, у сельскім Савеце прыкладна ведаюць, хто напісаў той ліст. Але ці гэта так важна?! Галоўнае, што дзеці ў раёне не пакінутыя і іх выхаваннем займаюцца сумленныя людзі.
Адносна таго, што нехта з прыёмных дзяцей выбраў "крывую сцежку", то тут нічога надзвычайнага няма. Часта ў прыёмную сям'ю прыходзіць не малое, а ўжо падлетак са сваім характарам, і навязаць яму "вечнае і добрае" — не проста. Ды што казаць пра чужое дзіця з праблемнай сям'і, калі здараецца з родным цяжка ўправіцца? Зусім іншым было б наша жыццё, калі б усе былі разумныя і правільныя. А па жыцці — многа званых, ды мала выбраных.
Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.
Ляхавіцкі раён.