Вясельны год

Источник материала:  

Пасля 3-дзённай вясельнай імпрэзы маладыя і іх сваякі ўключаліся ў так званы вясельны год, у аснове якога ляжаў універсальны рытм народнай культуры 0 — 3 — 9 — 40 — 1 год і які патрабаваў абавязковага выканання цэлага шэрагу спецыфічных абрадавых дзеянняў.

 На 9 дзень святкаваліся "пярэзвы", "пірагі". У хату да бацькоў нявесты прыязджалі маладыя і сваты — бацькі жаніха. Бацькі нявесты імкнуліся як мага лепш сустрэць дарагіх гасцей, сям'ю, у якой будзе жыць іх "кравіначка" — дачка. Але першым чынам гэта было застолле для бацькоў маладых. Пакуль ішло само вяселле, ім трэба было ўважліва сачыць за ўсім, своечасова аказваць неабходныя паслугі прысутным гасцям. І толькі праз тыдзень яны маглі сустрэцца, сесці за адзін стол і абмеркаваць, наколькі ўдалым была святочная падзея.

 З 9-га па 40-ы дні для маладых працягваўся "мядовы месяц". Цікавая назва была дадзеная нашымі продкамі такому няпростаму перыяду ў жыцці маладых. Па-першае, мёд прыносяць вялікія працаўніцы — пчолы. Вось так і маладыя павінны былі папрацаваць, каб стварыць, выбудаваць новыя ўзаемаадносіны ў сям'і, якая жыла сваім укладам і парадкам: узаемаадносіны нявесты і свёкра, свякрухі, залвіцы, дзевера, а таксама іншых сваякоў, якія маглі быць у гэтай сям'і. І, вядома ж, самае галоўнае: у гэты перыяд зараджаліся адносіны паміж маладымі людзьмі, якія, стаўшы мужам і жонкай, павінны былі разам прайсці вялікі жыццёвы шлях. Даволі рэдка можна сустрэць чалавека, які зараз з'есць шмат мёду. Вось так і ў жыцці "салодкія" любоўныя хвіліны будуць чаргавацца з сямейнымі буднямі. Самае галоўнае — знайсці тое рацыянальнае "дазіраванне", каб "сямейнага" мёду хапіла на шматлікія гады.

 Пасля заканчэння першага вясельнага года маладая жонка павінна была падарыць сваёй радні першынца — прадаўжальніка роду.

Аксана Катовіч, Янка Крук.

←Ускоренная помощь

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика